Чалавек — гучыць горда! Гэтыя горкаўскія словы маглі б быць эпіграфам для многіх твораў сучаснай літаратуры. Бо ў іх катэгарычна адмаўляюцца бесчалавечнасць, няпраўда, несправядлівасць і гэтак жа катэгарычна, рашуча сцвярджаюцца супрацьлеглыя катэгорыі і паняцці.
Калі чытаеш працяг «Палескай хронікі» Івана Мележа, сустракаешся са знаёмымі ўжо героямі і ўзнаўляеш у хгамяці старонкі «Людзей на балоце», — яшчэ раз пераконваешся: не самамэта для пісьменніка — гэтае вось дэталёвае раскрыццё ўнутранага свету людзей, гэтая грунтоўная разведка самых глыбінь псіхікі героя. Пісьменнік, калі можна так сказаць, шукае ў чалавеку чалавека, яго сапраўдную чалавечую сутнасць. І, знаходзячы яе, гэтую сутнасць, гэтае чысцейшае зерне, ён адмятае ад яго дзікае пустазелле бесчалавечнасці. Іншымі словамі, ідэйная накіраванасць рамана — ва ўслаўленні чалавечнага чалавека, у змаганні за чалавека як за вышэйшую каштоўнасць, за чуйныя, справядлівыя адносіны да яго.
Таму так акрэслены ў творы аўтарскія сімпатыі і антыпатыі, таму з такой ашчаднасцю і ўвагай раскрывае пісьменнік душэўныя скарбы людзей, накшталт Ганны Чарнушкі, і таму з такой паслядоўнасцю выкрывае ён індывідуалізм, уласніцкую псіхалогію, так выразна паказвае людзей пустых, чэрствых, пазбаўленых высокіх маральных якасцей.
Адзін з персанажаў Івана Мележа, начальнік міліцыі Харчаў, заяўляе пасля таго, як арыштаваў невіноўнага чалавека (маецца на ўвазе эпізод з арыштам Васіля Дзятліка): «Няма чаго міндальнічаць... Аднаго пасадзіш — другі баяцца будзе!» Прыкладна так — няма чаго міндальнічаць, няма чаго разводзіць сентыменты — разважае і персанаж новага рамана Івана Шамякіна старшыня гарсавета Гукан. Прынамсі, яго паводзіны вызначаюцца іменна такім перакананнем. І раман, можа быць, і каштоўны перш за ўсё тым, што ў ім даецца рашучы бой гуканам і гуканаўшчыне. Змаганне герояў рамана за выратаванне Зосі Савіч — гэта змаганне за добрае імя, за гонар і годнасць, за правы і інтарэсы ўсіх, каго незаслужана прыніжалі ці маглі прынізіць, барацьба за павагу да чалавека, за ленінскую праўду і справядлівасць. Погляды станоўчых герояў рамана скіраваны ў будучыню, у грамадства, дзе, як гаворыць адзін з іх, «не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных».
Глыбока чалавечныя і ў той яна час аптымістычныя ноты гучаць і ў творах востра драматычных, нават трагічных, у творах, дзе паказваюцца падзеі мінулай вайны і дзе савецкі чалавек пастаўлены тварам да твару з яго кроўным ворагам — з фашызмам. Герой аповесці Васіля Быкава «Альпійская балада» Іван Цярэшка, якому ўдалося ўцячы з лагера смерці, думае: «Пракляты навек нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? Знішчаючы іншых, ты перш вытруціш у самім сабе здольнасць да радасцей, твая душа ад тваіх жа злачынстваў абрасце чорнай поўсцю варожасці, якую разам з тлустым кавалкам ты імкнешся пакінуць нашчадкам...
Добра, што нядоўга ўжо засталося баляваць гэтым зверыядаўцам і ўрэшце калі-небудзь запануе шчасце. Прыйдзе час — спазнаюць людзі вялікую радасць кахання і адданасці...»
Вось гэтая нянавісць да дзікай воўчай маралі, да несправядлівасці, да вайны — з аднаго боку, а з другога — сцвярджэнне права чалавека на мірную працу, па каханне, на шчасце, на жыццё, светлае і справядлівае, — і складае ідэйную дамінанту лепшых твораў нашай літаратуры апошняга часу.
Але для чалавека мала проста ненавідзець. Для чалавека мала проста любіць. Для чалавека мала быць проста сумленным. І проста чалавечным мала быць для чалавека.
Чалавек яшчэ павінен адчуваць адказнасць за лёс другіх людзей, жыць для другіх, змагацца за агульныя інтарэсы і ідэалы. Ён мусіць — прывяду зноў тыя ж словы Маякоўскага — «к товарищу милеть людскою лаской», «к врагу вставать железа тверже».
Думаю, што не перабольшу, калі скалеў, што іменна такі чалавек і становіцца героем нашых лепшых твораў — як вершаваных, так і празаічных. У вершы, які так і называецца «Чалавечнасць», Пімен Папчанка піша:
Колькі пастак мне ты прыхавала,
Добрае, не дробнае жыццё!
То сляпіла даль парахавая,
То глушыла юнкерсаў выццё.
Вернасць адарала шчодрай мерай.
Часам здрада секла з-за пляча.
То свяціла яспым сонцам вера,
То нявер'е кідала ў адчай.
Часта крывадушныя мяшчане
З-за драбніц ушчэнт мяне знішчалі,
Часам і надзейныя сябры
Ласкава штурхалі пад абрыў...
Читать дальше