Абодва выпадкі з Барысаўшчыны.
I такое не вельмі мне зразумела — як мэтазгоднасць у барацьбе.
У Застарынні каля Баранавіч партызанамі быў праведзены першамайскі мітынг. Павыступалі i паехалі. A назаўтра ўранні прыехалі іншыя — батальён карнікаў з недалёкага Гарадзішча. I вымардавалі больш за тры з палавінай сотні людзей, у тым ліку i некалькі партызанаў, што там заначавалі.
I так яшчэ яны набіраліся — нашы мільёны ахвяр, уваходзячы ў неабдымна жахлівую лічбу — дваццаць. A ўжо ж i гаворыцца: звыш дваццаці...
* * *
Скідзельскае, жлобінскае, обальскае антыфашысцкія падполлі. Подзвігі, пакаранні, слава. Аднак у цэнтр трэба ставіць агульнасаюзнае, значыцца, рускае — Краснадон.
Чатыры салдаты ў шлюпцы на бурным акіяне, якіх ад галоднай смерці выратавалі амерыканцы. Старшы па званні — татарын, два ўкраінцы i рускі. Ахламоністы хлопец, i вушы смешна тырчаць. Аднак «Комсомольская правда» фотапартрэт яго дала асобна, з подпісам «Русский богатырь».
Уявім такое: група салдатаў ці партызанаў мужна адбіваліся ў акружэнні. Ix шмат, а член партыі толькі адзін, так сабе, малапрыкметны, заўсёды задні мужчынка. Аднак усё роўна, калі напішацца, як яны з боем выходзілі з акружэння, гэта будзе гучаць няхай прыблізна, але i бясспрэчна так: «Вперед! — воскликнул коммунист Хвостов, поднимая товарищей в последнюю атаку...»
Гэта ўжо з іншай оперы, але i тут аднак. Яшчэ мацнейшае, асабліва калі ў спалучэнні нацыянальнага з партыйным.
Дарэчы, так нам, паміж сябрамі, жартавалася i да 1953 года.
А яно ўсё жыве...
* * *
Савецка-польскія ветэраны другой сусветнай вайны, набліжаючыся да канца свайго шляху Разань —i Шчэцін, мы павінны былі звярнуцца — у імя найважнейшай справы — да ўсіх пісьменнікаў свету.
Праект звароту напісалі гаспадары, палякі, на чале з Войцехам Жукроўскім. А рэдагаваць яго з незразумела поўным правам узяўся кіраўнік нашай савецкай дэлегацыі, чыноўнічак з маскоўскага апарату Саюза пісьменнікаў, таварыш Нятой, якому за тым Жукроўскім як літаратару толькі б чамадан падносіць.
Аказёньвае тэкст, абанальвае. Палякі пярэчаць, даводзяць сваёг для справы безумоўна лепшае. A ў нашага — апошні аргумент:
— Я что — из-за тебя должен свой партбилет положить?!
Праўда, было гэта ў канцы восемдзесят трэцяга.
* * *
На юбілеі Цвіркі ў семдзесят дзевятым годзе слова ад Саюза пісьменнікаў СССР павінен быў сказаць вядомы крытык В. Аскоцкі. Ён i падрыхтаваўся належна, прыехаў з гатовым тэкстам. А тут у сталіцу братняй Літвы нечакана, праездам, з нейкаю дамай «нагрянул» Сяргей Міхалкоў. Тэкст выступлення сігануў вышэй, прачытаў яго сам масціты госць. Адпаведна дапрацаваўшы. Да слоў пачатку: «Замечательный литовский писатель Пятрас Цвирка...» было дададзена: «Замечательный литовский писатель, мой друг Пятрас Цвирка...» Далей — без адхіленняў.
Дружба тая — пытанне, а права першай ночы — барскі прывілей.
* * *
Па дарозе з Алма-Аты ў Талды-Курган мы, група ўдзельнікаў Дзён літаратуры ў Казахстане, аглядалі авечы адкормачны комплекс.
Лета семдзесят чацвёртага. Гарачыня — як вытрымаць. Дзве неабсяжныя прасторы — млосна-бясхмарнае неба i рыжа-спалавелы стэп. Церпкі пах безлічы светла-шэрых жывых кажухоў. Яшчэ i нейкія прамовы, i расказ пра дасягненні...
Ах, як не хочацца называць i не буду, бо ў гэтым ён вельмі далека не ўвесь, добры рускі пісьменнік, які i тут каторы ўжо дзень з ранку да вечара ледзь-ледзь трымаецца на нагах. Горка скажам: як ад імя свайго вялікага народа — перад народам меншым.
Стоячы ў гурце ззаду, раскіслы твар «старэйшага брата» бачыў я толькі памяццю. I тое зблізку бачыў, як адзін з гаспадароў, што сустракалі нас, кіраўнік раённага рангу, пад гальштукам i ў капелюшы, слухаючы прамову яшчэ вышэйшага, ціха, старанна, урачыста — як ад імя казахскага народа — раз-поразу зганяў з прыгорбленай спіны маскоўскага госця, які стомлена пагойдваўся, сярэднеазіяцкую назолу-муху...
* * *
У падарожжы па Хабараўскім краі мы, група літаратараў, трапілі якраз на адлоў гарбушы. У рыбгасе над вусцем Амура ў Татарскую пратоку нам паказалі выдатны японскі канвеер, дзе жывая рыба ідэальным спосабам ператвараецца ў экспартныя кансервы. А перад гэтым мы аглядалі «заездак», дзе тая рыба ловіцца, нам расказалі, што за гэты новы спосаб лову вынаходнік яго быў адзначаны Сталінскай прэміяй. A ўся справа ў інстынкце левай шчакі — ён, інстынкт гэты, i заводзіць рыбу ў паўкруг «заездка», дзе з глыбіні калаўротамі паднімаюцца сеткі, густы сярэбраны касяк гарбушы, адна ў адну, адцэджваецца i апускаецца ў лодкубасейн, кунгас, i адтуль — жыўцом на канвеер.
Читать дальше