Нельга не адзначыць тут і такі немалаважны момант. Нашы асабістыя знаёмствы і творчыя кантакты, нашы ўзаемасувязі спрыяюць пошуку станоўчага героя, пошуку новага чалавека. Літаратура адкрывае краіну і яе людзей. Краіна і яе людзі адкрываюць літаратуру. Інакш кажучы, праз знаёмства з прадстаўніком дадзенай краіны пазнаеш яе духоўны патэнцыял, яе маральныя асаблівасці і ідэалы, пазнаеш і памнажаеш на тыя духоўныя каштоўнасці, якія былі засвоены да гэтага. Знаёмячыся з прадстаўнікамі братніх літаратур, мы, так ці інакш, супастаўляем іх з героямі іх твораў, нас цікавіць, як гэтыя героі, лірычныя яны ці эпічныя, увасабляюць у сабе рысы свайго народа. Тое ж адбываецца і ў дачыненні да нас. Ян Судрабкалн у сваёй прадмове да зборніка беларускай паэзіі на латышскай мове, Уолтэр Мэй у пасляслоўі да анталогіі беларускай паэзіі, перакладзенай на англійскую мову, Андрэй Германаў у інтэрв'ю гавораць аб непасрэдных асабістых уражаннях і ў той жа час звяртаюць увагу на тое, як беларуская паэзія ўвасабляе ў сабе рысы нашага нацыянальнага характару, маральныя і духоўныя асаблівасці прадстаўніка сучаснай Савецкай Беларусі. На пытанне: «Чым прывабіла вас беларуская паэзія?» А. Германаў сказаў наступнае: «Для мяне яна вельмі блізкая па сваім духу. Вельмі гуманная, сардэчная. Я тройчы наведаў Беларусь, і наколькі магу меркаваць, беларуская паэзія поўнасцю адпавядае беларускаму характару».
Мастацкі пераклад... Без яго, вядома, немагчыма ўявіць інтэрнацыянальныя сувязі адной літаратуры з другой, іх узаемадзеянне. Мы гаварылі аб дружбе пісьменнікаў. Але несумненна, што актам найвышэйшай дружбы паміж імі з'яўляецца пераклад, з'яўляецца перастварэнне мастацкага твора на іншай моўнай аснове. На пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, які адбыўся ў маі г.г. і быў прысвечаны разгляду інтэрнацыянальных сувязей беларускай літаратуры, а таксама ў матэрыялах газеты «Літаратура і мастацтва», якія друкаваліся напярэдадні пленума і ў якіх ішоў абмен думкамі аб стане і праблемах беларускага мастацкага перакладу (гэты абмен пачаўся артыкулам В. Рагойшы «І святы, і будні. Беларускі пераклад — 76»), было ўсебакова абмеркавана становішча спраў у гэтай галіне культурнага жыцця рэспублікі. Прыводзіліся, у прыватнасці, такія звесткі: на беларускую мову ажыццёўлены пераклад твораў з 40 замежных і 34 моў народаў СССР, з 1918 па 1976 год перакладзена звыш 500 асобных выданняў агульным тыражом больш як З млн. экземпляраў (толькі з моў замежных краін). Адзначалася плённая перакладчыцкая праца А. Куляшова, Ю. Гаўрука, М. Танка, Я. Семяжона, А. Зарыцкага, Я. Брыля, Н. Гілевіча, М. Лужаніна, М. Хведаровіча, Э. Агняцвет, А. Лойкі, Р. Барадуліна, П. Макаля, Г. Бураўкіна, Я. Бяганскай, Н. Кісліка, А. Разанава, Б. Спрынчана, В. Сёмухі, Н. Мацяш, К. Кірэенкі, В. Нікіфаровіча, М. Татура, У. Анісковіча і інш. Гэтыя звесткі яшчэ свежыя ў памяці чытача, паўтараць іх няма патрэбы, і я падзялюся толькі некаторымі меркаваннямі наконт грамадскага і эстэтычнага значэння мастацкага перакладу, наконт яго ролі ў інтэрнацыянальным збліжэнні літаратур і людзей.
Так, слова ёсць справа. Слова перакладное — справа асаблівая. Прывяду такі прыклад. Звязаны з імем ужо памянёнага вышэй Міхаіла Ісакоўскага, дакладней, з двума яго перакладамі з беларускай паэзіі. Мы ўсе помнім з дзяцінства, са школьнай парты верш. Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык», помнім уражанне, эмацыянальны стан, якія выклікала чытанне верша... Купалаўскія радкі клікалі да неба і Юрыя Гагарына, які, па сведчанню маці, ведаў і любіў гэты верш (у перакладзе М. Ісакоўскага). Не будзем катэгарычна сцвярджаць, што менавіта гэты факт вырашыў лёс пытання: каму з людзей быць першым у космасе? Але што ён мог паўплываць на выбар прафесіі, па выбар жыццёвага прызвання смаленскім хлопчыкам, можна смела дапускаць. Другі факт, які прывёў Ніл Гілевіч у сваім выступленні на мінулым пісьменніцкім з'ездзе... Былы партызан, чарнагорскі паэт Радаван Зогавіч расказаў яму эпізод з мінулай вайны. Савецкі самалёт даставіў югаслаўскім партызанам боепрыпасы і медыкаменты і разам з імі некалькі савецкіх кніг аб вайпе, у тым ліку паэму А. Куляшова «Сцяг брыгады» ў перакладзе на рускую мову М. Ісакоўскага. «Паэма, — успамінаў Зогавіч, — літаральна ашаламіла мяне. Я чытаў яе і перачытваў шмат разоў. Чытаў таварышам па зброі, якія трохі разумелі рускую мову, для тых, хто не разумеў, асобныя мясціны сам перакладаў на сербскую. Гэта была паэзія, якая радніла нас з савецкімі братамі — радніла ў нянавісці да фашыстаў і ў веры перамогу...»
Читать дальше