Пра яго настрой, вясновы і восеньскі («Для мяне сум — гэта роздум аб нечым. А табе як даводзіцца сумаваць?»).
Пра яго рукі, якія так многа ўмеюць і так многа робяць:
Рукі, якія рукі
У гэтых пражэктараў!
Можна дацягнуцца да месяца
блізарукага
Такімі жэрдкамі...
А дзе цяпло?
Дзе цяпло, як ад гулкай грубкі?
Калі саграюць нават гукі?
Вераць месяц і зоркі
толькі ў чалавечыя рукі.
Пра яго сэрца, якое можна лёгка пакрыўдзіць, лёгка параніць (і тады «сэрца плача наўзрыд, як дзіця малое»), якое часам «разрываецца... ў прадчуванні бяды» і ў той жа час можа быць мужным і цвёрдым, якое настойліва вядзе сваю «справядлівую вайну».
Словам, пра чалавека. Пра людское наша жыццё. Ці, як гаворыць сам аўтар:
З радасцю я рукавы закасаю,
З радасцю песню я заспяваю.
Песню бадзёрую,
Песню будзённую,
Песню аб працы, штодзённую.
Той, хто сочыць за самай маладой нашай паэзіяй, ужо, вядома, здагадаўся, аб якой кнізе, аб чыёй «песні» ідзе гаворка. Гаворка ідзе пра першы зборнік вершаў Рамана Тармолы «Асколкі і росы».
Адкрываецца зборнік вершам «Справядлівая вайна». Гэта, відаць, не выпадкова. Што да мяне асабіста, то менавіта па гэтым вершы я (а я тут, відаць, не выключэнне) пазнаёміўся з Тармолам як паэтам. Чытаў я і да гэтага некаторыя яго вершы. Але яны не рабілі асаблівага ўражання, не запаміналіся. А вось верш «Справядлівая вайна» зрабіў уражанне. Не кояшаму, магчыма, ён спадабаецца. (Прызнаюся, не ўсё прымаю і я ў ім, як і ў некаторых іншых вершах Тармолы.) Але запомніцца ён, напэўна, кожнаму, хто любіць паэзію! Запомніцца сваёй навізной.
Кожнага маладога, яшчэ малавопытнага паэта, які бярэцца пісаць верш пра вяспу, падсцерагае небяспека: або збіцца на штамп, на вытаптаную сцяжынку, альбо задаволіцца каляндарнай адпіскай, або напісаць параўнаўча неблагую пейзажную замалёўку. Раману Тармолу ўдалося абысці ўсе гэтыя «небяспечныя мясціны». Ён па-свойму павярнуў тэму, па-свойму ў новым, нечаканым ракурсе апаэтызаваў вясну. І ў выніку верш перарастае рамкі звычайнай пейзажнай замалёўкі, набывае больш глыбокі змест, значнае ідэйна-грамадскае гучанне.
Верш «Справядлівая вайна», бадай, характэрны для зборніка «Асколкі і росы». І ў другіх сваіх вершах, у прыватнасці, у такіх, як «Песню слухаем...», «Сонца ўзышло над зямлёй...», «Лес», «Зялёнае сонца», «Летні дзень», «Веснавыя замаразкі», Тармола звяртаецца да таго ж прыёму — збліжае рознапланавыя рэчы і з'явы, напрыклад, з'явы прыроды і з'явы маральнага, сацыяльнага раду, прыводзячы іх да агульнага «назоўніка» — вобраза. Вось, да прыкладу, верш «Лес», які вельмі блізкі па сваёй вобразнай фактуры да верша «Справядлівая вайна». Крумкач, які «на яліну стромкую ўзлез і каркае: ка-р-р-р, ка-р-р-р...», нагадаў аўтару фашыста,
Што некалі выхваляўся якраз вось
так:
«Нават лес будзе расы чыстай...»
І пачаў ён выломліваць рукі
бярозам
І расстрэльваць у гнёздах яшчэ
птушанят...
Не ведаю, наколькі трывалая тут сувязь-кладка паміж крумкачом і фашыстам, але далей знойдзены вобраз развіваецца паслядоўна і пераканаўча:
Па-ранейшаму лес,
ты, як бацька родны,
Адпачыць к сабе клічаш з дарогі
дальняй.
Ты —
такі ж магутны і многапародны,
Нібы многанацыянальны.
Бачу я: сплёўшы рукі, цвёрда
стаяць
Сосны,
елкі,
дубы,
пышны клён,
дзікі бэз.
Мне здаецца,
што ў гэтым сіла твая,
Лес.
Няцяжка здагадацца, што размова ў гэтых радках ідзе не толькі пра лес, а і пра нешта іншае — пра чалавечую еднасць, пра вечнасць зямнога жыцця.
Мы часта ўжываем выразы «вобразнае асэнсаванне», «вобразна мысліць» і гэтак жа часта скажаем альбо падмяняем гэтыя паняцці. Па-першае, акцэнтуем увагу толькі на першым слове гэтай формулы («вобразнае», «вобразна») і забываем, такім чынам, тую істотную акалічнасць, што мысленне і вобразнасць, думка паэта, ідэя верша і яго вобраз — гэта нешта непарыўна цэлае, арганічна адзінае. Па-другое, часта зводзім вобразнасць да метафары, да тропа, а то, што яшчэ горш, да эфектнага параўнання, да трапнага слоўца. Між тым, роля і прызначэнне вобраза намнога большыя. Калі мы гаворым, што паэт павінен мысліць вобразамі, што верш павінен несці пэўную думку, то мы мусім ісці далей і прызнаць, што вобразнасць непарыўна звязана з мысленнем паэта, з пафасам і ідэйным зместам верша.
Лепшым вершам Тармолы якраз і ўласціва тая сапраўдная вобразнасць, калі вобраз узнікае сінхронна з задумай, з галоўнай думкай верша і калі яны потым ідуць побач: ідэя арганізуе і асвятляе вобраз, а вобраз праяўляе і ўвасабляе ідэю.
Читать дальше