— Дзякую,— адказаў Васілец, паклаў сшыткі ў сваю сумку і сабраўся ісці дадому.— Прыйдзем сёння.
Ларыса стаяла ля брамкі і пазірала сюды, на даўгаватую няроўную сцежку, што вілася ад міланьска-сульскай дарогі.
«Даўно чакае ўжо,— падумаў Васілец.— І, відаць, крыўдзіцца...»
Ён пашырыў крок, мінаючы густы і дробны алешнік, высокія пажаўцелыя ўжо бярозы.
Па правай руцэ ляжала ўжо зааранае поле. За апошнія дні падсохла, выветрылася і пачало шарэць. Неба было блакітнае, з гурбамі белых воблакаў. Але і з вышыні, і ад зямлі чулася: ужо блізка восень. Бо адусюль пацягвала сыраватай асенняй свежасцю.
Ларыса сёння была ў новай, раскошнай, наўмысна сшытай на цяжарнасць, з белым каўнерыкам чырвонай сукенцы — яе закончыла шыць і прымерала, відаць, сёння,— на нагах былі мяккія тапачкі.
Васілец пільней прыгледзеўся: сёння Ларысін твар быў надзвычай худы, як сцягнуты да падбародка, бо неяк упалі яе шчокі і вытыркліся з рудаватымі плямкамі жаўлакі, павастрэў нос. Але ва ўсім яе змененым, нязвыклым абліччы бачылася ўжо нейкая прыемная мяккая жаноцкасць. Можа, хто і не бачыў гэтага, але ён бачыў, адчуваў.
— Якая ты сёння файная! — усміхнуўся, калі падышоў да брамкі.
Ларыса як і не пачула яго слоў, камплімента, зірнула з хмурнасцю, і на яе пераноссі сабраліся ад крыўды і незадавальнення маршчыны.
— Ну, прабач, што запазніўся,— прамовіў ён ціха, пачакаў, калі Ларыса сыдзе ўбок, каб адчыніць брамку.— Трэба было застацца і памагчы сваім васьмікласнікам.
— Ясна, мне ўсё ясна...— з папрокам сказала яна, саступіла, пацягнула сама да сябе рыпучыя з сасновых новых жэрдак вароты, нахмурылася і ўжо з крыўдаю, што ён так спакойна сказаў, замыліла танкаватымі вуснамі, што ў апошні месяц чамусьці страцілі ружовасць.— Ты, канечне, працуеш, бываеш з людзьмі. З маладымі настаўніцамі гэтаксама... А я тут, на гэтым хутары, адна. Адна цэлы дзень. Брыдкая. Во якая... Дык хіба цябе цяпер будзе цягнуць дадому?!
— Ну, як сёння? — ён моўчкі выслухаў гэтыя папрокі, ведаючы, што яна доўга крыўдзіцца не будзе. Спытаў пра тое, што яе гэтыя дні найболей трывожыла.
— Ды добра...— з памяркоўнасцю ўжо адказала Ларыса, пайшла побач з ім па сцежцы да дому, высока падымаючы галаву, але паскардзілася: — Цяжка мне. Так цяжэю, што ледзь цягаю ногі...
— Усё будзе добра,— супакоіў ён.— Хутка ж ужо ўсё... Ты ж цярплівая ў нас, мужная.
Узяў сумку пад левую паху, а вольнай правай рукою абняў Ларысу за плечы, прытуліў лёгка да сябе. Ішлі — яна па вузкай сцежцы, а ён па мураве — моўчкі, пазіралі па гаспадыніну хату: хата сёлета нібы памаладзела: летам ён садраў старую згнілую і ззелянелую салому і разам з тутэйшымі мужчынамі накрыў страху дранкай, потым памазаў белаю фарбаю вокны. Гаспадыня старалася, каб сёлета яшчэ памяняў падлогу, раскідаў старую печ і паставіў новую, «аджываў за гэта», але ён наўмысна адкладаў тое-сёе з гэтых работ на другое і трэцяе леты. Зробіш усё адразу, дык і адразу будзеш непатрэбны...
Павел памог Ларысе ўзысці на ганак. Ішла яна моўчкі, здаецца, вельмі цяжка перастаўляла папаўнелыя ногі, тупала і, відаць, больш не злавалася, можа, ужо — хуткая на злосць, але гэтакая хуткая і на прымірэнне — папікала сябе, што не саўладала з сабою, са сваёй адзінотай і сустрэла яго з нялёгкай працы з непрыхільнасцю. Ды і зразумела, што ён не мог, каб не затрымацца, бо яна і сама летась часта-часта затрымлівалася...
У калідоры-кухні Ларыса надзела на сукенку шэры, у бурачковыя дробныя кветачкі шырокі халат і пайшла да печы. Адставіла засланку, заслала прыпек газетаю, што дагэтуль ляжала складзеная ў кутку запрыпечка, і спрытна вілкамі дастала з нечы гаршчок, чарпаком наліла ў дзве талеркі расольніку. Яму, як бачыў, налівала гусцейшага і большы кавалак мяса паклала. Калі пайшла ў дэкрэт, Ларыса гатавала яму і сабе есці сама, гаспадыні плацілі толькі за кватэру ды за тое, што бралі ў яе тое-сёе з харчоў.
Васілец, пакуль Ларыса насіла ежу на стол, падаўся ў лепшую палавіну пераадзявацца.
Як ён — у трыко і ў тапачках — вярнуўся на кухню, Ларыса ўжо сядзела пры стале. На ім у талерках дымеліся параю духмяны расольнік, жоўценькія ад яек і масла, з рудаватай скарынкай наверсе рысавая запяканка, былі хлеб ды малако.
— Ну, што сёння новае там у вас? — спытала Ларыса, зусім не спяшаючыся есці, нібы хацела, каб ён пасмакаваў першы і сказаў якое слова пра яе кухарства. І ўжо, канечне, больш не гневалася.
— Нічога новага,— усміхнуўся ён, прыплюшчыў вочы: узяў у рот лыжку гарачага расольніку.— Гарачы, але смачны... Прайшоў яшчэ адзін — школьны — дзень. Вялікіх падзей ніякіх не адбылося, усе давалі ўрокі. Хоць працоўны дзень, як сама ведаеш, яшчэ не закончыўся. Бо вунь колькі,— ён кіўнуў на пакоўную сумку,— прынёс сшыткаў...
Читать дальше