Галаву тады ёй затлуміў дырэктар суседняга саўгаса. Малады, прыгожы, што лялька, ветлівы. Ён ласкава называў яе «Пятроўна, пятровачка мая», стараўся вазіць яе ўсюды на сваім «казле» адзін, без шафера. Часта заварочваў у лес, паказваў, дзе растуць чарніцы, вучыў, як шукаць баравікі, заводзіў яе ў такі гушчар, з якога i выбрацца цяжка было. Верасовых баравікоў яна так i не навучылася знаходзіць, а галава закружылася ад «чыстага ляснога водару», i неўзабаве Тышкевіч стала цяжарная...
Вось тады яна i перастала жартаваць. Дырэктар выкручваўся, не хацеў браць яе замуж, стараўся даказаць, што дзіця не ад яго, а ад Сяргея, гаварыў, што ўсе ведаюць, як яна сама хадзіла да таго ў сад. Яна плакала, пагражала, што не будзе жыць без яго... Тады ён узяў яе, хоць пажылі яны нядоўга: яна не магла выцерпець, што ён вытвараў, i сама пазней прагнала яго. Цяпер у яе быў другі муж, добры чалавек i бацька...
— Ну, як жывеш, Сяргей? — апамяталася яна.
— Я ж гаварыў — добра...— прамовіў ён.
— Ах, так! — спахапілася яна.— Ажаніўся?
— Ажаніўся.
— Хто твая жонка?
— Даяркаю тут працуе,— асмеліўся, глянуў на яе.— А вы як жывяце?
— Працую...
— Што працуеце, ведаю,— усхвалявана сказаў ён.— А як так жывяце?
— Усяляк, Сяргей,— уздыхнула яна.— Ем хлеб траякі: чорны, белы i ніякі. Ох, Сяргей, Сяргей! Што робіць маладосць ды дурная галава! Ужо i забылася...
— Так, памяць кароткая,— згадзіўся ён,— але я ўсё помню. Як вы паехалі... I я тады выбраўся адтуль, прыблукаў сюды.
— Ты тады адзін, мусіць, i шкадаваў мяне,— прамовіла яна, пацерла вочы, глянула на яго.— Дзеці маеш?
— Двое хлопцаў,— сказаў ён.— Пеця i Міша.
— Малайчына. У мяне толькі дочкі.
— Які ж я маладзец? — усміхнуўся i ён.— Каб быў удалец, то i дочак бы меў, а то сыны...
— Ты ж чуў, я развялася з тым...
— Чуў,— ён апусціў галаву, пачаў качаць па стале маленькую крошку хлеба.— У яго трэцяя ці чацвёртая ўжо... Сустрэліся летась, насміхаецца з мяне i вас. Блага, кажа, ты яблычкамі частаваў, не тыя трэба былі яблычкі... Я ледзь стрымаўся.
— Ох, Сяргей, Сяргей! Што жыццё робіць...
— Робім мы,— сказаў ён.
— Можа, i так,— згадзілася яна, падумала, што ляпнула абы-што, зусім не апраўдалася за сваё ранейшае, i ён, відаць, гэта зразумеў, але яна зноў недарэчы спыталася: — Дык добра жывеш?
— Жыць ёсць дзе, есці хапае,— сказаў ён.
Алена Пятроўна глянула ў акно i ўбачыла, як пад'ехаў самазвал, яе шафёр прычапіў трос да яго, i грузавік легка, як каляску, выцягнуў «казла». Шафёр адчыніў дзверцы i засігналіў — трэ было выходзіць.
— Ты ўжо прабач, калі можаш.
— Ды ладна. Што ўспамінаць?..— спакойна адказаў ён.— Не пара я вам быў... Каяўся толькі, што зусім сляпы быў, жартам вашым верыў...
— Не гавары так,— папрасіла яна.— Ты... Але добра, што ты шчаслівы, дзяцей маеш, з жонкаю ў ладзе жывеш. Ну, бывай! — яна падала яму руку, паціснула.
— Mo пачастую я вас чым? — спытаўся ён.
— Не, дзякую, Сярожа,— прамовіла яна, пажадала яму i сям'і здароўя, шчасця i выйшла на двор, дзе несціхана ліў дождж.
Сцепанулася ад холаду, угнула галаву і, стомленая, пастарэлая, паплялася да машыны. Па-ранейшаму стаялі пад страхою мокрыя куры, карыта было поўненькае, вада з яго цякла цераз краі, збіралася ў лужыну.
— Ну, як твой? — пачула, як гаварылі шафёры.
— У мяне яна...— адказаў яе вадзіцель.— Пайду лепш у таксісты ці на аўтобус...
«I ён...— падумала Алена Пятроўна.— I дождж гэты...» — i ўбачыла, як вуліцаю бег чарнявы хлапчук, трымаў у руцэ тонкі калок i ляскатаў ім па частаколінах, пакуль не завярнуў у Сяргееў двор. «Пецька, ці як яго...» — падумала i сказала шаферу:
— Паехалі, Віктар Андрэевіч, паехалі, браток.
Шафёр уздрыгнуў, здзіўлена глянуў на яе, нават разгубіўся: яна ніколі так, па імю i бацьку, не называла яго.
1971
Бывае такая нядоўгая, але вельмі прыкметная пара на дварэ— асенняе лета. Стаіць яно на пачатку верасня, калі яшчэ не паслабела святло, не паспела астудзіцца паветра i трымае летняе цяпло зямля. Тады некалькі дзён гэтак жа горача, як i ў чэрвені ці ў ліпені, бо няма яшчэ халодных скразнякоў i нудных дажджоў-абложнікаў. Морась — цёплы пырскуль ці ўліўны грыбасей — часта нарываецца, але яна хутка праходзіць, мякка парыць, прымушае красаваць у лесе зямлю.
Цёпла, утульна ў асенняе лета, але ўжо вока журботна заўважае жоўта-рудаватае лісце, чырвані ў якім большае з кожным днём, бачыць апусцелыя сухабелыя палі, пацукравелыя яблыкі ў садах i самотную пажаўцеласць на дварэ, якая надта відаць, наганяе незразумелы сум, калі сонца прыхаваецца за хмару i свеціць адтуль, свеціць, здаецца, ярка, але неяк па-жоўтаму самотна. Журбота i смутак прыходзяць, мусіць, ад трывогі за цяпло, зеляніну i кветкі, ад трывогі перад блізкімі халадамі i нізкімі сібернымі дажджамі.
Читать дальше