I ў слязах мы сказалі абое:
«Ах, няўжо духі дрэў і вады —
Духі чулыя дрэў і вады —
Каб не даць нам сустрэцца з журбою,
Не хацелі пускаць нас сюды —
Да жудлівага склепу сюды —
I наслалі сваёй варажбою
З пекла зорку грахоў і бяды —
З нетраў пекла сваёй варажбою
Зіхатлівую зорку бяды?»
напісана ў 1847
Пераклаў Алег Мінкін
Небасхіл быў халодна-змярцвелы
I зямлю засцілала імгла,
Усё вакол ахінала імгла.
Быў кастрычнік — тужлівы, знямелы,
Памяць кепска той год зберагла...
Сцежка стаў абмінала нясмела,
Затуманеным лесам вяла,
Стаў Абэр абмінала нясмела,
Уірам, лесам фантомаў, вяла.
Кіпарысы ў прысадах Тытанаў
Мы міналі, з рукою рука, —
Я й Псіхея, з рукою рука,
I бурліла ўнутры несціхана
Маё сэрца, як лавы рака,
Як нястрымнае лавы рака,
Як паток, што па схілах вулкана,
Вывяргаючы стогны, сцякаў,
Што з Яанэка — злога вулкана —
Ў каралеўстве палярным сцякаў.
Нашы словы гучалі змярцвела,
Нашы думкі заслала імгла,
Згадкі ўсе ахінула імгла.
Што кастрычнік стаіць анямелы,
Мы не ведалі: ўсё адняла
Ноч начэй — успамін адняла.
Мы забылі, што сцежка нясмела
Нас калісьці да Ўіру вяла,
Стаў Абэр абмінала нясмела,
Ўірам, лесам фантомаў, вяла.
Нам гадзіннік паведаміў зорны:
Ранак цемру бяздонную змог,
Ранак ноч састарэлую змог...
Бляск няясны, амаль ілюзорны,
Нарадзіўся на нашых вачох,
I, хрыбет асвятляючы горны,
Выплыў месяца здвоены рог —
Рог Астарты схіл высвеціў горны,
Дыямантавы здвоены рог.
Я сказаў: «Не зраўнацца Дыяне
З той, што ў небе саткала гало,
Што з уздыхаў саткала гало;
З той, хто ведае, што не завяне
Хараство, не загіне цяпло,
I якая з-за Льва ўстала ўранні,
Каб забылі мы ўсё, што было,
Ў Лету кінулі ўсё, што было.
Льва мінуўшы, у ранішнім ззянні
Устала зорка, каб гора і зло
Мы забылі ў вачэй яе ззянні,
Каб адрынулі гора і зло».
Адказала Псіхея са страхам:
«Зорцы той я не веру зусім,
Бледнай зорцы не веру зусім.
Не марудзь жа, бо скончацца крахам
Спадзяванні твае... Паляцім!»
Яе крылы пакрыліся прахам,
Патанулі у пыле сухім,
Апусціліся крылы, і прахам
Агарнулася пер'е сухім,
Стала шэрым у пыле сухім.
Я ўсміхнуўся: «Падманвае сненне,
Лепш амыемся ў гэтым святле,
Крышталёвым нябесным святле.
Хай заззяе ў прарочым трымценні
Зорка нам і Надзею спашле,
Хай Краса нам Надзею спашле!
Паглядзі, як празрыста мігценне
Асвятляе нам шляху імгле.
Павядзе за сабою мігценне,
Асвятляючы шлях у імгле,
На нябёсы надзею спашле».
Супакойваў яе не дарма я —
Яе думак суцішыўся тлум,
Думак сумных суцішыўся тлум.
Там, дзе сцежка да лесу збягае,
Склеп стаяў, лісця чутны быў шум —
Ціхі, смерцю азмрочаны шум.
Запытаў я: «Сястра дарагая,
Хто тут спіць пад густы гэты шум?»
Быў адказ: «Улялюм! Улялюм!
Тут спачыла твая Улялюм!»
І тады маё сэрца змярцвела
I заслала мой розум імгла,
Непрагляднага болю імгла,
I згадаў я кастрычнік знямелы,
Ноч, якая бы сёння была, —
Ноч начэй, калі любае цела
Паглынула магілы імгла.
Што ж за сіла мяне захацела
Звабіць зноў і сюды прывяла?
О, я ўспомніў, як сцежка нясмела
Гэтым лесам туманным вяла,
Стаў Абэр абмінула нясмела
I ў пракляты лес Ўір прывяла!
Мы з Псіхеяй усклікнулі: «Гэта
Дух спагадны ці хітры вядзьмак,
Чулы дух ці зламысны вядзьмак,
Каб схаваць гэтых пустак сакрэты,
Каб заблытаць дарогу ўсяляк,
Пераплесці сцяжыны ўсяляк,
Нам спаслаў прывід грэшнай планеты
З лімбу — душаў блукаючых знак,
Гэтай грэшнай зіхоткай планеты
З пекла — душаў блукаючых знак!»
напісана ў 1847
Пераклала Кацярына Маціеўская
Чую бомаў чысты звон,
Срэбны звон!
Колькі радасці імклівай нам цяпер прарочыць ён!
Як звіняць званочкі звонка,
I смяюцца ў цішыні Зоры тонка, тонка, тонка,
I ў нябёсах — зораў гронкі,
Крышталёвыя агні!
Мерных зыкаў пералівы —
Сагаў даўнія матывы
У іскрыстых перазвонах, што гучаць, нібыта сон,
Цераз край б'е ясны звон,
Наўздагон
Разаб'ецца — і смяецца дзёрзкі звон!
Чую я вясельны звон,
Свята звон!
Колькі светлае надзеі нам цяпер прарочыць ён!
Золата яго гучання
Адзначае ноч кахання!
I ўрачысты хваласпеў,
Шчасця поўны,
Палка ў гэты час гарэў
Для пяшчотнае галубкі, што сустрэў
Часам поўні!
Як звіняць усе званы,
Пра любоў пяюць яны,
I пра сны
Той вясны,
Што спазнаем мы адны,
Пра запал, што абудзіў
Найдзівоснае між дзіў,
Гэты найзванчэйшы звон,
Залаты, зіхоткі сон,
Запаветны той палон,
У якім, бы верш, палае і спявае светлы звон!
Читать дальше