* * *
На тры гады раней, зімою, здарылася такое, што наша маці паехала ў госці адна, а мяне не ўзяла, колькі я ні малёкаў.
Госці былі далека, за семнаццаць вёрст, да Ганны, маёй найстарэйшай сястры, i не так сабе, а на хрэсьбіны — у нас гаварылася: на радзіны — мамінай унучкі, маёй пляменніцы.
Толькі вароты нашы зачыніліся, а я яшчэ не зусім адрумзаўся, калі з мяне пачалі пакепліваць браты. Няхай сабе той, што старэйшы на тры гады, а то ж i той яшчэ, што на сем, вялікі!.. Яны смяяліся: «А не ўзяла, не ўзяла!», я агрызаўся: «А я паеду, паеду!», i дайшло да таго, што я зноў надзеў зношана-сіні, з чорным каракулевым каўняром гарадскі палітончык, які па праве даношвання пасля старэйшых быў маім, i выбег на двор. З двара — на вуліцу. Ніхто мяне не даганяў, бо ніхто не падумаў, што я гэта напраўду, i я пачаў даганяць сваю маму.
Наша хата ў ніжэйшым канцы вёскі, i мне спачатку трэба было бегчы па вуліцы ўгару. Я спадзяваўся, што за першым узгоркам, дзе жыла Віліта, другая з нашых замужніх сясцёр, мама спыніцца, бо i яны, Віліціны, таксама ж паедуць на радзіны. Але саней, i нашых, i іхніх, на вуліцы ўжо не было. I я далей варухнуўся подбегам, яшчэ не крычучы.
Крычаць пачаў за вёскай, на самай гары, калі здалёк убачыў, як абодва «вазкі», святочныя сані, следам за чорнай i сівай кабыламі, пабеглі з гары ў далінку, каб потым зноў на ўзгорак... Я бег, крычаў адно толькі слова, мой палітончык быў не зашпілены, адліжны снег паміж каляінамі рассоўваўся на бакі, боты чапляліся адзін за адзін, a ўсё ж я ні разу не паваліўся!.. Пратрухаўшы рыссю з узгорка на роўнае, коні пайшлі ступой. I я закрычаў часцей і, мне здавалася, мацней. А яны ўсё не чулі — нават i мама, хоць ехала ззаду, хоць гэта ж i яна!.. Потым конi зноў пайшлі бегма. I я ўсё бег. Да мястэчка было ўсё бліжэй ды бліжэй. А зацятасць мая яшчэ ўсё мяне падганяла, яшчэ ўсё не думаў: а што, а як жа далей?..
Я ўжо бываў у Ганны, ведаў, што вельмі далека, але цяпер пра гэта як быццам не памятаў.
Коні i сані ўбеглі ў нашу, ад нашага боку, вуліцу мястэчка i пайшлі памалу. Яны былі далека, аднак надзея мая зноў пачала крычаць, як i раней, вядома, з прыплачам. Вуліца злёгку уздымалася ўгару, пасля быў паварот управа. I нашы туды схаваліся. А я ўсё бег, неўзабаве — сярод першых двароў. Кагосьці бачыў я, хтосьці мяне, i гэта было незвычайна — як я то клыпаю, то зноў бягу, тут ужо гукаючы зрэдку...
I радасць — нарэшце — прыйшла!..
За адным, пасля за другім паваротам вуліцы распасцерлася рыначная плошча. I там нашы коні i сані стаялі, спыніўшыся каля крамы. Потым на ганак выйшлі мама, Віліта, Юстын. А я падбягаў да ix ужо з усмешкай. Мокры, незашпілены.
Вусаты, панурысты дзядзька, што быў маім шваграм, сказаў:
— Дайце рэспусту пугі i няхай бяжыць назад, як i сюды дабег!..
Штосьці так. Калі ж у словах не зусім дакладна, дык тон я памятаю добра.
А з маміных пазнейшых слоў помніцца тое, што яна тады падумала:
«Скулу табе, таўлуй! Каб я сваё дзіця...»
Нават заплакала. Але гэта пасля, калі мы ўжо ехалі.
Спачатку мы дваімі саньмі павярнулі з плошчы ў бакавую вуліцу, да мамінай цёткі, а там пазычылі кажушак. Мама апранула мяне, каўнер кажушка наставіла i падвязала хусткай. I вось я зноў сяджу ў перадку, спіной да нашай Сіўкі, носам да мамы, i ногі мае не толькі ў сене, але i накрыты коўдзеркам, таксама пазычаным. I мне так добра — i цёпла, i свайго дамогся, i лепш пра гэта не скажаш!..
Маці была, як на мой сённяшні лік, яшчэ нестарая, пяцьдзесят другі, i моцная характарам. Аднак i на гэта ў яе хапала цяжару. Году яшчэ не было, як аўдавела, засталася на разбуранай вайною гаспадарцы з трыма хлапчукамі. Старэйшаму толькі чатырнаццаць. А гэты...
Тут я спынюся, каб не расчульвацца. Бо i не плакала яна, думаецца цяпер, — слёз яе няма ў маёй памяці, яны былі, відаць, толькі ў мамінай душы. Маўклівай... Самотнай!.. Дачка i зяць?.. Значна пазней я пачаў разбірацца, што да чаго, чаму яна i ехала асобна, на сваім вазку, чаму яна i «скулу табе!», хоць не сказала, a толькі падумала...
Далей была дарога, якая i не здоўжылася, i закончылася цёплай хатай, дзе былі дзеці, пляменнікі, не надта старэйшыя за мяне, i тая, трэцяя, з-за якое мы прыехалі, зусім маленькая на падушцы. Была сястра, таксама як i Віліта, падобная больш на цётку, i быў яшчэ адзін швагер, дзядзька не толькі вусаты, але i з барадой... Было б што яшчэ расказаць.
Ды мне далей успамінаць не хочацца. Мой дзікі бег i крык, няхай сабе i пястунскі, чатыры зімовыя кіламетры, а потым мама, сані, кажух, перамога — гэта важней за ўсё!
Читать дальше