Іван Сямёнавіч усміхнуўся, хітнуў галавою, як гаворачы: калі ласка, хоць няма за што надта дзякаваць!..
— Грамадскую актыўнасць гэтых настаўнікаў можна ставіць у прыклад некаторым нашым галоўным спецыялістам саўгаса...— гаварыў Віктар Дамінікавіч.— Але, ведаючы, што вы, Іван Сямёнавіч, самакрытычныя людзі, дазвольце выказаць у адрас школы і прэтэнзіі...
— Калі ласка...— зноў усміхнуўся Іван Сямёнавіч.
— Канечне, настаўнікі шмат працуюць, вядуць актыўную грамадскую работу, але неяк у апошнія гады адышлі ад мастацкай самадзейнасці. Вучаць спяваць, ставіць п'есы дзяцей, а самі не ўдзельнічаюць... А маглі б разам з саўгаснымі спецыялістамі, здольнымі рабочымі шмат што зрабіць у гэтым кірунку... Я ж помню, якія некалі добрыя канцэрты давалі, як ладна п'есы ставілі — у клубе заўсёды поўна людзей было... Як вывесяць аб'яву, што нешта будзе, дык вёска толькі і гаворыць пра гэта, загадзя рыхтуецца ісці ў клуб... І каб зноў такое наладзіць, то не толькі людзям весялей было б, але і нашым настаўнікам, саўгасным спецыялістам. Чуў я, што некаторыя з іх скардзяцца, што сумна ў нас жыць... Праца, праца, і больш нічога...
— Ведаеце, змяніўся і час...— выслухаўшы парторга, сказаў Іван Сямёнавіч.— І перш за ўсё таму, што ёсць тэлевізары... Па іх сёння два-тры кіно, канцэрт, п'есу можна паглядзець кожнага дня, і спяваць ды гуляць будуць не самадзейны, а сапраўдныя артысты. І ісці нікуды не трэба: лёг на канапу, уключыў тэлевізар — і глядзі... І гэтая навукова-тэхнічная рэвалюцыя кранулася ўсяго, таму не раз трэба гэта ўлічваць, мяняць формы... Але пра вашу заўвагу, Віктар Дамінікавіч, я пагавару з калегамі...
Пасля парторг расказаў, што яшчэ можна зрабіць на «паляпшэнню культурна-масавай работы», скончыўшы, папрасіў усіх сказаць сваё слова.
Іван Сямёнавіч пачаў абдумваць сваё выступленне.
Пад вечар, як толькі заканчваліся заняткі другой змены, скупа свяціла невысокае сонца, ціснуў мароз, сцішылася было. А цяпер, ужо добра цёмнаю парою, наляцеўшы аднекуль, дзьмуў вецер, нёс перад сабою снег. Мароз крыху адпаў, але холад, здаецца, яшчэ пабольшаў, нават паярэў.
У вясковых хатах цёпла і ўтульна свяціліся вокны, запаліўся высокі ліхтар і ля магазіна. Ліхтар гэты хітаўся: яго матляў злосны пякучы вецер, што пёк шчокі, лоб, наганяў слёзы.
Мая Сцяпанаўна хутка, захінаючы твар каўняром, апусціўшы галаву, крочыла па вуліцы — адною рукою трымала полы паліто, другою — кончыкі каўняра. Усхліпвала, крыўдзілася на буркатлівую свякроў, на мужа-цюхцяя, толькі неяк шкадавала свёкра, Івана Сямёнавіча, які ёй сёння здаўся зусім іншым чалавекам: дасюль яна бачыла яго строгім, а то і ахвотнікам пацешыцца з некага, а вось сёння яна ўбачыла тое, чаго раней не заўважала.»
Ля школы, бачачы, што ёй насустрач ідуць людзі, яна павярнула на вішнёўскую дарогу, хоць сюды ёй не было чаго ісці. Яна рашыла, што абыдзе школьную агароджу і ўзбоч яе зноў выйдзе на вуліцу, а з яе падасца на былую сваю кватэру...
Вецер дзьмуў у спіну, падганяў, і яна амаль бегла. Пёк у ногі холад, і толькі цяпер яна ўспомніла, што не надзела ні панчох, ні доўгіх штаноў, ідзе ў ботах на босую нагу. Але нейкая дзіўная, нават незразумелая ёй рашучасць і злосць гналі яе ўперад.
У канцы школьнага плота павярнула налева і ўздоўж яго падалася да кустоў, ля якіх — як ведала — ішла сцежка з фермы на вуліцу. Снег, крыху прыгрэты днём, адталы, а пасля зверху выдзьмуты ветравеямі, прыцвярдзеў, пакрыўся скарынкаю, але яна, гэтая тоненькая і гладкая скарынка, не магла яшчэ ўтрымаць — і Мая Сцяпанаўна хоць і не старалася шырока ступаць, а ішла, сунучы па снезе ногі, усё роўна правальвалася, набірала ў боты халоднага і калючага снегу.
Хутка, лезучы па цальнягу, задыхалася. Хвіліну пастаяла, заплюшчыла вочы і пастаралася адпачыць, набрацца сіл і перайсці гэтае поле.
Крыху адсопшыся, падалася паціху далей, глыбока правальваючыся ў снег. Калі ўбачыла блізкую сцежку, сабрала астатнія сілы і пабегла. Выскачыўшы на ездавое, пайшла павольна, адчуваючы, як моцна б'ецца сэрца, здаецца, падкочваецца пад горла, а пасля з трывогаю пачула, як у жываце нешта страпянулася, кальнула. Яна зморшчылася, прыкусіла вусны ад болю, прыклала туды руку і здагадалася: гэта дзіця...
І цяпер яна раптоўна адчула, што дарэмна ўцякала з хаты, думаючы, што назаўсёды збяжыць ад крыўды, ведала, што прыйдзецца вярнуцца назад, прыйдзецца жыць, бо яна ўжо не дзяўчына, а замужняя жанчына і ў яе хутка будзе дзіця, якое яшчэ болей пакліча ў новае жыццё...
Читать дальше