Так трываю страх і вусціш я ля мармуру, на бюсце ж —
Госць, якога не адпусціш, бо ўладарыць ён цяпер:
Беручы душу ў аблогу, кінуў цень на ўсю падлогу,
I не збавіцца ад злога ценю гібельных хімер!
І душа з палону злога, з віру гібельных хімер
Больш не вернецца, не вер!
Пераклала Ганна Янкута
Гаворачы пра паэтычны прынцып, я не прэтэндую ні на грунтоўнасць, ні на глыбіню. Разглядаючы, галоўным чынам бессістэмна, самую сутнасць таго, што мы называем паэзіяй, я перш за ўсё хачу схіліць вас да развагаў і прапаную некалькі дробных вершаў ангельскіх і амерыканскіх паэтаў, якія найбольш падыходзяць для маёй задумы або, як мне здаецца, пакідаюць найбольш пэўнае ўражанне. Гаворачы «дробныя вершы», я, безумоўна, маю на ўвазе вершы невялікага памеру. I ў пачатку дазвольце мне сказаць некалькі словаў пра адзін досыць дзіўны прынцып, які, справядліва ці не, заўсёды ўплываў на маю крытычную ацэнку верша. Я лічу, што доўгіх вершаў або паэмаў не існуе. Я сцвярджаю, што выраз «вялікі верш» — не больш чым супярэчнасць у тэрмінах.
Наўрад ці варта гаварыць, што верш мае права называцца вершам толькі тады, калі ён хвалюе, узвышаючы душу. Яго вартасць прапарцыйная гэтаму ўзвышанаму хваляванню. Аднак любое хваляванне хутка мінае: такая ўласцівасць нашых душаў. Тая ступень хвалявання, якая дазваляе вершу так называцца, не можа захоўвацца на працягу ўсяго твора вялікага аб'ёму. Максімум пасля паловы гадзіны чытання яно слабее, заціхае, ператвараецца ў нешта іншае — і тады верш, па сутнасці, перастае быць вершам.
Несумненна, многім падалося складаным прымірыць, з аднаго боку, сцверджанне крытыкаў, нібыта мілтанаўскім «Страчаным Раем» неабходна шчыра захапляцца цягам чытання ўсяго твора, і, з другога боку, абсалютную немагчымасць, чытаючы згаданую паэму, падтрымліваць у сабе патрабаваны крытыкамі ўзровень захаплення. Фактычна гэты вялікі твор можна назваць паэтычным толькі ў тым выпадку, калі, адкінуўшы найважнейшае патрабаванне да ўсіх твораў мастацтва — патрабаванне адзінства, — мы будзем разглядаць яго выключна як шэраг невялікіх вершаў. Калі ж дзеля захавання адзінства, цэласнасці ўражання ці ўздзеяння мы прачыталі б яго за адзін раз, то ў выніку нашае хваляванне ўвесь час то нарастала, то змяншалася б. Пасля сапраўды паэтычнага ўрыўку нязменна ідуць банальнасці, і ніякія прадпісанні крытыкаў не прымусяць нас імі захапляцца; аднак калі, скончыўшы паэму, мы возьмемся яе перачытваць, прапусціўшы першую кнігу (то бок адразу пачаўшы з другой), мы будзем здзіўленыя, заўважыўшы, як захапляе нас тое, што раней абурала, і як абурае тое, чым мы зусім нядаўна так захапляліся. З гэтага вынікае, што канчатковае, сумарнае, ці абсалютнае ўражанне нават ад найлепшай у свеце эпічнай паэмы роўнае нулю — і гэта бясспрэчны факт.
Што датычыць «Іліяды», то мы маем калі не зусім дакладныя, дык несумненна надзвычай важкія доказы таго, што аўтар задумаў яе як шэраг лірычных вершаў; але, дапускаючы магчымасць задумы яе як эпасу, мы можам сказаць, што яна вырасла з недасканалага разумення мастацтва. Сучасны эпас — гэта не больш чым бяздумнае і сляпое перайманне няправільна зразуметых старажытных узораў. Аднак час такіх мастацкіх анамаліяў мінуў. Калі і здаралася такое, што вельмі доўгая паэма насамрэч была папулярнай (у чым я моцна сумняюся), то відавочна, што ніякая вельмі доўгая паэма больш ніколі папулярнай не будзе.
Меркаванне пра тое, што памер паэтычнага твора, ceteris paribus [ 109 109 Пры астатніх аднолькавых умовах (лац.).
], можа быць крытэрам яго ацэнкі, сфармуляванае такім чынам, несумненна, палічаць досыць бязглуздым, аднак гэтым мы абавязаныя нашым часопісам, у тым ліку «Куотэрлі Рэв'ю». Напраўду не можа быць нічога адмысловага ў абстрактна разгледжаным памеры твора, як не можа быць нічога адмысловага ў аб'ёме тых кніг, якімі так часта захапляюцца гэтыя суворыя выданні. I калі гара аднымі сваімі памерамі і той колькасцю месца, якое яна займае ў прасторы, выклікае ў нас узвышанае і ўзрушанае пачуццё, то ніводны чалавек не будзе гэтаксама ўражаны грандыёзным памерам «Калумбіяды»*. Нават усялякія «Куотэрлі» пакуль не раілі нам захапляцца творам у такім аспекце. Часопісы ніколі не настойвалі яшчэ на тым, каб мы ацэньвалі Ламарціна* ў кубічных футах, а Полака* — у фунтах, аднак ці можам мы зразумець нейкім іншым чынам іх пастаяннае раздабарванне на тэму «вялізных высілкаў»? Калі з дапамогай «вялізных высілкаў» нейкі спадарок накрэмзае эпічную паэму, шчыра ўхвалім яго за тыя самыя высілкі (калі яны хоць чагосьці вартыя), але давайце ўстрымаемся ад пахвалаў ягонаму твору выключна з гэтых прычынаў. Можна спадзявацца, што ў будучыні дзякуючы здароваму сэнсу людзі пачнуць меркаваць пра твор мастацтва ў адпаведнасці з уражаннем, якое ён стварае, уражаннем, якое спараджае, а не зыходзячы з часу, неабходнага для дасягнення гэтага ўражання, ці колькасці «вялізных высілкаў», што спатрэбіліся, каб некага ўразіць. Справа ў тым, што стараннасць — гэта адно, а талент — зусім іншае, і ніякія «Куотэрлі» ва ўсім хрысціянскім свеце не змогуць гэтага абвергнуць. I паступова гэтае меркаванне, разам з некаторымі іншымі, прапанаванымі мной, будзе прынятае як відавочнае. Аднак пакуль іх адмаўляюць як памылковыя — што ніякім чынам не перашкаджае іх правільнасці.
Читать дальше