Неакрэслены, трывожны шолах штор, іх зморшчкі кожнай,
Нейкім жахам прыварожным да сябе прыкуў мой слых,
I стаяў я, спалатнелы, паўтараючы нясмела:
«Гэта нейкі госць спазнелы там, каля дзвярэй маіх,
Гэта нейкі госць спазнелы прыпыніўся каля іх,
Там, каля дзвярэй маіх».
I сябе пераканаўшы, што там госць, і страх суняўшы,
«Сэр, — я мовіў, — або лэдзі, выбачайце, што на міг
Я заснуў і вас, як брата, не пусціў адразу ў хату,
Дый пастукаліся надта ціха вы ў дзвярох маіх», —
Дзверы я штурхнуў... нікога, толькі цемра каля іх,
Там, каля дзвярэй маіх.
Я ўзіраўся ў прадчуванні немажлівага спаткання
У ахутаны маўчаннем і цямрэчаю прастор,
Ды пачуў у непрабуднай цішы толькі водгук скрутны,
Толькі водгук ледзьве чутны слова ціхага «Лінор?» —
Гэта я шапнуў і цемра прашаптала мне: «Лінор?»,
Прашаптала, як дакор.
I, гаруючы ад страты, я вярнуўся ў жальбе ў хату,
Як знячэўку стук зацяты зноў пачуўся і аціх.
«Так, — я мовіў, — мне не сніцца: стукнуў нехта ў аканіцу,
Трэба вызнаць таямніцу незвычайных стукаў тых.
Гэта вецер — вось разгадка таямнічых стукаў тых,
Вецер ля вакон маіх».
Ды калі акно шырока разнасцежыў я — са змроку
У пакой крумкач звячэлы, быццам прывід дзён сівых,
Увайшоў хадою цвёрдай і пратупаў з пыхай лорда
Ля мяне ў паставе гордай проста да дзвярэй маіх,
I на бюст Палады ўзбіўся там, каля дзвярэй маіх,
Сеў панура і заціх.
Чапурыстасць і паважнасць чорнай птушкі нехлямяжнай
Змусілі мяне ўсміхнуцца цераз сум: «Хоць і абдзёр
У сутычцы нейкі вораг на тваёй макушцы пёры,
Ты не страціў смелы нораў, змрочны дух начных пячор,
Як Плутон цябе мянуе ў нетрах тых начных пячор?»
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
Хоць адказ начнога птаха на душу мне ўпаў, як плаха,
Быў бы дзень — не меў бы страху, а цяпер — які выбор,
Калі ноч і бездарожжа, калі, быццам дух варожы,
Уваходзіць крук нягожы і сядае насупор
На скульптурны ўзгруд Палады, над дзвярыма, насупор,
Крук з мянушкай Nevermore.
А тым часам крук пануры знерухомеў на скульптуры,
Бы душу ўсю ўклаў у слова страшнае, як прыгавор.
«Як сябры мае, — ледзь чутна я шапнуў,—
крумкач прыблудны
Знікне заўтра ў каламутным цемрыве начных пячор,
Як мае надзеі, знікне ў цемрыве начных пячор».
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
Напалоханы адказам, я ачуўся не адразу
I прамовіў: «Несумненна, слова гэтае — паўтор
Скаргі нейкага нябогі, што пад гнётам лёсу злога
Праз усю сваю дарогу паўтараў, нібы дакор,
На хаўтурах мар, да скону паўтараў, нібы дакор,
Толькі слова «Nevermore».
Так разважыўшы, з усмешкай я на крэсла сеў без спешкі
Тварам да жудлівай птушкі, спінаю да цьмяных штор,
На падушку сеў у крэсла і задумаўся над сэнсам
Слова, што прынёс злавесны, змрочны дух начных пячор.
Што паведаміць хацеў мне змрочны дух начных пячор
Гэтым словам «Nevermore»?
Так раздумваў я ў маўчанні над прароцтвам незвычайным
Птаха, што паглядам жорсткім на мяне глядзеў ва ўпор.
У святле сядзеў няісным каганца і ненаўмысна
На падушку прыхіліўся — так мяне адолеў змор.
Ах, ніколі на падушку не прыхіліцца Лінор
Ля мяне, о nevermore!
I здалося, пасмы дыму паплылі перад вачыма
I за спінай серафімы павыходзілі з-за штор.
«Хлус! — я ўсклікнуў. — Без сумнення,
дзіўнае тваё з'яўленне —
Боскі знак майго збавення ад жалобы па Лінор!
Дай мне зелля, каб забыцца, каб не помніць пра Лінор!»
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
«О вястун, — я ўсклікнуў, — птушка проста ты
ці д'яблаў служка!
Хай прыслаў цябе нячысты, хай прынёс цябе віхор
У бязрадны мой закутак, дзе пануе вечны смутак,
Ці пазбаўлюся пакутаў я ля Галаадскіх гор?
Ці знайду я панацэю там, ля Галаадскіх гор?»
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
«О вястун, — я ўсклікнуў, — птушка проста ты
ці д'яблаў служка!
Дзеля Бога, што справуе існым ад зямлі да зор,
Адкажы душы гаротнай, ці ўзляціць яна ў зіхотны
Райскі сад да несмяротнай, што завецца там Лінор?
Да святой, якой анёлы кажуць там цяпер «Лінор»»?
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
«Хай жа гэта слова стане знакам нашага расстання! —
Крыкнуў я. — Туды вяртайся, скуль прынёс цябе віхор!
I не ўздумай неўзаметку скінуць мне пяро, як сведку
Злой хлусні сваіх адведкаў, і не трэба так ва ўпор
Мне ў душу глядзець, і з бюста прэч нясі свой чорны ўбор!»
Крук пракрумкаў: «Nevermore!»
Читать дальше