напісана ў 1829
Пераклаў Максім Шчур
Навука! Ты заўжды сухой была,
Дачка былых часоў з паглядам пільным,
Раскрыеш сумных ісцін два крыла,
Як грыф, што вее холадам магільным.
Паэт цябе не любіць. Ты — лавец
Яго душы, што марыць пра блуканні,
З нябёс яго спускаеш у чысцец
I смелыя спыняеш парыванні.
Гамадрыяду гоніш ты з гаёў,
Дыяну пазбаўляеш калясніцы,
Наядаў больш не стрэць ля ручаёў —
Бяздомным, ім няма куды сяліцца.
I гоніш эльфаў з траваў, а мяне —
З-пад тамарында, дзе лунаў я ў сне.
напісанаў 1829
Пераклала Ганна Янкута
Бы ў садзе, дзе ў палоне мрой
На птушак ладжу ловы, —
Злятае з вуснаў словаў рой,
Спяваюць птушкі-словы.
З нябёсаў сэрца твой пагляд
Упаў, нібы зляцела
Да мёртвых зорка ў змрочны сад,
На розум мой змярцвелы.
Твая душа — душа!.. Я сплю,
I сны мне будуць сніцца
Пра ісціну, што не куплю,
I танныя драбніцы.
напісана ў 1829
Пераклала Ганна Янкута
Рэліквія былых стагоддзяў Рыму!
Загадка, што цяперашнім часам
Пакінулі вякі багацця й моцы!
Урэшце я, схадзіўшы сто дарог,
Спазнаўшы смагу доўгай пілігрымкі
I прагу веды, што душу пячэ,
Укленчыў, ціхамірны і пакорны
У цені велічы тваёй і піў
З твае раскошы змрочнае і славы!
Прастора! Час! Узгадкі пра былое!
О ноч і спусташэнне! Цішыня!
Цяпер твае я адчуваю чары,
Мацнейшыя за веду, што адкрыў
Іўдзейскі Цар у Гефсіманскім садзе,
І таямніцы, што халдэям зоры
Ніколі не здалелі б патлумачыць.
Дзе паў герой — там падаюць калоны.
Дзе золатам блішчэў калісь арол,
Цяпер кажан вартуе цішу ночы.
Дзе з пасмамі матрон гуляўся вецер,
Цяпер дзядоўнік з ветрыкам гуляе.
Дзе на стальцы каштоўным уладар
Калісь сядзеў, цяпер у ззянні поўні
Спяшаецца ў свой мармуровы дом
Старая яшчарка развалін даўніх.
Ды пачакайце! Гэтыя аркады,
Руіны, спрэс абвітыя плюшчом,
Патрэсканыя фрызы і пілястры,
Антаблементы, гэты пыл гадоў
I камяні — усё, што нам пакінуў
Няўмольны і ўсёразбуральны час
Ад велічнага некалі калоса?
«Не ўсё, — прашэпча рэха, — не, не ўсё!
Гучаць адвеку нашыя прароцтвы,
I мудрыя пачуюць спеў руін —
Спеў Мемнана, што звернуты да сонца!
Мы валадарым розумамі тых,
Што моцныя і целам, і душою.
Мы не аслаблі, часу камяні!
Не ўся растала сіла і раскоша,
Не ўся вабнота знішчана ў вяках,
Не ўсе дзівосы, што наўкол лунаюць,
Не ўсе загадкі, што схаваны ў лёх,
Не ўсе ўспаміны, што жывуць стагоддзі,
Што аплятаюць сцены, быццам строй,
I значаць нават болей, чымсьці слава!»
напісана ў 1833
Пераклала Ганна Янкута
Лагодны вечар, прыемны час —
Нібы злачынец, сустрэну вас,
Бо сон пануе да небакраю,
А я да ранку на лютні граю.
Заснуў Элізій, аднак узнік
На хвалях мора яго двайнік,
Сямі Плеядаў у небе ззянне —
I сем сясцёр іх у акіяне.
Глядзіцца ў мора Эндыміён —
Шукае ў хвалях каханне ён.
А ў цьмяных логах і на каналах,
У жоўтым бляску лістоў апалых
Згасае сонца — і спіць у скалах.
Нябёсы, мора і ўся зямля
Паснулі ціха, і ціха я
Табе спяваю — і зор сябрына
Цябе вітае, о Адэліна.
Паслухай — песня плыве ўначы.
Гучы, о лютня! Мой спеў, гучы!
Праз сон, быць можа, кахання словы
Табе здадуцца таемнай мовай,
Бо гукі лютні, што так пяе,
Спрабуюць трапіць у сны твае,
Каб, нас сагрэўшы сваім цяплом,
Звязаць любові тугім вузлом.
напісана ў 1833
Пераклала Ганна Янкута
Улетку, восенню, зімой,
Марыя, гімн ты чула мой!
У шчасны час і ў час бяды, —
О Панна, будзь са мной заўжды!
Калі спакойна беглі дні,
Свяціла сонца ў вышыні,
Мне ззялі, каб запал не сціх,
І ты, й бязмежжа цнот тваіх.
Калі ж сягоння — пыл і тло
Усё, што ёсць і што было,
Ратуюць хай ад пустаты
Бязмежжа цнот тваіх і ты!
напісана ў 1833
Пераклала Ганна Янкута
I ў ноч, і ў раніцы глухія
Ты чула гімн мой, о Марыя!
Прыйдуць хваробы ці спакой —
Будзь, Багародзіца, са мной.
Калі ляцяць гадзіны ярка,
На небе — ані хмары шпаркай,
Душа імкнецца ў барацьбе
I да твайго, і да цябе.
Читать дальше