«Маладая настаўніца» прыйшла, калі канчаліся ўрокі, прывіталася i сказала:
— Святлана Міхайлаўна, ваш біёлаг.
— Прыемна,— сказаў Іван Сямёнавіч, устаў i падаў ёй руку.
Святлана Міхайлаўна паціснула руку i ўсім нам.
— Колькі мне гадзін будзе?
— З дваццаць тры набяром,— адказаў Іван Сямёнавіч.
— Малавата,— цмокнула Святлана Міхайлаўна,— але нічога, на сёлета хопіць, пакуль прывыкну. Але праз год мне на пенсію...
— На другі год нешта прыдумаем,— сказаў Іван Сямёнавіч.
— Гэта па-чалавечы,— сказала Святлана Міхайлаўна.— З заўтрашняга пачынаю працаваць. А цяпер папрашу прыняць мяне ў ваш калектыў,— i патрасла сумкай, у якой штосьці бразгала i булькала.
— I гэта па-чалавечы,— хіхікнуў Міхась Рыгоравіч, павесялеў, кінуў штосьці пісаць, загарнуў сшытак i паклаў яго ў шуфляду.
— Як заведзена,— сказала Святлана Міхайлаўна,— прашу ўсіх у вашу сталовую, там i пагаворым пра ўсё.
Прыйшлі з урокаў астатнія настаўнікі, прывіталіся з «маладым».
— Баба што трэба! — шапнуў мне незаўважна ад другіх Міхась Рыгоравіч.
Мы пагаманілі аб тым-сім i пайшлі ў сталовую. Святлана Міхайлаўна дастала са сваёй сумкі двухлітровы слоік, каўбасу, хлеб; Міхась Рыгоравіч міргнуў мне вокам, гэта заўважыў i Уладзімір Пятровіч, усміхнуўся: добра ведаў слабінку нашага завуча.
Тут жа ўсё разрэзалі, разлілі, i Іван Сямёнавіч сказаў тост за «новенькую»; мужчыны дружна пацягнулі, дзяўчаты памачылі вусны i паставілі шклянкі. Ix пачала ўгаворваць Святлана Міхайлаўна, крыўдзіцца, што яны яе не паважаюць, не хочуць лічыць яе сваёю.
— Вам, Ларыса Іванаўна, то i трэба выпіць,— сказала Вольга Піліпаўна.— Паедзеце да свякроўкі, не будзеце магчы i кроплі ўзяць, то сорамна будзе.
Ларыса зачырванелася, хацела штосьці злоснае сказаць, але змоўчала.
— Навучыцца,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Ды могуць яны, гэта толькі паказваюцца, што не бяруць i ў рот. Ведаю я ix, цяперашніх маладых. Прыкідваюцца толькі сціпленькімі.
— Нашы маладыя настаўнікі не такія,— абараніла нас Вольга Піліпаўна.
— Але Павел Мікалаевіч i Ларыса Іванаўна ўсё мудруюць штосьці,— прыжмурыў вока Міхась Рыгоравіч,— усё нешта цягнуць...
— I што мы павінны прыцягнуць? — спытала Ларыса.
— Як што? Не прыкідвайцеся, не маніце нам, што вы толькі інстытуцкія сябры,— сказаў Міхась Рыгоравіч.— Мы людзі бывалыя, бачым, як адно на аднаго паглядаеце.
— Хопіць вам,— сказаў Алесь Трахімавіч,— людзі самі ведаюць, што робяць.
— Цяпер моладзь разумная,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Але давайце паўторым, каб добра жылося i вялося.
Дзяўчаты не давалі сваіх шклянак, хавалі ix пад стол, але Святлана Міхайлаўна сказала такое слоўца, што я зажмурыў вочы, a дзяўчаты хуценька пастаўлялі шклянкі на стол. Сабе «новенькая» наліла столькі, колькі i нам, мужчынам. Бачачы, што дзяўчаты анямелі ад яе слоўца, яна апраўдалася:
— Жанчына павінна быць мужная, як мужчына.
— Але заўсёды быць жанчынай, прыгожай, культурнай, нават лірычнай,— сказаў я.
Святлана Міхайлаўна нават i не глянула на мяне, запрасіла выпіць Івана Сямёнавіча i яго жонку, адным махам кульнула шклянку.
— Паглядзела я сёння на ваш агарод, сад i аж за галаву ўзялася: усё зарасло, здзічэла, куды толькі дырэктар з завучам глядзелі,— сказала яна.
— Дасюль у нас біёлагі былі абы-якія, нават не ведалі, як гуркі ці цыбулю садзіць,— адбіваўся Міхась Рыгоравіч.
— Гэта відаць,— сказала Святлана Міхайлаўна.— Калі Іван Сямёнавіч пенсію мне добрую зробіць, я вас засыплю ўсім. Бульбай, гуркамі, капустай, птушынае малако выведу...
— Давайце,— пасміхаўся Іван Сямёнавіч.
— Не верыце? Я зраблю агарод, айву, паўночны вінаград пасадзім, кветак развядзём, што ні ў адной школе раёна таго не будзе. У саўгасе ўбачаць, каго страцілі, яны яшчэ прыйдуць мяне прасіць назад, без мяне яны ўсё заваляць,— Святлана Міхайлаўна ўжо крыху ап'янела, гаварыла гучна i стукала кулаком.— Але я праслаўлю вас, я старая, мне многа не трэба, а школу вашу праслаўлю.
— Здаецца, ты гадоў сем такое абяцала i саўгасу,— пасміхнуўся Іван Сямёнавіч,— а на сённяшні дзень саўгас наш ля ста тысяч доўгу дзяржаве мае.
— Яны не ўмеюць ні рабіць, ні кіраваць,— апраўдвалася Святлана Міхайлаўна.— Я не магла з імі працаваць.
— Вы б не ўцякалі ад недахопаў, a выправілі б ix,— сказаў я.
— Ты яшчэ малады папракаць мяне,— агрызнулася Святлана Міхайлаўна.
— Малады, а не зялёны,— абараніў мяне Іван Сямёнавіч.— Самая наша надзея, будучы дырэктар нашай школы, таленавіты настаўнік.
Читать дальше