З той пары крумкач закляты, з бюста бледнага Палады
Не злятаючы ніколі, прымасціўся насупор,
Ён вачыма патарочы соннымі за мною сочыць
I пад лямпай цень свой змрочны на падлозе распасцёр,
I душой я з таго ценю нізашто цяпер да зор
Не ўзлячу, о nevermore!
напісана ў канцы 1844
Пераклаў Алег Мінкін
Неяк поўначчу панылай я сядзеў, як над магілай,
Над пісьмёнамі, расклаўшы старажытны стос папер.
Раптам ціхі стук у дзверы мае змрочнае кватэры
Разагнаў усе хімеры. «Мабыць, нейкі візітэр, —
Я падумаў, — не хвалюйся, проста позні візітэр
Ля дзвярэй тваіх, павер».
Тая снежаньская замець назаўжды запала ў памяць.
Цень на сценах, і не сцяміць — прывід? таямнічы звер?
I няма палёгкі ў горы — вечным смутку па Леноры,
Што цяпер зіхціць, як зоры, з вышыні нябесных сфер,
Але ў нашым грэшным свеце, дзе не бачна райскіх сфер,
Безназоўная цяпер.
Шоргат, шолахі і рухі, і душа ў палоне скрухі
Сочыць цені — у трымценні фіялетавых парцьер,
I кажу, пакуль у змозе, паўтараючы ў трывозе:
«Гэта проста на парозе нейкі позні візітэр,
Проста грукаецца ў дзверы і чакае візітэр,
Так, душа мая, павер!»
I, пагнаўшы прэч апаску, па гасцінным абавязку
Я прамовіў: «Калі ласка! Выбачайце мне, о сэр
Або лэдзі! Я, нябога, стуку не пачуў слабога...»
Адчыніў, а там — нікога, нібы змрок усё пажэр.
Дзверы адчыніў — нікога, нібы змрок усё пажэр.
Змрок, што на душы цяпер.
Я глядзеў у твар цямрэчы й бачыў там такія рэчы,
Нібы просячы сустрэчы ў найгарчэйшае з хімер.
Ды ні гуку і ні зыку, быццам Бог забраў музыку,
Кінуўшы, нібы ў пазыку, тры галосныя ў этэр —
Рэха імені Ленора, што прамовіў я ў этэр,
Мне пакінуў напавер.
Я вярнуўся да чытання, ды спакойным быць не ў стане,
Раптам тое ж грукатанне, ды мацнейшае цяпер:
«Хто не можа ўгаманіцца, б'ецца проста ў аканіцу?
Разгадаем таямніцу й госця дзіўнага намер.
Гэта вецер б'ецца ў шыбу на паўночны свой манер,
Вецер снежаньскі, павер!»
Не паспела аканіца як належыць адчыніцца,
Увайшоў Крумкач паважны, бы мінулага жаўнер,
Старадаўні князь пярнаты крочыў у мае пенаты,
Як усе арыстакраты, не пазбаўлены манер,
Зграбна сеў на бюст Палады, не губляючы манер,
Як глядач — у свой партэр.
Вось дзівосы ў мой закутак! I на хвілю сціх мой смутак,
I спытаўся я: «Чаму так абадраны твой каўнер?
Кіпці ворагаў пасеклі? (Тых, што ўрэшце ў жаху ўцеклі?)
Як цябе завуць у пекле, дасканалы грэнадэр?
Як цябе Плутон у пекле называе, грэнадэр?»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
Я застыў у захапленні ад птушынага маўлення,
Хай крылаты мой аратар быў далёка не Гамэр,
Ды не кожны дзень у госці птах заходзіць да кагосьці,
Хай не першай маладосці, але важны кавалер!
Не заўжды на белы мармур сядзе чорны кавалер
З рэдкім іменем «Невер»!
Госць жа, з выглядам суровым, не азваўся больш ні словам,
Бы зрабіцца мармуровым і напраўду меў намер,
У нямоце занурыўся — і самоце я скарыўся:
«Зранку, як мае сябры ўсе, знікне й гэты візітэр,
Як усе мае надзеі, знікне й гэты візітэр!»
Паўтарыў Крумкач: «Не вер!»
Адказаў ён так дарэчна, што прамовіў я сардэчна:
«Гаспадар яго, бясспрэчна, быў пакутнік і блюзнер!
Быў іх лёс настолькі дрэнным, што ліліся скаргі трэнам,
I зрабіліся рэфрэнам боль і роспачы надмер,
Кожны дзень гучалі ў скаргах боль і роспачы надмер:
«Больш не вер! не вер! не вер!»
Хваляванне больш не трэсла, хоць надзея не ўваскрэсла.
Я бліжэй пасунуў крэсла, нібы крочыў за бар'ер
Немагчымых супадзенняў, сеў — і доўга летуценіў:
«Што прынёс мне з царства ценяў гэты вусцішны кур'ер?
Што прарочыць мне злавеснай вечнай вусцішы кур'ер,
Прамаўляючы «не вер»?
Толькі змучаны спачынам, скуты страхам беспрычынным,
Я сядзеў пад крумкачыным позіркам, што пёк і жэр.
Бо душа ўсё памятае: тут раней сядзела тая,
Што цяпер не завітае з вышыні нябесных сфер,
Не прысядзе, завітаўшы з вышыні нябесных сфер,
Тут каханая, не вер!
Раптам у салодкім дыме пахі робяцца густымі,
Цені робяцца святымі і сыходзяць са шпалер...
Я сказаў: «У падарунак шле мне Госпад паратунак,
Забыцця гаючы трунак — мне, што звыш усякіх мер
Пра нябесную Ленору памятае дацяпер!»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
«Будзь ты д'яблам ці прарокам, ці з'явіўся ненарокам,
Ды катуеш сэрца змрокам, быццам тысячы сякер!
Ці ў тваёй, крумкач, уладзе загаіць душы бязладдзе,
Ці мне лекі ў Галаадзе дасць твой сябра Люцыфер?
Ці бальзам у Галаадзе дасць мне чорны Люцыфер?»
Адказаў Крумкач: «Не вер!»
Читать дальше