Я хацеў бы спачатку спыніцца на двух сцвярджэннях Івана Навуменкі — сцвярджэннях, якія падаюцца як самавідавочныя ісціны, хаця, як мне здалося, не з'яўляюцца такімі на самай справе. Хачу зрабіць гэта таму, што ведаю: поспех дыскусіі, яе дзейснасць будуць залежаць ад таго, наколькі, па-першае, удасца пазбягаць агульных месц і пропісяў і наколькі, па-другое, будзе рэальны падыход да нашай празаічнай гаспадаркі, наколькі правільнымі будуць метады і крытэрыі.
Сцвярджэнне першае. Іван Навуменка вызначае прыкметы сталасці беларускай прозы і гаворыць: «У прозу прыйшоў, як гэта было ў лепшых творах дваццатых і трыццатых гадоў, яе законны герой — просты, звычайны чалавек». (Падкрэслена мною. — А. В.) Спачатку гэтыя радкі ўспрымаеш як агульнае месца, бо вельмі ўжо часта гаворым мы пра «простага, звычайнага чалавека» ў якасці літаратурнага героя, вельмі ўжо звычныя гэтыя эпітэты. Ды і сама думка, што крыніца поспеху — у звароце літаратуры да лёсу радавых, простых людзей, здаецца на першы погляд аксіёмай, абсалютна правільнай ісцінай. Але варта «зрэагаваць», глянуць на рэчы больш крытычна — і яны паўстаюць у іншым святле.
Па-першае, ці правільна будзе сцвярджаць, што ўчарашняя беларуская проза, яе раман і аповесць, не пускала на свой парог так званага простага чалавека? Такая думка, мне здаецца, не зусім адпавядае сапраўднасці. Былі ў гэтых раманах і рабочыя, і калгаснікі, і настаўнікі. Іншая справа — як яны былі, як яны паказваліся.
Па-другое, відавочны той факт, што «звычайны» чалавек не пануе непадзельна на старонках нашых сённяшніх раманаў і аповесцей. І не толькі не пануе, а займае ў колькасных адносінах, бадай, тую ж плошчу, што і дзесяць — пятнаццаць гадоў назад. Узяць, да прыкладу, герояў рамана Івана Шамякіна «Сэрца на далоні», пра якіх таксама гаворыцца ў артыкуле І. Навуменкі. Адзін з гэтых герояў — пісьменнік, другі — масціты хірург, трэці — старшыня гарсавета і г. д. Хто яны — простыя людзі ці не простыя? Здаецца, не зусім простыя. Хаця ўвогуле можна паглядзець на гэта інакш, больш шырока. Помню, адзін стары настаўнік-праўдалюб усё дапытваўся ў мяне (не без хітрынкі, вядома): «Скажы вось ты мне, як гэта разумець: «адказны работнік»? Выходзіць, што і я, і ты, і большасць з нас — работнікі безадказныя?» Я нічога пэўнага не мог адказаць. Дык гэта ў жыцці так. У літаратуры пытанне яшчэ больш складанае.
Тым больш што тут яно мае яшчэ адзін, эстэтычны, бок — магчыма, І. Навуменка і меў яго на ўвазе. Гэта — як паказваць так званага простага чалавека. Бо яго сапраўды можна паказаць так, што ён будзе выглядаць не толькі простым, а нават прасцейшым, «аднаклетачным» — як амёба. (Дарэчы сказаць, такія «аднаклетачныя», пазбаўленыя сапраўдных чалавечых здольнасцей і страсцей, героі працягваюць жыць і сёння на старонках некаторых нашых твораў.) І можна падысці да яго, простага чалавека, так, што і каханне яго будзе «пограндиознее онегинской любви», і раўнаваць ён будзе мацней, чым Атэла, і ўсё яго жыццё будзе адухоўленым, поўным вялікага сэнсу. І на самай справе — ці такая ўжо простая Ганна Чарнушка, гераіня І. Мележа? Альбо Руневіч з рамана Я. Брыля, ці Лазняк з «Трэцяй ракеты» В. Быкава? Альбо героі рамана А. Адамовіча? Нягледзячы на сваё самае што ні на ёсць «дэмакратычнае паходжанне», яны як бы пераўтвараюцца пад пяром пісьменніка, становяцца і глыбокімі, і складанымі, і звязанымі моцна з часам, з самой гісторыяй.
Словам, я хачу сказаць, што сацыяльнае (ці службовае) становішча героя — не той крытэрый, якім можна вызначаць ступень народнасці твора ці з якім трэба ўвогуле звязваць рост літаратуры. Справа ж не толькі і, можа быць, не столькі ў прататыпах, колькі ў характарах і абагульненнях, не столькі ў грамадскай кваліфікацыі героя, колькі ў пазіцыях пісьменніка, у тым, наколькі дэмакратычны, чалавечны яго погляд, наколькі блізкія яму ідэалы людской еднасці, сацыяльнай справядлівасці. Раман Івана Мележа «Людзі на балоце» з'явіўся значным дасягненнем нашай прозы не проста таму, што пісьменнік зрабіў сваімі героямі звычайных вясковых людзей (пісаў Мележ пра гэтых людзей і раней), а таму, што гэтыя людзі — тут Іван Навуменка мае рацыю — паўсталі «на ўвесь свой духоўны рост». І яшчэ, можа быць, таму, што Апейка, асабліва калі меркаваць па новых раздзелах «Палескай хронікі», — герой крыху іншага маштабу.
Ды і ці не пара нам увогуле перастаць захапляцца тым, што пісьменнік звяртаецца да лёсу радавога чалавека, прытым яшчэ метафізічна зразуметага ставіць яму ў заслугу гэты факт. Хіба гэта не павінна быць нормай, заканамернасцю літаратурнага працэсу нашых дзён? Хіба не «выйшлі мы ўсе з народа» — чытачы, пісьменнікі і іх героі? Гогалю, я разумею, трэба было ў свой час аддаць належнае за яго «Шынель», за яго ўвагу да «маленькага» чалавека, трэба было тое самае зрабіць і ў адрас графа Талстога, да якога, як сказана, і сапраўднага мужыка ў рускай літаратуры не было. А вось што датычыцца заслуг нашага сённяшняга літаратара, дык тут патрэбны крыху іншыя меркі і патрабаванні. Яму, як кажа прымаўка, «сам бог велел» пісаць пра простага, звычайнага чалавека, яму інакшым быць супрацьпаказана.
Читать дальше