Гэта — з аднаго боку. Адносіны зверху. Ну а што было з другога боку — знізу? Колькі разоў на партыйным сходзе вылазіць бессаромны паклёпнік, бэсціць тваё імя, тваю добрасумленную працу — і каб хоць хто адзін у зале заступіўся! Няйначай як усім даспадобы чуць такое плявузганне агрэсіўнага хама. А апляваны слуга творчага калектыву ідзе пасля гэтага ў Савет Міністраў прасіць-кленчыць, каб дапамаглі закончыць будаўніцтва Дома творчасці, ідзе ў гарсавет выбіваць для пісьменнікаў кватэры і ўсё такое іншае. А самому яму пісаць няма калі, задумы гадамі ляжаць некранутыя.
Мяркуйце самі: з 1970 па 1980 год як навуковец-фалькларыст і літаратуразнаўца я выдаў дзевяць кніг (дарэчы, восем з іх — безганарарныя), з 1980 па 1990 — толькі адну, і тая была падрыхтавана раней. А ў фальклорным архіве дома — яшчэ па некалькі тамоў запісаў народнай творчасці, якія трэба давесці да ладу. Ад аднаго ўсведамлення, што тваё жыццё ідзе міма адпушчаных табе Богам творчых радасцей, — учарнееш. Так што, думаю, папракаць мяне за просьбу аб «адстаўцы» не трэба. Просьба была задаволена толькі па чацвёртай маёй заяве на дзесятым годзе службы.
Людзям у вочы глядзець мне не сорамна, я ўсё рабіў так, як дыктавала сумленне, жыў тымі ж клопатамі, што і да прыходу на працу ў СП. Цешу сябе думкай, што за гэты час сёе-тое для Саюза пісьменнікаў, для беларускай літаратуры і культуры, для выратавання нашае мовы зрабіць удалося. Нягледзячы на вар'яцкі рытм жыцця і пастаянныя фізічныя перагрузкі, прыняў чынны ўдзел у стварэнні Таварыства беларускай мовы і выпрацоўцы «Закона аб мовах у Беларускай ССР». Таварыства пачынае разгортваць вялікую рознабаковую дзейнасць — і гэта цяпер мой найпершы грамадскі клопат. Ну а працягваць далей працу ў Саюзе пісьменнікаў ёсць каму — нараслі, падняліся маладыя і таленавітыя людзі, поўныя сіл і натхнення. Калі яшчэ на іх не ўспадзе, як на папярэднікаў, корць самаедства — дык і зусім будзе добра. Паздароў іх Божа! І не дай ім збіцца з дарогі, якая вядзе да храма!..
Выступленне на Х з'ездзе пісьменнікаў Беларусі. 26 красавіка 1990 г.
Сёння — 4 гады чарнобыльскай трагедыі. Для нас — 4 гады новага летазлічэння. Да гэтага часу лік гадоў мы вялі ад нараджэння Хрыста — і налічылі амаль 2000. Цяпер будзе справядліва, як бачым, пачаць нам, на Беларусі, новае летазлічэнне. У тым ліку — і ў дачыненні да літаратуры, да яе гісторыі. Я паўтараю тое, што сказаў яшчэ ў кастрычніку 1986 года ў Балгарыі, у Сафіі, на міжнародным форуме пісьменнікаў «Мір — надзея планеты»: для беларускай літаратуры пачынаецца новая гістарычная эра — настолькі вялікая і страшная падзея здарылася. Гэта ўсенародная бяда прымусіла, ці павінна прымусіць, нас па-іншаму паглядзець на ўсю гісторыю Беларусі і на гісторыю беларускай літаратуры ў прыватнасці. А менавіта паглядзець на нашу гісторыю як на несупынную, непарыўную трагедыю. Калі нават пачнём не з самай глыбокай старажытнасці — першым яе страшным актам была Люблінская унія 1569 года, затым — Берасцейская унія 1596 года, затым — забарона беларускай мовы ў 1697 годзе, пасля — разгром паўстання Каліноўскага, пасля — грамадзянская вайна 1918-20 гадоў, пасля — усё тое жахлівае, што суправаджала калектывізацыю, пасля — дзікі гвалт над душой народа ў акупіраванай палякамі Беларусі, пасля — пагалоўнае вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі і наогул цвету нацыі ў рэпрэсіях 30-ых гадоў, пасля — Вялікая Айчынная вайна і жахлівая фашысцкая акупацыя Беларусі з масавым вынішчэннем насельніцтва, а праз увесь гэты час — апусташэнне і нявечанне мільёнаў душ няпраўдай, хлуснёй і страхам. І вось, нарэшце, — Чарнобыль — нешта настолькі страшэннае для лёсу нашага народа, чаго і ў самых кашмарных снах прысніць не маглі мы...
Вось чаму на ўсю нашу літаратуру трэба глядзець як на трагічную ў самой яе змястоўнай сутнасці. У якіх бы жанрах яна ні стваралася — гэта трагедыя. Такой яе і трэба ўсведамляць. Так трэба нанава напісаць і яе гісторыю — як шматвяковую трагедыю перш за ўсё. Такога яна чакае новага прачытання, такой павінна быць, на мой погляд, новая навуковая канцэпцыя. Праўдзівая, г. зн. сапраўдная беларуская літаратура — немінуча трагічная, бо глыбока трагічнаю была сама праўда нашага гістарычнага існавання.
Прыйшоў час рашуча і канчаткова адкінуць ненавуковыя, фальшывыя і вульгарызатарскія канцэпцыі гісторыі Беларусі, беларускай грамадскай думкі, беларускай культуры, распрацаваныя ў нашай Акадэміі навук і на кафедрах ВНУ пасля 1930 года, г.зн. пасля пагрому і вынішчэння сапраўдных навуковых сіл. Чым хутчэй мы гэта зробім — тым лепш, бо для вялікай работы па адраджэнню Беларусі патрэбен сур'ёзны навуковы грунт.
Читать дальше