Курсы тыя, як вядома, не адкрыліся. А кампанейскі Валодзя Агіевіч вясной сорак восьмага так актыўна заняўся маёй адукацыяй, што падключыў да гэтага работніка міністэрства асветы, майго земляка. Іой запрасіў мяне ў свой кабінет i прапанаваў пайсці ў сярэднюю школу імя Купалы, «дзе ў вас — усё дамоўлена — прымуць экстэрнам экзамены за дзесяць класаў...».
Тады ўжо не было, як у першыя пасляваенныя гады, недабору студэнтаў, калі з паступленнем ішлося лягчэй. Згадаю дзвюх зямлячак, сорак пяты год. Адна з незакончанай польскай гімназіяй прыехала паступаць на філалогію, a ў другое, якой захацелася быць географам, я спытаўся, што яна закончыла, i дзяўчына з поўнай нявіннасцю ў позірку i ў голасе адказала: «Шэсць класаў». Паступілі абедзве. Ды што ісазаць пра ix, пасля вясковых настаўніц, калі i ў пазнейшых дактароў навук, прафесараў ёсць такія прарэхі ў сярэдняй асвеце, пра што адны маўчаць, а адзін з ix неяк прызнаўся мне весела: «Закончыў я перад вайною сем, а даведку зрабіў на дзесяць».
У мяне было сем польскіх класаў i дваццаць гадоў бессістэмнага чытання... Зрэшты, я i дагэтуль не ведаю, што гэта азначае — чытанне, так сказаць, сістэмнае?.. З-за прадметаў дакладных я пасаромеўся ісці ў тую школу, з тым «усё дамоўлена».
Ці шкадую? А можа, па-старэчы хвалюся сваёй прыстойнасцю?
Не раз вяртаўся да думкі i гаварыў пра гэта ў сям'і i з найбліжэйшымі сябрамі, што мне найразумней было б тады, калі жонка вучылася ў інстытуце замежных моў, пры ёй, стацыянарнай, паступіць на завочнае аддзяленне i авалодаць, скажам, нямецкай i англійскай мовамі. Гэта ў мяне, здаецца, пайшло б, i як жа прыдалося б!..
Праўда, парог з атэстатам за сярэднюю заставаўся, яго трэба было пераступіць, i перакладчыцкага аддзялення ў інстытуце пакуль што не было, а вывучаць педагогіку, каб не ісці пасля настаўнікам, здавалася недарэчным. I яшчэ дзве праўды. Першая — была ўжо сям'я: жонка, двое дзяцей, старая, хворая маці i нянька, дзяўчына з вёскі, са мною шэсць чалавек, трэба было зарабляць, а жылося нятанна. I другая — працы было нямала i ў рэдакцыі, i дома, i ў бібліятэцы. Хоць гэта i не апраўданне. Відаць, i ў мяне было i засталося ў характары тое, у чым я не раз папракаў старэйшага, Мішу, — слабая воля, гультаяватасць.
А яшчэ i тое, што я з поўным юначым даверам вычытаў калісьці ў «Пути жизни» Льва Талстога — словы М. Г. Чарнышэўскага (перакладаю адтуль):
«Навука не ў школах. У школах — надзьмутая тупасць невукаў. Навука ў кнігах i ў асабістай працы па здабыванні ведаў з кніг i з жыцця, а не са школы, дзе ніколі з таго часу, як было вынайдзена кнігадрукаванне, ад навукі не засталося нічога, апроч плесні».
Аднак i заключэнне просіцца.
Нядаўна хлопец-зямляк, не даслужыўшы двух месяцаў у арміі, напрадвесні дэзерціраваў. Даплёўся з Палесся ў наша Наднямонне i з тыдзень нядрэнна пажыў на трох дачах на змену, у кожнай што-небудзь знайшоўшы: кансерву, бульбы, цыбулі, нават i бутэльчыну. А потым яго там накрыла міліцыя. Элегантны ваенны юрыст, лейтэнант, знайшоў мяне ў Мінску. У сваім ветліва акуратным апытанні дабраўся i да асветы. I я — пры ім, з «бубнай» на кіцелі, i пры сваім сыне, кандыдаце навук, не здолеў сказаць: «незакончаная сярэдняя» — сказаў пра поўную... Праўда, i ўспомніў у думках, з нейкай няёмкаватай весялосцю, два акрэсленні сярэднесці.
Адзін з пярэстаркаў, з якім я ў 1924-1927 гадах хадзіў у загорскую пачатковую школу, вахлакаваты i дабрадушны Валодзя, вучыўся так туга, што вершык ім наш наста ўнік заказваў вывучыць удвух з другім такім самым пярэстаркам i гультаём. Сябры па няшчасці адказвалі, вядома, не дуэтам, а на змену, па радку, па два, хто што лепш успомніць. Дагэтуль чуецца мне той просценькі польскі вершык, дванаццаць радкоў, бачацца тыя пакўты двух таўкачоў, пад смех ці падхіхікванне меншых аднакласнікаў, бо да таго ж яшчэ ў дуэце адзін заікаўся, a другі прышапетваў. А пасля вызвалення, зімой 1939-1940 года, калі i наша Загора ўступіла ў эпоху анкет, той Валодзя, ужо сямейны мужчына, каваль, калі яго хтосьці з упаўнаважаных апытваў i дайшоў да графы пра асвету, сказаў i ў сталасці шапялява: «Шарэдняя». Hi замнога, значыцца, ні замала.
Другое, што мне прыгадалася, гэта народны анекдот. «Як, браце, жывеш? — Ды сярэдне. — Як сярэдне? — Між дзвюх торбаў». Гэта — калі яны ў жабрака надзеты насілкамі накрыж, на абодва плячы.
Смех смехам, філасофія філасофіяй, аднак i прыкра, горка бывае, калі ўпіраешся такімсякім гуманітарным ілбом у глухую для цябе сцяну матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі...
Читать дальше