— А давайце, людзі, сёння пабалюем,— як з нявесткаю прыгатавалі вячэру, селі за стол, загарэзнічала Вольга Піліпаўна, дастала з шафкі даўно купленую пляшку каньяку.— Вып'ем проста за добры дзень. Як ты, гаспадар?
— Я з ахвотаю,— усміхнуўся Іван Сямёнавіч, хоць ужо даўнавата, як пачаў адчуваць колікі ў сэрцы, не браў у рот і кроплі віна.— Ды яшчэ калі дазваляе сама гаспадыня.
Як павячэралі, Іван Сямёнавіч адчуў, што зусім ахмялеў ад адной чарачкі, успацеў, адчуў прыліў дабрыні і шчырасці і з радасцю ўбачыў, што гэткімі ж уважлівымі, шчырымі стараліся быць і сын з нявесткаю.
Калі ён падумаў выйсці на двор і пасядзець на лаўцы, падыхаць вераснёўскім свежым паветрам, падышлі Васільцы. І гэта яму спадабалася.
Васілец — ведама, малады, здаровы — быў ужо свежы, бадзёры, як і не працаваў шмат у школе і дома. Быў статны, прыгожы мужчына. Яшчэ не пажылы, амаль ніводнай маршчынкі на лбе ці ля вачэй, але ўжо і не юны: у задуменных зялёна-рудаватых вачах бачылася маладая сталасць, бачыліся розум і роздум, пра што гаварыла і некаторая маруднасць у хадзе і гутарцы.
Іван Сямёнавіч і сёння, як і часта дагэтуль, падумаў: «Вось на каго трэба старацца быць падобным сыну: той, здаецца, надта і не стараецца пасябраваць з Васільцом, задавольваецца тым, што яны разам працуюць, калі-нікалі пра што-небудзь адзін з адным пагавораць».
— Згуляем, Павел Мікалаевіч, у шахматы? — як крыху пагаварылі пра надвор'е, пацёр рукі Іван Сямёнавіч.— Я падлічваю, як мы з вамі сёлета згулялі, калега. Пакуль што я на адно ачко ўперадзе. Сёння маеце шанцы зраўняць лік, хоць я пастараюся не паддацца, паказаць, што яшчэ справён.
— Давайце згуляем, паспрабуем зрабіць нічыю,— згадзіўся Васілец.
Падышла Мая Сцяпанаўна, хутка і ўчэпіста зірнула на Васільца. І ён зірнуў, засаромеўся, апусціў галаву.
Мая Сцяпанаўна, пунсавеючы, забрала каляску і пакаціла яе ў свой пакой.
Туды пакрочыла і Ларыса Іванаўна — расказаць адна адной свае «сакрэты». Васіль моўчкі памог Васільцу распрануцца, павесіў яго плашч, а пасля падаўся за імі, мужчынамі, услед — пазіраць, як яны будуць гуляць. Маўчун.
— Люблю, вельмі люблю гуляць у шахматы,— сказаў Іван Сямёнавіч.— Яшчэ з дзіцячых гадоў. У апошні час пагуляць у шахматы, папрацаваць пры доме, пачытаць — гэта мой і найлепшы адпачынак, і маё супакаенне. І люблю чытаць, але не ўсё, што трапляе пад руку. Чытаю ўзапар газеты, педагагічныя часопісы, перачытваю класіку, навінкі чытаю з выбарам... Тэлевізар стараюся глядзець мала. Пастаянна — перадачы «У свеце жывёл», «Клуб кінападарожнікаў», праграму «Час», мультфільмы, калі-нікалі — кіно і канцэрты. Затое вось жонка, нявестка і ён,— кіўнуў на сына,— могуць глядзець усё без разбору. Ад раніцы да вечара.
Расставіўшы фігуры, Іван Сямёнавіч узяў каня, апусціў руку пад стол.
— Гадайце, Павел Мікалаевіч, у якой руцэ...
У гэтую хвіліну зайшла яшчэ апранутая Ларыса. Яна, усміхаючыся, несла на руках спавітага Андрэйку — той ужо не спаў, пазіраў.
— Паглядзі, якое дзіва! — прамовіла Ларыса, пазіраючы на Васільца. А ў самой у вачах не толькі здзіўленне, але і радасць.
Васілец, зірнуўшы на малое, і ўсміхнуўся, і засаромеўся.
«Не, усё ж вы яшчэ зусім моладзь!»— усміхнуўся і Іван Сямёнавіч, з хвіліну памаўчаў, каб маладыя муж і жонка палюбаваліся яго ўнукам, а пасля паднёс да Васільца абедзве рукі. Той дакрануўся да правай.
— Вам, Павел Мікалаевіч, наступаць...
Таццяна Сяргееўна, Міхась Рыгоравіч і Уладзімір Пятровіч — настаўнікі матэматыкі ды фізікі — былі сёння ў горадзе, на семінары.
Таццяна Сяргееўна на перапынку спусцілася з другога паверха, забрала ў гардэробе свой чырвоны плашч, на хвілінку прытрымалася ля люстэрка, завязала на шыю чырвоную касынку, паправіла парык — і вымкнулася з двухпавярховага доміка на двор. Пачуўшы крокі, азірнулася: яе даганяў, надзяючы на хаду куртку, Сліж.
— Уцякаеце? — пажартаваў ён, цяпер вельмі смешны ад таго, што быў невялікага росту, але таўсматы, меў поўныя шчокі, а на галаву надзеў берэт.— Нядобра!
— Мне баліць галава, дык прайдуся. А вы вось чаго ідзяце? — адказала яна, не прыпынілася, пайшла далей па тратуары, прытуляючы да бока руку з сумачкаю.
— Як убачыў, што вы далі дзёру, дык і я за вамі...— Сліж дагнаў яе, пайшоў побач.— Трэба правеяцца, бо там надакучыла... Адна гаварыльня...
— Я ўжо даўно, таварыш Сліж, заўважаю: вы зусім не хочаце далей вучыцца, не стараецеся павышаць сваю настаўніцкую кваліфікацыю,— перапыніла яго Таццяна Сяргееўна. Як і заўсёды, гаварыла Сліжу ўсё ў вочы, гаварыла з іроніяй, з насмешкай,— Семінараў не любіце, да педсаветаў абыякавыя, да кніг вялікай ахвоты не маеце...
Читать дальше