Мая Сцяпанаўна маўчала, слязінак на руцэ не выцірала: не хацела, мусіць, каб і ён бачыў гэта, не здагадваючыся, што ад яго, старога, нічога не ўхаваеш.
— Дзе вы, маладыя, дзе мы, ды і зробім усё,— прамовіў ён.— Мы з маці раніцай, вы ў полудзень, усе разам вечарам...
Нявестка ўсё маўчала, папаласкала бульбу, яшчэ раз змяніла ваду, накідала бульбы ў чыгунок, наліла ў яго вады. І як яна нагіналася, а пасля падымала чыгунок на прыпек, моршчылася. То ён нечакана адчуў, што ёй не так ужо і лёгка рабіць: праз пару месяцаў ужо ісці ў дэкрэт.
— Васільцам такая выгода, можа, нават і не спіцца: пабралі чамаданчыкі ды пайшлі на кватэру...— зайшла ў кухню і прамовіла жонка з нервова пачырванелымі шчокамі і сіняватымі вуснамі, з гневам у вачах.— А гэта ніякай падзякі... Пасміхалася, падлагоджвалася, пакуль замуж узяў, а цяпер паказала зубкі...
Мая Сцяпанаўна, якая падымала ўжо і прымяркоўвалася пакласці ў печ палена, кінула яго на прыпек, плаксіва зірнула, пасля рашуча падалася ў сваю бакоўку. І, пакуль ён думаў, што цяпер сказаць жонцы, Мая Сцяпанаўна — у ботах на босую нагу, зашпільваючы паліто,— падалася з хаты.
— Ты куды? — замітусіўся Іван Сямёнавіч, хацеў затрымаць нявестку, але яна паспела адчыніць дзверы і, напусціўшы белай пары і не зачыніўшы за сабою дзвярэй, пабегла на двор.
— Ёй жа, Вольга, цяжка цяпер, хіба сама не бачыш?..— дакорліва сказаў ён, зачыніўшы дзверы і вяртаючыся на кухню.— Ды прывыкае толькі...
Жонка маўчала, накладала ў печ дровы, і відаць было, як дрыжалі ў яе рукі. Што яна цяпер думала, цяжка было здагадацца.
— Ну, мне пара ісці,— прамовіў ён, яшчэ нядаўна збіраючыся крыху перакусіць, а пасля ўжо ісці ў Вішнёўку, а цяпер адмаўляючыся ў думках ад вячэры: не да яе было.
Падаўся ў лепшы пакой, надзеў свой выхадны касцюм, сінюю кашулю, гальштука не павязаў, паклаў яго на стол, у зальцы абуў чаравікі і надзеў паліто.
— Чаго ты ляжыш? — паківаў ён галавою, калі зазірнуў У бакоўку і ўбачыў сына, які ляжаў і чытаў.— Яна ж амаль босая пабегла... Зараз жа ідзі, знайдзі яе і супакой, ёй нельга хвалявацца...— І зачыніў дзверы, вельмі незадаволены тым, як спакойна і нават абыякава паводзіў сябе сёння сын, які павінен быў і маці не пакрыўдзіць і за жонку заступіцца.— Ну, я пайшоў...— сказаў яшчэ жонцы, але тая яму не адказала.
Ён падаўся ў сенцы, даўно ўжо не выходзячы з хаты з такім непрыемным настроем...
...Праўда, за дарогу, пакуль дайшоў да Вішнёўкі, а пасля сустрэўся там, у канторы, і перакінуўся словам-другім з парткомаўцамі — сакратаром, дырэктарам саўгаса, старшынёй сельсавета, брыгадзірамі, рабочымі,— паволі супакоіўся, пачаў забывацца пра сямейныя непаладкі, думаў пра іншае. Паспакайнеў і зноў паверыў: дома ўсё хутка ператрэцца, наладзіцца і будзе добра. Чаго не бывае напачатку!..
Як сабраліся ўсе, крыху пажартавалі, потым заселі ў прасторным, пафарбаваным у жоўты колер, з апушчанымі на вокны жоўтымі занавескамі і з дзённым мяккім электрычным святлом парторгавым пакоі, што быў на другім паверсе, вокнамі на вёску. Сам парторг, Віктар Дамінікавіч, сеў за свой стол, што стаяў уздоўж сцяны, пад вялікім партрэтам Леніна, а яны, парткомаўцы, паселі абапал доўгіх вузкіх сталоў, пастаўленых упоперак і накрытых бурачковым новым сукном. Сталы і крэслы, кніжная шафка, столік з вялікім тэлевізарам, невялікая канапка — усё было новае, шыкоўнае, блішчала гладкай паліроўкай.
Сёння Віктар Дамінікавіч, пажылаваты, гадоў пад пяцьдзесят, лысаваты, сімпатычны мужчына, які працаваў на гэтай пасадзе гадоў з дзесяць, паклікаў іх, каб спярша тут, на парткоме, а пасля і на адкрытым партыйным сходзе пагаварыць пра «ажыўленне культурна-масавай работы ў саўгасе».
— Мы ідзём наперад па вытворчасці малака і мяса...— пахваліўся спачатку Віктар Дамінікавіч,— Цяжэе ў нас кожны год і колас...
«Канечне, прыемна гаварыць пра поспехі...— падумаў Іван Сямёнавіч, седзячы — як намеснік парторга — найбліжэй да Віктара Дамінікавіча, насупраць дырэктара саўгаса.— А яны за апошнія два-тры гады някепскія... Саўгас проста на вачах ідзе ўгору...»
— Але не адною працаю, клопатам пра кавалак хлеба жыве наш чалавек,— гаварыў далей парторг.— Ён яшчэ хоча жыць культурна. І мы думаем пра гэта. Збіраемся вось пабудаваць яслі-сад, дамы ў Вішнёўцы, магазін — у Ніўным, сярэднюю школу ў Міланьках...
Пасля гаварыў пра канцэрты, сустрэчы з ветэранамі вайны, пра чытацкія канферэнцыі...
— Тут я не магу, таварышы, не назваць нашых актыўных памочнікаў у гэтай справе — міланьскіх настаўнікаў,— Віктар Дамінікавіч зняў акуляры, падняў галаву,— якія па-ранейшаму з'яўляюцца для нас усіх, спецыялістаў саўгаса, рабочых, прыкладам самаадданай працы, грамадскай актыўнасці, асабістых паводзін. І перш за ўсё я хачу назваць нашую старую гвардыю. Івана Сямёнавіча, які шмат гадоў з'яўляецца намеснікам сакратара парткома, добра арганізуе партыйную вучобу сярод камуністаў і беспартыйных, вядзе іншую работу, па сутнасці, маючы вялікі жыццёвы і партыйны вопыт, памагае нам заўсёды і ва ўсім... Велізарную работу па эстэтычным выхаванні насельніцтва праводзіць нястомны Алесь Трахімавіч... Актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай рабоце і маладыя настаўнікі. Добрымі палітінфарматарамі, рэдактарамі баявых лісткоў, газет, лектарамі, арганізатарамі літаратурных вечароў зарэкамендавалі сябе Павел Мікалаевіч Васілец, Ларыса Іванаўна Усціновіч, Лілія Іосіфаўна Заяц, Мая Сцяпанаўна Сапун... Шмат спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў сярод вясковай моладзі арганізаваў Васіль Іванавіч Рагатка. Гэта вельмі прыемна гаварыць, і за гэта Міланьскай школе, асабіста вам, Іван Сямёнавіч, вялікае дзякуй...
Читать дальше