— Не ведаю... Баюся...— замахала рукамі Ларыса. Зморшчылася, застагнала і пачала нервова хадзіць па пакоі.— Гэта ўжо ўсё. Гэта прыйшла мая...
— Мужайся, дарагая,— папрасіў ён, калі ўжо зашпіліў гузікі кашулі і надзеў пінжак. Супакойваўся, перасільваючы страх. Хацеў неяк супакоіць і Ларысу.— Пабуджу зараз гаспадыню, няхай яна пасядзіць з табою, а сам пабягу шукаць шафёра.
Ларыса нічога не адказала, як і не чула яго. Хадзіла, прыклаўшы рукі да паясніцы, і моршчылася, і стагнала.
— Ну, трымайся,— Павел падышоў да Ларысы, прытуліў яе да сябе — яна на хвіліну прыпынілася, як відаць было, праз сілу супакоілася, паклала яму галаву на плячо.
— Ой, як баліць, Паўлік!..— прашаптала яна.— Але, можа, не трэба табе нікуды бегчы, можа, пройдзе. Я вельмі баюся бальніцы...
— Усё роўна ж прыйдзецца туды ехаць,— сказаў ён і падаўся з пакоя.— Я бягом.
На кухні ён не ўключыў святла, бо было светлавата, ступіў на лаўку, падняўся і дакрануўся да пляча гаспадыні. Тая з бесклапотнасцю спала на лежаку печы, прачнулася не адразу, а толькі калі добра патармасіў яе. Падхапілася, села, аж ускрыкнула ад страху.
— Паглядзіце, калі ласка, Ларысу, а я пабягу па машыну,— сказаў Павел, саскочыў з лаўкі і, не чакаючы ніякага адказу, баючыся патраціць лішне хоць адну хвіліну, надзеў шкарпэткі, насунуў на ногі кірзоўцы, зняў куртку і, на хаду адзяючыся, памкнуўся на двор.
За ганкам, дзе жаўтаваты, а далей і чорны туман не прапускаў святла з акна, Васілец нібы аслеп, нібы знік у вельмі густой, хоць ты выкалі вока, цемнаце. Выходзіў з двара, абапіраючыся рукою аб сцяну хаты, пасля — аб плот.
Калі выйшаў з двара, і не стараўся патрапіць на цвёрдую сцежку: яе няможна было ў гэтакай цемнаце ўбачыць ці абмацаць нагамі. Пабег наўскасяк па полі, адчуваючы, як у мяккім сырым ворыве грузнуць боты, як яны цяжэюць ад наліплага пяску.
У лагчынцы, што была пасярод поля (там днём блішчала вада), набег на лужыну, спатыкнуўся ад нечаканасці ў ямцы і ледзь не паваліўся, каб не сагнуўся ды не абапёрся на рукі. Намачыў рукавы, абпырскаў твар, шыю. Падхапіўся, сціснуў да болю губы ад крыўды і злосці, атрос з рук ваду ды мокры пясок — і, задыхаючыся, чуючы, як сохне ды гарачэе ў роце, пабег далей, да вёскі, што зусім прапала ў цемені, як яе і не было на свеце.
Бег вось так, па такой патрэбе, другі раз у жыцці. Першы раз бег, калі быў зусім малы, калі збіралася радзіць маці. Тады бацька гэтаксама ўночы паслаў яго на хутар на бабулю. Ён імчаўся і вельмі баяўся ночы, лесу ды ваўкоў.
Цяпер, калі бег дзеля жонкі, канечне, не было ніякага страху, ён хацеў толькі адно: каб Ларысе было добра...
Як перабег поле, напароўся на кусты. Яны сцебанулі калючымі галінкамі па твары. Вымкнуўся зноў на поле і наўздагад памчаўся да дарогі.
Вось там, на дарозе, адчуў: вёска блізка, вёска жыве: учуўшы яго, азваліся вясковыя сабакі. Адзін — тут, з краю, а другі — недзе далёка, за школаю. Гаўкнулі разам абодва, здаецца, з будкі, не вылазячы на морась: брэх чуўся не звонкі, а глухі. Як з нейкай пасудзіны.
Калі яшчэ крыху прамчаў, адчуў, што ўбягае ў вёску. Не бачыў яе, а іменна адчуваў. Платы, сады ды хаты, што стаялі, дыхалі цяплом, жыццём.
Угадаў нейкім цудам і шафёраву хату. Абапіраючыся аб плот, падышоў да веранды, заляскаў зверху ўніз халоднаю, аж пякла ў рукі, клямкаю.
— Выбачай, братка,— калі выслухаў яго, нават не адмыкаючы дзвярэй, адказаў заспаны шафёр...— Я ж не паставіў сёння нанач ля хаты машыны, і ніхто ў Міланьках надоечы не прыехаў дамоў на машыне. Бяжы ўжо да конюха...
Васілец — расчараваны, растрывожаны — выйшаў з двара.
«Жыў бы ў горадзе ці хоць бы і ў вялікай вёсцы, дык выклікаў бы «хуткую»,— падумаў.— Тут не выклічаш. Дык трэба напраўду бегчы да конюха і прасіць у яго каня. Дзедаўскі гэта спосаб, але найбольш цяпер верны...»
Конюх жыў у другім канцы вёскі, за былымі яго, Васільцовымі, гаспадарамі. Покуль, зусім прамокшы, Васілец; дабег да яго, дык узмакрэла спіна.
— Ну, хто там? — з незадавальненнем запытаў добра знаёмы конюх, Мікола, бацька трох вучняў Міланьскай школы, нехаця адамкнуў, упусціў у цёплы дом.
У хаце-калідоры, дзе ўжо ярка гарэла святло, Мікола сеў на столак, што стаяў пры печы, доўга нацягваў ватовыя штаны з палеенымі чорнаю скураю каленьмі і задам, доўга цёр аб руды ступак вялізнай нагі анучу.
— Эх, як я яшчэ паспаў бы! — насунуўшы на адну нагу бот, пацягнуўся Мікола, расставіў у бакі локці, пастукаў кулакамі па баках ды заплюшчыў вочы,— Здаецца, яшчэ толькі разышліся па сваіх хатах з мужчынамі, толькі што паслухаў жончыну лекцыю і лёг... Ну і гэтыя кабеты, я табе скажу! Радзілі б удзень, па-людску, а то сярод ночы, я табе скажу!
Читать дальше