Вызначыўшыся з усім гэтым, я пачаў разважаць пра характар майго рэфрэну. Улічваючы тое, што выкарыстанне рэфрэну ўвесь час будзе змяняцца, зразумела, што сам рэфрэн павінен быць кароткім, бо інакш узніклі б непераадольныя складанасці з частым вар'яваннем любога доўгага сказа. Здольнасць вар'яваць наўпрост залежала ад сцісласці фразы. Такім чынам, найлепшым рэфрэнам я палічыў аднаслоўны.
Наступнае пытанне датычыла таго, якім будзе гэтае слова. Спыніўшы свой выбар на рэфрэне, я ўсведамляў, што верш неабходна разбіць на строфы: кожная мусіла заканчвацца гэтым рэфрэнам. Не выклікала сумневаў тое, што такое заканчэнне дзеля сілы мусіць быць гучным і прыдатным да працяглага прамаўлення. Усе гэтыя разважанні прывялі мяне да неабходнасці ўжыць слова з доўгім «о» як самай гучнай галоснай разам з «р» як самай зручнай для вымаўлення зычнай.
Калі гучанне рэфрэну было акрэсленае, з'явілася неабходнасць выбраць слова, якое ўвасобіла б гэтае гучанне і адначасова як найлепш перадавала б меланхолію, якую я выбраў асноўнай інтанацыяй верша. З такімі ўмовамі абсалютна немагчыма было абмінуць слова nevermore [ 107 107 Больш ніколі (анг.).
]. Дый менавіта яно прыйшло ў галаву першым.
Далей было неабходна прыдумаць падставу для частага паўтарэння слова nevermore. Разважаючы над складанасцю, якая ўзнікла адразу ж, як я пачаў спрабаваць вынайсці больш-менш прыстойную прычыну пастаяннага паўтарэння, я зразумеў, што ўся складанасць палягае адзіна ў тым, што, на маю думку, пастаянна і манатонна гэтае слова павінен прамаўляць чалавек, — карацей кажучы, я зразумеў, што мне складана суаднесці гэтую манатоннасць з разумнасцю істоты, якая паўтарае адно і тое ж слова. I тады ў мяне адразу ўзнікла ідэя пра неразумнасць істоты, якая мае здольнасць гаварыць; спачатку я, натуральна, падумаў пра папугая, аднак яго тут жа выцесніў крумкач — птушка, якая мае такую самую здольнасць да гаварэння, аднак нашмат больш адпавядае абранай інтанацыі.
На той момант я ўжо даволі добра ўяўляў крумкача — птушку, што прарочыць бяду, манатонна паўтарае адно-адзінае слова nevermore пры канцы кожнай страфы верша, напісанага ў журботнай інтанацыі, аб'ёмам каля ста радкоў. Цяпер, не забываючыся ні на хвіліну пра мэту — ідэальнасць, альбо дасканаласць ва ўсіх адносінах, я запытаў сябе: «Сярод усіх сумных рэчаў якая, у адпаведнасці з усеагульным меркаваннем, будзе самай сумнай?» Смерць — вось відавочны адказ. «А калі, — працягнуў я, — гэтая самая сумная рэч будзе яшчэ і самай паэтычнай?» З таго, што я ўжо тлумачыў вышэй, вынікае зноў жа відавочны адказ: «Тады, калі яна самым непасрэдным чынам звязаная з Прыгожым; адпаведна, смерць прыгожай жанчыны, безумоўна, будзе самай паэтычнай тэмай на свеце; няма сумневаў і ў тым, што лепш за ўсё гэтую тэму можа раскрыць яе прыгнечаны горам каханы».
Цяпер мне трэба было спалучыць дзве ідэі — закаханага, што аплаквае сваю памерлую каханую, і крумкача, што пастаянна паўтарае слова nevermore, — і зрабіць гэта было неабходна, не забываючы ўвесь час па-рознаму выкарыстоўваць гэтае слова. Аднак адзіны магчымы спосаб спалучыць усё гэта — прымусіць крумкача паўтараць слова ў адказ на пытанні закаханага. I тут я ўбачыў магчымасць стварыць уражанне, на якое я разлічваў, то бок уражанне сэнсавых варыяцый. Я ўбачыў, што магу зрабіць першае пытанне, зададзенае закаханым, — першае пытанне, на якое крумкач павінен адказаць nevermore, — банальным, другое — менш банальным, трэцяе — яшчэ менш і гэтак далей — пакуль урэшце закаханы, выведзены са свайго звычайнага стану абыякавасці скрушнасцю самога слова, яго частым паўтарэннем і асэнсаваннем злавеснасці птушкі, што яго вымаўляе, не ўспамінае розныя забабоны і не пачынае апантана задаваць зусім іншыя пытанні — пытанні, адказы на якія западаюць яму ў сэрца, — задаваць іх напалову з забабоннага жаху, напалову з таго адчаю, які знаходзіць задавальненне ў самакатаванні, задаваць не таму, што ён верыць у прарочую ці д'ябальскую сілу птушкі (якая, як упэўнівае яго розум, проста паўтарае вывучаны на памяць урок), а таму, што ён адчувае вар'яцкае задавальненне, будуючы свае пытанні так, каб ад чаканага nevermore адчуць гора самае невыноснае і таму самае вытанчанае. Зразумеўшы, якія магчымасці дае ці, хутчэй, навязвае мне гэта ў працэсе пабудовы верша, я перш за ўсё засяродзіўся на кульмінацыі, ці заключным пытанні — тым, на якое nevermore будзе канчатковым адказам, тым, у адказ на якое слова nevermore зацягне ў самую глыбокую бездань гора і адчаю, якую толькі можна ўявіць.
Читать дальше