— Вельмі хочацца мець мяне за палюбоўніцу? — зноў з іроніяй запытала яна.
Сліж збянтэжыўся, акругліў маленькія вочы, пасля ўсё ж хутка асвойтаўся, супакоіўся, зрабіў выгляд, што яго вельмі здзівілі яе словы.
— Не ўгадала вашыя думкі? — усміхнулася яна.— Ці вы не думаеце так дзелавіта, маеце да мяне больш высокія пачуцці?
— Канечне,— адказаў той.— Я не толькі паважаю вас... І не толькі сёлета, а ўжо даўно... Але вы ўсё смяіцёся ды смяіцёся. А магло б усё быць іначай...
— Можа...— зноў жартуючы, адказала Таццяна Сяргееўна.— Кідайце сваю Ніну і бярыце мяне замуж. І мы з вамі будзем жыць у згодзе і любві.
Сліж змаўчаў, як праглынуў язык. Яна паўсміхалася, пазіраючы на яго, разгубленага.
— Не разумею я ніяк, калі вы гаворыце праўду, а калі смяіцёся...— пастараўся звесці ні то на жарт, ні то на нейкую іншую размову Сліж,— Я сур'ёзна, з душою, а вы...— ён узяўся за пляшку, паказваючы, што пакрыўдзіўся.
«Эйш, куды хіліць! — падумала.— Калі так, дык трэба жартам ці з іроніяй абараніцца. Хоць Сліж не раз жарт прымае толькі за жарт...»
— Хочаце, Уладзімір Пятровіч, праўды, шчырасці? — усміхнулася яна, і ён як устрапянуўся: ужо крыху ведаючы яе характар, адчуў у гэтай насмешцы цвёрдасць, здольнасць гаварыць самыя бязлітасныя словы.— Калі ласка. Пакрыўджана я, а не вы. Я дзяўчына, вольная, як зязюля, а вы жанаты, муж, бацька, але нечага хочаце ад мяне... Але ніколі не спыталі: а ці кахаю я вас, ці магу хоць пакахаць? Не, не спыталі. Думаеце, раз вы зажадалі, дык я, ужо такая-сякая, гатова на ўсё. Яшчэ б: я ж фліртавала з вамі летась!.. Ды колькі пра мяне ўсякіх размоў ішло і ідзе! Дык запомніце, мілы, мяне, можа, і лёгка заваяваць, але вельмі цяжка ўтрымаць: для гэтага трэба быць, можа, віртуозам. У паводзінах, у гутарцы, у адзенні, у думках... І яшчэ адно запомніце: я лёгка паддамся не так таму, хто на мяне мае вока, а таму, каго кахаю я... У Міланьках ёсць такі чалавек, і я дзеля яго гатова на ўсё, але толькі ён не кахае мяне...
— Васілец? — хутка вымавіў Сліж, відаць, з сарамлівасцю і з самалюбствам перажываючы за свае марныя заляцанні, доўга трымаў у руках поўную чарку і не ведаў, за што яе выпіць. Упершыню сёння пазіраў ёй не ў вочы, а ўталопіў позірк на стол, качаючы па стале крошку хлеба.
— А што — гэты чалавек не варты сапраўднага кахання? Не варта прысвяціць яму ўсё лепшае? — гэта яна запытала са шчырасцю ды з такім болем, што Сліж — ці зайздросцячы, ці не могучы апамятацца — яшчэ ніжэй угнуў галаву. І яна ў гэтую хвіліну нават пашкадавала яго, што ён усё ж умее думаць, перажываць.
— Гэты ваш чалавек не варты кахання прыгожай жанчыны...— нарэшце азваўся Сліж, ужо двума пальцамі пакручваючы чарку і пазіраючы, як у ёй калышацца віно.— Вы часта гаворыце, што і жыць, і кахаць трэба толькі эмоцыямі...
— Гэта сказаў Стэндаль...— спакойна паправіла яна.
— Я чуў гэта ад вас. Гэта, па-мойму, значыць так: пакахаў — дык кахай, разлюбіў — дык разлюбіў, зноў пакахаў — кахай...— Сліж аж пачырванеў ад намагання гаварыць «па-інтэлігенцку»,— А ён будзе кахаць — дык будзе, разлюбіць — не асмеліцца пайсці ад жонкі, будзе цярпець. А гэта ўжо абмежаванасць.
— А вы можаце пакінуць сваю Ніну, дзяцей? — перапыніла яго Таццяна Сяргееўна.— Вось я раптам пакахала вас, вы даўно ўжо, як нядаўна гаварылі мне, кахаеце — дык давайце быць разам... Маўчыце. І правільна. Нялёгка ўсё гэта... Жыццё гэта.
— Я б, можа, болей асмеліўся, як ён,— прамовіў Сліж.— Ён асцярожны ды ў час адчуў, што адзін з самых здольных сярод нас, дык стараецца вылучыцца, цэліць на дырэктарскае крэсла. Ён яшчэ па характару ды па паводзінах не Іван Сямёнавіч, але і не Міхась Рыгоравіч...
— Вось як! — паківала галавою, здзівілася Таццяна Сяргееўна.— Вось які вы жучок! Ды не жучок, а жучышча! У тоўстым-тоўстым панцыры, што спачатку і не разгадаеш вас, не зразумееш. Кожны дзень вы з усмешачкаю, з жартамі. З усімі хочаце сябраваць, усім нібы жадаеце дабра. А на самай справе вы, выходзіць, іншы. Вось крыху вылезлі з панцыра, дык і відаць: у душы вы зайздроснік, самалюбца, думаеце толькі пра карысць для сябе. Не паважаеце вы свайго сябрука, не жадаеце яму дабра. Ці я, можа, гавару не так, памыляюся? Маўчыце, Уладзімір Пятровіч. Няма чаго вам сказаць. Не трэба так: гэта вельмі пагана. Нават страшна. Усім нам страшна. І блага. Вельмі блага. І сёння, і на будучае. Я ў школе з ім, самі бачыце, не пасміхаюся, не пляшчу ў ладкі за кожнае яго слова, а, наадварот, дзе толькі можна, па-свойму, па-жаночаму спрачаюся з ім, стараюся перамагчы яго. Але з задавальненнем бачу: ён перамагае. Як і бачу: і ў яго ёсць памылкі, бо і ён чалавек, не ўсё яшчэ ведае. Але не смакую гэтага. Гэта не галоўнае. А галоўнае, што ён шчыры, шмат думае пра справу, шмат працуе і добра працуе, заўсёды гатовы памагчы. Я сёння тут — без яго — магу сказаць пра яго самыя лепшыя словы, маэстра...
Читать дальше