Паглядзела на сябе.
«Як я пасталела за астатнія гады! Сталі нібы глыбейшыя, больш задумлівыя вочы, на лбе заявіліся маршчыны. Але нічога. Дзякуй богу, здаецца, яшчэ болей па-жаночаму і пахарашэла. І танклявая во, стройная. Здаецца, ніхто не можа зраўняцца са мною ў Міланьках... Значыць, не буду без увагі...»
Сліж, здаўшы жанчыне з гардэроба яе плашч і сваю куртку, гэтаксама стаў ля люстэрка, пачаў глядзецца і прычэсвацца — рабіць прабор і захіляць на левы бок, відаць, дома добра змазаныя крэмам паслухмяныя валасы.
«Ну і таўсцюк! — сама сабе ўсміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Яшчэ ж зусім малады, маіх гадоў, а гэтак во распаўнеў. Жывот во які, шчокі дык шчокі, што з-за іх і вушэй не відаць».
Адчуваючы хваляванне, добры настрой ад песні музычнага апарата, ад афіцыянтак у жоўтых сукенках, звону кілішкаў, гоману вясёлых людзей, дыму, Таццяна Сяргееўна прайшла, высока трымаючы галаву, па доўгім праходзе вялікай залы, бачачы, што на яе з захапленнем пазіраюць маладыя і пажылыя мужчыны. Яны, відаць, паспелі ўжо крышку надакучыць адзін аднаму, праглі ўбачыць новага чалавека, а то і прыгожую жанчыну.
Яна сама выбрала вольны столік, села, паклала нагу на нагу, зусім не зважаючы, што караткавая сукенка адкрыла яе прыгожыя сцёгны, молада і ўчэпіста на кожнага гледзячы і гадаючы, хто ён па прафесіі, чаго тут сядзіць, зірнула на ўсіх мужчын, усміхаючыся аднымі вачыма. Ведала, што гэты бляск у яе вачах вельмі падабаецца хлопцам.
— Таццяна Сяргееўна, сёння вы — прэлясць! — сказаў Сліж, як прывалюхаў услед за ёю і сеў насупраць.
— Па-першае, Уладзімір Пятровіч, я заўсёды такая,— адказала яна, усміхнулася, але не зірнула на Сліжа, а глядзела на сярэдзіну залы, дзе ў кампаніі мужчын сядзеў малады вузкатвары хлопец у чорным касцюме.— А па-другое, мілы, помніце пра наш угавор... Як-ніяк, а мы сярод людзей раённай сталіцы... Не ў Міланьках...
— Прашу прабачыць: прывычка...— крышку са збянтэжаным прамовіў Сліж, азірнуўся на сярэдзіну залы і ўбачыў таго хлопца, на якога пазірала яна. Хуценька адвярнуўся.— Глядзіце меню, заказвайце.
Таццяна Сяргееўна ўзяла ў рукі разгорнуты белы ліст. На ім зашчэпкаю было прышпілена меню, цьмяна надрукаванае на машынцы. Толькі прачытала, нічога не выбрала, аддала меню Сліжу. Сама зноў крышку запытальным, крышку іранічным позіркам акінула залу.
Сліж з ахвотаю ўзяў, доўга чытаў і перачытваў меню.
«Відаць,— падумала,— у яго мала з сабою грошай. Тое, што дала на дарогу жонка. Вось і падлічвае, каб хапіла: яму ж як мужчыне-джэнтльмену прыйдзецца плаціць і за мяне... Калі пуста ў кішэні, дык чаго ішоў сюды? Гэта... Гэта разбурае шчырасць, непасрэднасць. Але... О божа! Мне хутка будзе вельмі цяжка жыць: я пачала шмат думаць, разважаць, разумець, адчуваць з аднаго позірку, з аднаго слова... Раней я так ва ўсім не разбіралася. Можа, адчыніць сумку i. выкінуць на стол кіпку пяцёрак ды троек — усю першую плату? Не...— уздыхнула.— Не трэба да рэгаты псаваць сабе настрой...»
— Вы, Уладзімір Пятровіч, сёння як мапасанаўскі Жорж Дзюруа, які толькі што заявіўся з правінцыі ў Парыж! — з іроніяй усміхнулася Таццяна Сяргееўна.— Пазнаёміўся з пані дэ Марэль, заляцаўся да яе, але не меў... таго-сяго. І вось яна сама... Можа, і мне так вас выратаваць цяпер?
Сліж пасміхаўся, відаць было, што нічога не зразумеў, бо, канечне, не чытаў рамана «Мілы друг» Мапасана.
— Хто такі той... Дзюруа? — нарэшце запытаў ён.
— Адзін вялікі распуснік...
— Вы пра што гэта? — пунсавеючы, запытаў Сліж.
— Успомнілася вось, Уладзімір Пятровіч.
Як падышла невысокая поўненькая афіцыянтка, трымаючы ў руках чырвоны аловак і разгорнуты блакноцік, крышку адтапырваючы поўныя губы, пазірала з увагаю найболей на яе, Таццяну Сяргееўну, Сліж напраўду заказаў даволі сціплую выпіўку і закусь.
Пасля, крыху закусіўшы, як нехта ўкінуў у музычны апарат манету і «заказаў» вясёлую музыку, Таццяна Сяргееўна закурыла.
— Вы — прэлясць... Прабачце, цуда! — шаптаў Сліж,— вось хутка,— яшчэ цішэй зашаптаў, нахіляючыся да яе,— куплю «Жыгулі», і мы з вамі зажывём... Сабяромся — і з'ездзім далёка-далёка...
— Вы так многа марыце, гаворыце пра свае «Жыгулі», як Дзюруа марыў пра багатую жонку, пакуль нарэшце не ажаніўся на багатай удаве...
— «Жыгулі» — гэта мая даўняя мара! — прызнаўся Сліж.— Як і з'ехаць з гэтых праклятых Міланек, жыць хоць у гэткім во гарадку, — гаварыў ён і лашчыў яе позіркам.— Думаю, што і вы ад гэтага не адмовіліся б. Га? — ён, не міргаючы, пазіраў ёй у вочы.— Тут мы з вамі маем адны думкі...
Читать дальше