Ці дастаткова — хочацца прадоўжыць пытанні — клапоцімся мы, каб скарбы духоўнай творчасці славянскіх народаў рабіліся вядомымі ўсяму вялікаму свету? А перш за ўсё, ці дастаткова мы, славянскія народы, ведаем адзін аднаго, сённяшні стан культуры, асветы, мастацтва, галоўныя клопаты, якімі кожны з нас жыве? Ці дастаткова мы дзелімся між сабой духоўнымі багаццямі? Ці не дапускаем ва ўзаемаадносінах нячуласці і несправядлівасці, прытрымліваючыся старых догмаў і міфаў? І ці не даём часам свабоду пачуццям, якія не робяць нам гонару, пачуццям нацыянальнага эгаізму, замест таго, каб кіравацца інтарэсамі, агульнымі для ўсіх нас — народаў-братоў, народаў-суседзяў?..
Як я разумею, гэтыя, перш за ўсё, клопаты і мэты меліся на ўвазе, калі гады чатыры назад у асяроддзі рускай інтэлігенцыі — літаратараў, мастакоў, навукоўцаў — нарадзілася ідэя, па-першае, штогадова праводзіць Свята славянскага пісьменства і славянскіх культур, а па-другое, стварыць адпаведны міжнародны фонд у якасці арганізацыйнага цэнтра, які будзе аб'ядноўваць і падтрымліваць намаганні ўсіх, хто шчыра жадае, каб месца і значэнне вялікай, міралюбівай і гуманнай культуры славянства на планеце яшчэ больш узрастала, каб векавечнае славянскае слова разыходзілася ўсё шырэй і шырэй, несучы мільёнам людзей праўду і святло.
Славянскае слова! Якое невымернае шчасце — валодаць ім і адначасова служыць яму! Якая радасць і асалода слухаць яго — слухаць і пераконвацца, што яно — табе роднае, што яно адгукаецца ў самых патаемных глыбінях тваёй душы, калі нават трохі і адрозніваецца ад таго, што ты ўпершыню пачуў з вуснаў маці! Менавіта пра гэта і мой даўні, прывезены колісь з Балгарыі верш, якім я і хацеў бы закончыць свой невялікі святочны роздум:
А ў Радопах суніцы завуць па-радопску «зуніцы» —
Як і ў нас, толькі першая літара трошкі званчэй.
Як і ў нас, тут вясёла бруяцца лясныя крыніцы.
І ў дзятвы, як і ў нашай, праменіцца сонца з вачэй.
Як і ў нас, тут паветра сунічным прапахла настоем.
А яшчэ — баравою, здаровай, смалістай сасной.
Як і ў нас, палавее на доспеве жыта густое
І вясёлыя жаўранкі путаюць вецер струной.
Ах, напэўна ж, усё — і зямля тут, і неба, і сонца,
І ўсе гукі лясныя, і водар, і фарбы наўсцяж —
Мне таму і здаліся сваімі, што роднае слоўца,
Беларускае слоўца я раптам пачуў у гасцях!
Ці ж не варта было ў гэты край старажытны забрацца,
Каб не толькі па сэрцах, а нават па слове адным
Распазнаць і адчуць векавечнае кроўнае брацтва,
Не адолець якога нікому, ніколі, нічым!
АД НАЦЫЯНАЛЬНАЙ СМЕРЦІ РАТУЕ ВЕРНАСЦЬ РОДНАМУ СЛОВУ
Прамова на адкрыцці Свята славянскага пісьменства і культуры. 24 мая 1990 г.
Вялікая падзея ў духоўным жыцці беларускага народа, сведкамі і ўдзельнікамі якой мы з'яўляемся, мае сваю дакладную назву: Свята славянскага пісьменства і культуры. Мы называем гэту падзею святам, хаця сёння ў Беларусі гаварыць «народ святкуе» — не вельмі выпадае, бо не ўвязваецца з клопатамі і настроямі, якія ў нашых сэрцах ужо даўно пераважаюць. Шчыра кажучы, не можа народ безаглядна святкаваць, на ўсю шырыню душы весяліцца, калі над яго лёсам навісла страшная, чорная бяда, — такая бяда, паследкі якой ніхто і прадбачыць не бярэцца. Таму і ўдзел у Свяце шаноўных і дарагіх гасцей з многіх славянскіх краін наш народ успрымае не толькі як знак павагі да яго культуры, яго духоўных набыткаў, але і як сведчанне сардэчнай спагады і нераўнадушнасці братоў-славян да яго лёсу. На маё разуменне, гэта, апрача ўсяго іншага, яшчэ і падтрымка нам у бядзе, а таксама падтрымка ў нашым змаганні супраць духоўнага Чарнобыля, супраць заняпаду нашай роднай мовы і культуры.
Зрэшты, аказанне такой падтрымкі тым, хто ў ёй мае патрэбу, заўсёды было маральным абавязкам, няпісаным законам цывілізаваных грамадстваў, і перш за ўсё — абавязкам інтэлігенцыі. Успомнім тое, што сёння асабліва прыемна ўспомніць. Адразу ж пасля заканчэння грамадзянскай вайны, калі Савецкая Беларусь рабіла першыя крокі свайго дзяржаўнага станаўлення і праблемы адраджэння нацыянальнай культуры, развіцця беларускай асветы і навукі былі праблемамі першаступеннай значнасці, да нас, у край апустошаны, зруйнаваны гадамі ліхалецця, прыехалі сотні вядомых рускіх вучоных, каб дапамагчы нашаму нацыянальнаму адраджэнню. І хачу падкрэсліць: многія з іх сталі патрыётамі нашай культуры, хутка авалодалі беларускай мовай, чыталі на ёй лекцыі і вялі ўсю навуковую і педагагічную працу.
Читать дальше