Пасядзеў яшчэ крыху, паставіў на стол локці і падпёр падбародак далонямі. Пасля выпнуў грудзіну, выцягнуў рукі ў бакі, памахаў імі. Падхапіўся.
«Брыдка, брыдка нават падумаць, што стамляюся на дваццаць шостым годзе жыцця! Што ж тады гаварыць Івану Сямёнавічу: яму налета будзе шэсцьдзесят?!»
Склаў у вялікую кіпу сшыткі, узяў іх і падаўся ў настаўніцкую.
Якраз зазваніў званок на першы ўрок другой змены.
Адчыніліся дзверы настаўніцкай — і з яе з класным журналам выйшла новая, зусім яшчэ маладзенькая настаўніца другога класа. яна сёлета падмяніла Маю Сцяпанаўну: тая гадуе маленькага сына. За настаўніцаю, усміхаючыся, выйшлі сталыя мужчыны: Міхаіл Апанасавіч і завуч Міхась Рыгоравіч. Калі зірнуў на іх, Васілец не вытрываў і ўсміхнуўся: і Міхаіл Апанасавіч, і Міхась Рыгоравіч былі амаль аднаго, сярэдняга, росту, амаль адных, недзе каля пяцідзесяці, гадоў, абодва чырванашчокія, тоўсценькія, як баравікі. Абодва любілі насіць наперадзе, у верхняй кішэньцы пінжака, ручкі - у Міхаіла Апанасавіча бачыліся два хвосцікі ад самапісак, а ў Міхася Рыгоравіча аж тры.
Міхась Рыгоравіч — па сваёй даўняй прывычцы — з гарэзнасцю падміргнуў Васільцу левым вокам. Калі падміргвае, дык у яго добры настрой.
У цёплай настаўніцкай ля акна сядзеў толькі адзін Іван Сямёнавіч — за апошні год зусім ссівелы, састарэлы. Сёлета ён мала і быў у школе. То хварэў, ляжаў дома, то ўсё некуды ездзіў. А калі і прыходзіў, дык быў маўклівы. Не жартаваў і не кпіў з каго, як некалі. Можа, яго напалохала ранняя смерць Алеся Трахімавіча, можа, замаркоціўся таму, што ўвесну пайшла на пенсію жонка, Вольга Піліпаўна, і ён нібы застаўся адзін. Адзін са сваёй былой гвардыі.
Іван Сямёнавіч узняў галаву, зірнуў паўз шкло ў акулярах, пастукаў верхам самапіскі па сваіх паперах. Над яго шчокамі былі вялікія цёмныя ўпадзіны, позірк глыбокіх выцвілых вачэй быў нейкі патухлы.
— Ну што, калега, стаміўся?
— Ды не,— адразу адказаў Васілец.
— Бачу: стаміўся...— прамовіў Іван Сямёнавіч,— Спачуваю: не так лёгка, калега, мець за трыццаць гадзін у тыдзень, па пяць-шэсць урокаў у дзень. Ды гэтулькі яшчэ ўсякіх планаў, сшыткаў, пазашкольнай работы... Ды і жонка маладая...
— Вытрымаем,— усміхнуўся Васілец,— Раз трэба столькі працаваць, дык трэба.
— Малады, дык павалачэш яшчэ і не такі воз... Яшчэ і большы. Але некалі, пад старасць, усё гэта акажацца.
— Што пра гэта думаць! — махнуў рукою Васілец, сеў на капану.
— Думаеш: век будзеш малады, дужы, здаровы? — усміхнуўся і Іван Сямёнавіч. Але з іроніяй і з мудрасцю.— Не, не будзеш. Хоць гэта вялікая памылка маладосці — не думаць пра старасць... І я некалі, калега, пра гэта не думаў. Рабіў за дзесяцярых... Але цяпер ведаю: старасць ёсць. І прыходзіць яна вельмі хутка...
Іван Сямёнавіч — як і заўсёды, у выпрасаваным касцюме, пры белай кашулі і пры гальштуку — зірнуў убок і з самотаю паківаў галавою.
— Але ж што было б, каб не стараліся, не працавалі шмат у маладосці? — перамяніў ён гутарку,— Не было б руху наперад. Так вот выйшла і ў пас, што ты не можаш, каб і хацеў, працаваць напаўсілы. Страцілі мы выдатнага настаўніка мовы і літаратуры Алеся Трахімавіча, адпусцілі ў дэкрэт тваю слаўную Ларысу Іванаўну, дык хто ж будзе добра вучыць дзяцей мове і літаратуры? Ты ды Лілія Іосіфаўна. Іначай усё, чаго і дабіліся, пойдзе ўніз... А ўзровень не трэба зніжаць. Ніколі... Бо тады і начальства возьмецца за цябе і сам сябе паважаць за такую працу не будзеш...
Васілец прамаўчаў. Ды што ён мог сказаць? Усё гэта было праўдай.
— Вот ты, Павел Мікалаевіч, ужо не першы год працуеш, шмат чаго пабачыў, дык скажы шчыра: цяжка табе ў школе працаваць ці не?
— Цяжка.
— Вельмі цяжка, калега,— паўтарыў Іван Сямёнавіч.— Як нідзе, можа. Хіба што яшчэ толькі ў арміі. Бо і тут і там трэба працаваць не з машынамі, не з гэтымі нямымі прыладамі, а з маладымі людзьмі... Трэба ўвесь час, кожны дзень, кожную хвіліну думаць і думаць, шукаць мноства сцежак да мноства маладых сэрцаў, маладых розумаў... Вось таму і стамляемся, нервы псуём, з маладых гадоў маем ціск крыві высокі... Перадам я, калега, хутка табе свае клопаты... Хоць, сказаць па праўдзе, і шкадую цябе, твайго маладога сэрца... Згарыш, як і я згарэў... Бо, дзякуй богу, маеш нашу ахвоту, наша прагненне да работы...— зноў зірнуў убок, задумаўся. І доўга маўчаў. Потым схамянуўся.— Прыходзь вечарам з Ларысаю Іванаўнаю, дык яшчэ пагамонім пра жыццё-быццё. А то мы цяпер неяк і адасобліваемся. Адпрацуем у школе — і гайда кожны ў свой кут... Добра ведаем адзін аднаго як работнікаў, а вось як людзей дык і не зусім...
Читать дальше