Мая Сцяпанаўна паціху, нага за нагу, ішла па сцежцы, шкадавала, што яна ўжо не дзяўчына, не вольная, як птушка, а нечым звязаная. І ёй вельмі мілым здаўся гэты вецер, цёмны вечар, якім яна яшчэ нядаўна была такая шчаслівая, мілай і дарагой здалася хата, у якой яна яшчэ нядаўна кватаравала, у якую цяпер яна раптам засаромелася заходзіць. Што яна скажа, калі зойдзе, як зірне гаспадыні і Ліліі Іосіфаўне ў вочы? І ёй не захацелася заходзіць да іх, але гэтак жа не цягнула вяртацца дамоў. Яна, можа, толькі цяпер адчула, што яе «дом» — гэта Рагаткава хата, куды яна трапіла і да якой яшчэ не прывыкла. І таму, можа, што яна яшчэ не прывыкла, не паводзіць сябе як «хатняя», за гэта і ўзлавалася сёння свякроў? Але чаго злавацца, папракаць, калі трэба памагаць, нейкім цёплым словам прыбліжаць да сябе!..
Яна падышла блізка да былой кватаранцкай хаты, але заходзіць у яе не асмельвалася. Прамінула веснічкі і падышла да старога, з частымі выламанымі частаколінамі гародчыка, зірнула на нізкі, выскублены з усіх бакоў стажок за хлявом, прыпынілася насупраць акна лепшай палавіны, з якога падала ў гародчык святло.
Акно было завешана знаёмымі белымі фіранкамі, і яна, як ні старалася зазірнуць у хату, нічога не магла ўбачыць. Патаптаўшыся, мусіла праз дзірку залезці ў гародчык, падысці да акна і глянуць у краёк, да якога не была дацягнута фіранка. Убачыла вельмі блізка Лілію Іосіфаўну, якая, пачапіўшы на нос акуляры і зморшчыўшыся, сядзела на крэсле, угнула галаву, выцягнуўшы доўгую тонкую шыю, і вязала нешта з малінавых нітак. Гаспадыні, здаецца, у хаце не было.
Гэта паддало смеласці, і Мая Сцяпанаўна вылезла з гародчыка і зноў падалася да веснічак, зайшла ў сенцы, бачачы, што няма на кухні святла. Знаёма абмацала клямку, зайшла ў цёмную кухню, з яе адразу падалася ў лепшую палавіну.
Лілія Іосіфаўна, пачуўшы яе крокі, рып дзвярэй, ужо не сядзела, апусціўшы галаву, а ўзіралася сюды, і ў шкельцах яе акуляраў адбівалася лямпачка, што вісела сярод пакоя. Вузкаваты твар Ліліі Іосіфаўны, здаецца, яшчэ болей павастрэў, як яшчэ болей патанчэла і сама яна.
Мая Сцяпанаўна зірнула на печ, ці не сядзіць там гаспадыня, а пасля села паблізу сяброўкі на крэсле, стараючыся прыкрыць пачырванелыя калені крысом паліто. Але, канечне, тая паспела ўжо заўважыць, у якім убранні яна зайшла сюды. Заўважыла і здзівілася. Ды нічога не спытала, відаць, пра ўсё здагадалася сама.
— Лезь, Маечка, на печ...— сказала Лілія Іосіфаўна, памагла зняць паліто, убачыўшы яшчэ, што яна не ў сукенцы, а ў хатнім халаце.
Мая Сцяпанаўна расшпіліла замочак ботаў, скінула іх і пабралася на ляжанку, села на разасланай там дзярузе. Пакінуўшы на стале пачатае вязанне, падалася следам за ёю і Лілія Іосіфаўна, села побач, выцягнула свае доўгія і тонкія ногі, даволі густавата пакрытыя чарнаватымі валасамі.
— Не паладзілі? — ціха спытала Лілія Іосіфаўна.
— Ногі зайшліся...— усхліпнула Мая Сцяпанаўна, тручы рукамі чырвоныя калені, што пяклі агнём.
— Я па гутарках тваёй свякрові здагадалася ўжо, што яна не вельмі задаволена табою...— сказала сяброўка.— Бо яна пачала часта гаварыць ды цмокаць, што маладыя цяпер не такія, як яны некалі былі...
Мая Сцяпанаўна церла калені і моўчкі плакала.
— Пастрашнела ты, не пазнаць нават...— паспачувала Лілія Іосіфаўна,— Што — Вольга Піліпаўна чэпіцца?
— Чэпіцца...— усхліпнула Мая Сцяпанаўна.— Хоча, каб і я свіней іхніх, карову глядзела, на кухні стаяла... А я зайду ў хлеў ці пастаю на кухні ля Гаршкоў — і не магу... Галава кружыцца, ногі млеюць, то... ледзь на двор паспею выбегчы... так мне кепска. Усё гэта, мусіць, ад цяжарнасці...
— А ты сказала Вользе Піліпаўне, што табе цяпер вельмі цяжка?
— Не.
— Дарэмна... Тады яна, можа, зусім іначай да цябе адносілася б.
— Угаворваю Васіля пайсці на якую кватэру, дык не хоча...
— Канечне, калі б вы жылі адны, то былі б самі сабе гаспадары,— памаўчаўшы, сказала Лілія Іосіфаўна, як здавалася, ёй у падтрымку.— Зрабілі б нешта — было б, не зрабілі б — не было б... А так ты і не гаспадыня, і не кватарантка... Але,— сяброўка спачувальна (зірнула на яе,— успомні, колькі тыя Васільцы пашукалі, каб іх хто сям'ёю ўзяў на кватэру... І знайшлі не надта што вартае... А ў цябе... у цябе дзіця будзе... Ды і ім, яго бацькам, як будзе ў вочы людзям зірнуць? З такой вялікай, багатай хаты дзяцей, выходзіць, прагналі...
— Шчаслівая ты, што не выходзіш замуж...— супакойваючыся, выціраючы вочы і нос хустачкаю, сказала Мая Сцяпанаўна.— Не ведаеш усяго гэтага... Знаеш, як непрыемна, што цябе папракаюць кавалкам хлеба і страхою над галавой. Лепш цяжэй, але быць адным...
Читать дальше