Ён паасцерагаўся, што ідзе па ходніку ў туфлях, можа натрэсці пяску, але бачачы, што яна кліча, зморшчыўся, падышоў i прысеў, стараючыся на яе не пазіраць.
— Сарокі клююць здаровыя жоўтыя антоны,— яшчэ раз заклапочана сказаў ён.— Гэта ж ніколі такога не было, каб птушкі яблыкі на дрэвах дзяўблі...
— Прыляж,— ціха прамовіла яна, пасунулася да сцяны, даючы яму болей месца ля сябе.
— Можа, пойдзем ужо на агарод,— сказаў ён,— буду падкопваць, а ты будзеш выбіраць.
— Выберам тую бульбу, нідзе яна не дзенецца,— адказала яна,— яшчэ вунь толькі пачатак верасня на дварэ. Чаму ты еў часнок?
— Вецер прахапіў,— прамовіў ён,— дык вось заклаў у нос, каб прагнаць прастуду. I з'еў пару драбкоў.
— Які ты нехарошы! Толькі сябе аднаго глядзіш...— яна прыгарнулася да яго.— Але прылашчы...
Ён як засаромеўся, што яна так гаворыць, паводзіць сябе як зусім маладая, азірнуўся, бы хто быў у хаце, а тады злёгку, каб паслухацца, не зусім ахвотна правёў далонню па яе русявых валасах.
— Як яна там, наша Ірынка? — нечакана спытала яна.
— Будзе вучыцца, як i мы некалі вучыліся, як i цяпер вучацца яе аднагодкі.
Пакуль ён гэта гаварыў, яна паспела ўжо ціха заплакаць — зажурбоціцца па дачцэ. Бязгучна плакала i адчувала, што муж гэта чуе, але не спяшаецца супакоіць, пацалаваць яе, як некалі, у маладыя гады, адразу ж супакойваў i цалаваў, а ляжыць побач моўчкі, добра ведаючы, што яна крыху пахліпае, выплача свае хуткія жаночыя слёзы i сама супакоіцца. Ёй стала балюча, што ён такі — спакойны і па-мужчынску чарстваваты.
— Не можа ж яна век быць з намі,— сказаў яшчэ ён, прамовіў зноў надта цвяроза i сухавата.— Пайшлі, бо нам з табой удваіх шмат работы.
I яна, слухаючы яго, паплакала, напраўду супакоілася, што дачцэ трэба было выязджаць адсюль, бо трэба вучыцца, думаць пра будучае, a ім во трэба застацца ўдваіх, працаваць i думаць пра ix, пра сваіх дарослых дзяцей. Яна, адчуваючы, што раптоўны жаль не зусім прайшоў, пацалавала мужа ў аброслую за дзень, калючую шчаку. Ён жа нават не варухнуўся, здаецца, нішто не захвалявала яго — што яна блізка, што ў яе крышку расшпілена блузка i з-пад яе відаць лагчынка ад яе высокіх грудзей, што вышэй каленяў агаліліся яе белаватыя роўненькія ногі.
— Дык пойдзем? — спытаў ён.
— Пойдзем,— уздыхнула яна, яшчэ толькі нядаўна хацела прашаптаць мужу: «А можа, нам i праўда асмеліцца?..» — нават прыдумала ўжо, як апраўдацца, але як толькі пачула сухаватае i настойлівае: «Дык пойдзем?» — стрымалася i не пачала гаварыць мужу пра свае патаемныя думкі, бо яшчэ збаялася, ці добра не толькі дзеці, але i ён, Анатоль, яе зразумее...
Муж падняўся i сказаў, што пойдзе падкопваць на аторку — лапінцы пры хляве — бульбу, а яна няхай зараз падыдзе з кашамі. Сказаў i, не азіраючыся, выйшаў.
Вольга Пятроўна паднялася, паправіла засцілку на канапе. Па целе прабегла нейкая прыемная стома, здаецца, прыліло цяпло да шчок. Яна падышла да люстэрка, паглядзелася i ўбачыла, што напраўду на шчоках гарыць чырванец, i адчула, што гэта не звычайны чырванец, а палымяны, малады.
Можа, муж убачыў яго i крышку раней, заўважыў i сышоў.
Яна ж, пазіраючы на сябе, думала, што зусім яшчэ не старая, даволі маладая на твары i постаццю. I тут жа ўспомніла, што ёй пра гэта — што яна маладая i прыгожая — гаварыў нядаўна адзін мужчына. Ды не пажылы чалавек, а малады хлопец, новы настаўнік.
Ён, гэты новы настаўнік, прыехаў у ix школу ў сярэдзіне жніўня. Быў здалёку, але тутэйшыя настаўніцы ўжо аднекуль ведалі, што яму трыццаць гадоў, што ён быў жанаты, развёўся, будзе плаціць аліменты за дзіця.
Гэты Станіслаў Браніслававіч здаўся спачатку зусім не настаўнікам. Здаўся па сваім адзенні. Усе мужчыны-педагогі хадзілі на працу ў строгіх — аднаго колеру штанах i пінжаку — касцюмах, у белых кашулях i пры гальштуках, а ён, новенькі, прыйшоў першага верасня ў школу ў шэрых джынсах, на якіх былі жоўтыя замкі, прышыты скураныя жоўтыя латкі з малюнкамі, шырокі з вялікаю бронзаваю папругаю пояс, быў у рыжай скураной куртцы, у расшпіленай на верхні гузік кашулі.
З усімі ён, ні кропелькі не саромеючыся, хутка пазнаёміўся, загаворваў, гэтак жа хутка пазнаёміўся i з ёю, усміхнуўся, што яна вельмі прыгожая, гаварыў i пільна, нясціпла пазіраў у вочы. I пазней стараўся ў настаўніцкай на перапынках жартаваць толькі з ёю, зусім не гледзячы, што бянтэжыцца яна i бялее на твары яе муж ад гэтага. Да яе прыйшоў страх ад яго вось гэтай смеласці ды хітрасці застацца з ёю адзін на адзін i гаварыць ёй пяшчотным голасам толькі прыемнае.
Читать дальше