Якое ж трэба мець сумленне і сэрца, каб дазволіць сабе такое!
Уся прычына ў тым, што для адных пытанне аб беларускай мове і культуры — пытанне іх уласнага лёсу, сэнсу жыцця, а для другіх — толькі «предмет досужих разговоров», кажучы па-руску, практыкаванне ў пустаслоўі. У гэтым і ўся розніца. Мне няма чаго баяцца, каб сказаць, што ўсё свядомае жыццё, з маладых гадоў, ува мне несціхана крычыць адзін боль — боль за нашу бяспраўную, занядбаную, адціснутую на задворкі жыцця мову. І нічога больш. Ведаю, што гэта і боль многіх маіх сяброў-паплечнікаў, бо гэты боль майго і нашага народа. Праз гэта мне заўсёды было цяжка знаходзіць агульную мову як з раўнадушнымі чыноўнікамі, так і з беспардоннымі цынікамі.
Хацеў бы ў сувязі з гэтым нагадаць пра адзін факт з нашай нядаўняй літаратурнай гісторыі. Вядома, што пасля XX з'езда КПСС некаторыя крытыкі з каманды Лукаша Бэнды хадзілі па публічных бібліятэках, бралі старыя падшыўкі газет і, па-зладзейску азіраючыся, выразалі свае артыкулы, у якіх яны выкрывалі «беларускіх нацыяналістаў», — каб не засталося слядоў іх подлай работы. Ці не прыйдзецца аднойчы і сяму-таму з нашых сучаснікаў заняцца такой жа зладзейскай справай?
Таварышы, калі нават Чарнобыль не аб'яднае нас — не вызваліць душы ад нядобрага, зласлівага, пошлага, жорсткага — дык што ж тады аб'яднае?.. Помню, у гады вайны над усімі намі вісела пагроза — жыць ці не жыць... Усе думалі пра агульную баду, як яе пераадолець, як перамагчы... Дзяліліся апошнім. Дапамагалі адзін аднаму. Цяпер — трагедыя не менш страшная.
Няўжо мы яшчэ гэтага не зразумелі?
«Звязда», сувенірны спецвыпуск, май 1990 г.
У гісторыі развіцця чалавецтва, сусветнай цывілізацыі вельмі вялікая роля належыць славянству і яго культуры. Шматлікая сям'я славянскіх народаў займае неаглядныя прасторы Еўропы і Азіі. Гэта народы старажытныя па паходжанню, пісьмовая гісторыя якіх налічвае звыш паўтары тысячы гадоў, і ў той жа час — маладыя па самапачуванню, па жыццяздольнасці, па магутнаму і нерастрачанаму творчаму патэнцыялу.
Духоўная культура славянскіх народаў, іх мастацтва, літаратуры, у сукупнасці сваёй — гэта дзівосны свет дабра, праўды і справядлівасці, спагады і міласэрнасці, гасціннасці і зычлівасці. Цяжка пераацаніць заслугі славянства ў развіцці сусветнай цывілізацыі, уклад славянскіх народаў у скарбніцу сусветнай культуры, навукі, мастацтва. Чалавецтва з удзячнасцю цаніла і цэніць гэтыя заслугі, гэты ўклад, сведчаннем чаго — незлічонае мноства знакаў удзячнасці, павагі і шанавання. Няма патрэбы ў гэтым кароткім слове спасылацца на іх, называць вялікія імёны тых, хто сваёй творчасцю, сваёй самаахвярнай духоўнай дзейнасцю так прыкметна падвысіў неба над галавой чалавецтва. Так, многа імён нагадаць я тут не змагу, але адно імя ўспомніць і назваць павінен, паколькі сённяшняе свята праходзіць на беларускай зямлі і ў юбілейны год таго, каму гэта імя належыць,— у юбілейны год найвялікшага сына гэтай зямлі і сына славянства. Імя гэта — Францыск Скарына, 500-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Значэнне і роля Скарыны як асветніка і вучонага-гуманіста, заснавальніка кнігадрукавання на Беларусі і на землях усходніх славян наогул — з цягам часу вырысоўваюцца ўсё больш яскрава і паўстаюць у вачах нашчадкаў усё больш значнымі. Ягоны жыццёвы і творчы подзвіг належыць да ліку самых маштабных здзяйсненняў у сферы агульналюдской культуры, да самых высокіх праяў інтэлектуальнай моцы і стваральнай энергіі чалавека і ў гэтым сэнсе можа быць па справядлівасці прыроўнены да таго подзвігу, якім абяссмерцілі сябе першанастаўнікі славянскай асветы, славутыя сыны балгарскага народа, браты Кірыла і Мяфодзій, даўшы славянству і многім іншым народам свету цудадзейнае кірылічнае пісьмо.
Цяжка пераацаніць ролю славянскіх народаў у барацьбе за мір і сацыяльны прагрэс, у супрацьстаянні сілам зла і цемрашальства. Успомнім Грунвальд, успомнім трагічнае поле Косава і пераможнае поле Кулікова. Успомнім гады другой сусветнай вайны, у якой на плечы славян выпаў асноўны цяжар перамогі над фашызмам і самыя вялікія ахвяры ў якой панеслі славянскія народы: рускія, беларусы, украінцы, палякі, югаславы і ўсе астатнія. І пра гэта ўдзячнае чалавецтва помніць да сённяшняга дня таксама.
Ці заўсёды на вялікім гістарычным шляху мы, славянскія народы, былі мудрымі братамі — жылі душа ў душу, ішлі плячо да пляча, узаемна разумеючы адзін аднаго і адзін другому дапамагаючы? На вялікі жаль, было і не так, было па-рознаму. Але не самі нашы народы былі вінаватыя ў гэтым, а той гістарычны час, які нараджаў нямудрых правадыроў, неразумных лідэраў... А ці дастаткова мудрасці ў нашых узаемаадносінах сёння? Ці з дастатковай павагай і шчырасцю мы адзін да другога ставімся? Ці дастаткова мы ўзаемна клапатлівыя? Як бы хацелася сказаць: так, вядома! На вялікі жаль, і тут прыходзіцца рабіць сумныя агаворкі. Як, напрыклад, можа мірыцца ўвесь славянскі свет, што ў яго на вачах сыходзілі з жыцця мовы такіх вялікіх славянскіх народаў, як украінскі і беларускі, каціліся да поўнага заняпаду іх непаўторна-самабытныя нацыянальныя культуры? Кажу пра сапраўды вялікія славянскія народы, ну а лёс мовы і культуры сербаў-лужычан або кашубаў? Хіба ўсе дужэйшыя, большыя, упэўненыя ў сваім заўтрашнім дні пабрацімы могуць сказаць, што прынялі іх лёс блізка да сэрца?
Читать дальше