Паважаныя калегі!
Мы зноў, як і мінулы раз, сабраліся ў жалобныя дні ўгодкаў чарнобыльскай трагедыі. Думаю, што гэты наш незагойны боль дадаткова абавязвае нас весці размову пра рэчы першаступеннай важнасці. Вядома, на з'ездзе пісьменнікаў трэба гаварыць пра літаратуру, пра творчыя набыткі апошняга часу, пра новыя цікавыя кнігі, новыя імёны. Гэта натуральна. Літаратура — наша жыццё, наш прафесійны клопат, наш адметны ад іншых спосаб рэалізацыі сваіх прыродных, з Божай ласкі, магчымасцей, кажучы высокім стылем — наш спосаб служэння Бацькаўшчыне. I кал і нешта характэрнае пра сённяшні дзень нашай л ітаратуры будзе з трыбуны з'езда сказана — то дай Божа! Гэта будзе вельмі добра.
Асабіста я мушу некалькі слоў сказаць пра нашу чалавечую і нацыянальную годнасць. Увогуле пра гэта мы гаворым шмат — і ў прэсе, і па радыё, і з блакітнага экрана. Вядома ж, і ў мастацкіх рэчах таксама. Але нярэдка гаворым з нейкім перакосам, змяшчаючы акцэнты з момантаў прыватных на агульнае, на ўсё супольнае мноства.
Іншы раз мы так абагульняем, як быццам нацыянальнай годнасці ў нас, беларусаў, няма наогул, у тым ліку — і ў нашым пісьменніцкім асяроддзі. Але ж гэта няпраўда! Ёсць яно ў нас, пачуццё ўласнай годнасці, ёсць — і самапрыніжэннем, ці, прабачце, самааплёуваннем займацца не трэба. Ва ўсякім разе, у народзе, у бальшыні нашых простых людзей, гэтага пачуцця дастаткова, — намнога больш, чым некаторыя думаюць.
Годнасці — і чалавечай, і нацыянальнай — бракуе не народу, а тым, хто яго ашу квае, хто яго абдзірае да апошняй ніткі, хто на яго страшным збядненні, на нястачах і паўгалодным існаванні, на знясіленні і хваробах ладзіць сабе раскошнае жыццё, будуе сабе белакаменныя палацы, скупляе дзяржаўную, г.зн., народную маёмасць.
Годнасці бракуе тым, хто, узурпіраваўшы ўладу, прыкладае сёння намаганні, каб пазбавіць наш народ права самастойна распараджацца сваім жыццём, сваім лёсам.
У сувязі са сказаным вельмі хацелася б, каб у гэтай зале нічый голас не сарваўся на ўзровень, што ніжэй пісьменніцкай і чал авечай годнасці, на тое прыватна-дробязнае, што нашага брата, проста кажучы, не ўпрыгожвае. Давайце пазбегнем гэтага — хоць бы перад тварам той небяспекі, аб якой я толькі што гаварыў. Той вялікай небяспекі, якая можа стаць для нашага народа вялікай бядой, — калі яе не адолець, не адхіліць агульнымі сіламі.
Сёння ўжо можна з усёй пэўнасцю сказаць, што мы паспяшаліся парадавацца таму, як лёгка нам дастаўся дзяржаўны-суверэнітэт. Так бы мовіць: перамога без бою. Па-першае, няпраўда, што лёгка. Да гэтай гістарычнай падзеі — абвяшчэння Беларусі незалежнай дзяржавай — наш народ ішоў стагоддзі і ішоў праз незлічоныя выпрабаванні, пакуты і ахвяры, і праз бітвы таксама. Па-другое, палітычная сітуацыя складваецца ў краіне такая, што ўсе цяжкасці і выпрабаванні, без якіх не здабываецца свабода, могуць нас чакаць наперадзе і ў самы блізкі час, таму што сілы супраціўлення незалежнаму становішчу Беларусі не змірыліся і прымаюць рашучыя дзеянні, каб павярнуць кола гісторыі назад. Пры гэтым дэманструецца нейкая, я сказаў бы, цынічная клаунада, калі ўсю грамаду народу прымаюць за малых някемных дзяцей.
Ну сапраўды: перадаць пад верхавенства іншай дзяржавы сваю ўласную грашовую сістэму, свой нацыянальны бюджэт, мытную сістэму, пазбавіць сваёй уласнай валюты, зрабіць свой Нацыянальны банк філіялам Нацыянальнага банка гэтай іншай дзяржавы — і пасля гэтага з усіх трыбун заяўляць, што суверэнітэт нашай рэспублікі нітрохі ад гэтых антыдзяржаўных акцый не пацерпіць і што ўсё гэта ў нацыянальных інтарэсах Беларусі!
Іншымі словамі: ідзіце добраахвотна ў няволю — там вам будзе лепш. Пры гэтым — растапчыце ўласную, толькі што прынятую Канстытуцыю. I гэта пасля таго, як нашу незалежную суверэнную дзяржаву прызнаў і прывітаў амаль увесь свет!..
Ні ў кога не павінна заставацца сумненняў, што задумана інкарпарацыя Беларусі ў склад Расійскай Федэрацыі. Калі нашы дзяржаўныя мужы адкрыта не гавораць пра гэта — пра палітычны вынік падпісання маскоўскага дагавору, — то многія расійскія палітыкі і журналісты ніякага сакрэту з гэтага не робяць і пляскаюць у ладкі, што Расія і Беларусь аб'ядноўваюцца ў адну дзяржаву — як некалі Вялікае княства і Польшча ў Рэч Паспалітую.
Ведаю, што публічныя звароты інтэлігенцыі да нашага беднага народу, у якога выматалі ўсю душу, сёння ім ужо не ўспрымаюцца, людзі страцілі да іх чуйнасць. I тым не менш, лічу, што наш з'езд павінен у гэтай палітычнай сітуацыі зрабіць адпаведны зварот да ўсёй грамадскасці рэспублікі.
Читать дальше