Так у сям'і, у хаце бывала.
A ў агародзе ці ў садзе, у сваім ці ў чужым, ужо самастойна ці ўпотай? Набраць повен рот чорных, «як жучкі», вішань i раздушыць ix, каб аж у носе сокам заказытала...
Тады ўсё гэта было вельмі звычайным, а потым i мудрасць, набытая сярод людзей i ў кнігах, засведчыла, што простае, здаровае — найлепш.
Зямлю мы ў маленстве бралі рукамі, на пашы капаючы «печкі», а дома, пакінутыя дамаўнікамі, штодня ўкопваючы бульбы. («Пад вечар бульбы кошык укапай!») I на смак яе, тую зямлю, каштавалі, прайграўшы ў «ножыка», — бо як ты тады ні мянці нажом перад раскрытым ротам, той, хто выйграў, умудрыцца ўкінуць табе на язык скачаны з сырой зямлі шары к.
Крышылі мы, дамаўнікі, i зелле свінням, навыбіраўшы ў градах бацвіння, дыхалі пахамі агароду, сокамі яго. Зубы нашы заходзіліся ад аскомы, яблычнай i вішнёвай. Моркву мы хрумсталі тут жа, у градах, толькі «добра абцёршы» падолам кашулі ці проста аб порткі. А на зубах была-такі чуваць зямля.
Нядаўна знаёмы закройшчык з опернага тэатра ўспамінаў, як у верасні трыццаць дзевятага веска яго разбірала маёнтак. Бралі — хто што мог, а ён, хлапчук, нарваў поўную запазуху панскай морквы!.. Дый то не адразу, не самі дзеці ў той маёнтак пабеглі, а ix танкіст савецкі падахвоціў.
* * *
Што такое глухамань — я ведаю добра.
Што я рабіў бы тады, каб не кнігі?
Не бачыў бы, не адчуваў бы гэтай глухамані на ўсю яе глыбіню i, можа, не так было б сцішна.
A калі да глухамані, да цемры дадаць яшчэ горкія думкі пра смерць? На пятнадцатым годзе жыцця. На вечарынках — за гучнай музыкай, за потнай радасцю дарослых, за вясёлым прасцяцкім гоманам, за ўсмешкамі маладых, здаровых работнікаў ды работніц на заслужаным адпачынку я бачыў... ix чарапы, ix шкілеты... З сілай галюцынацыі (здаецца, яшчэ' не ведаючы гэтага слова).
Што гэта было — пераходная хвароба ці залог таго, што я не хацеў растварацца ў гэтай глухамані, у гэтай цемры-смерці?..
Асабліва цяжкай была глухамань у познюю восень, калі не было адраджэння красы вяснянай i летняга росквіту яе, спялення, калі не было зімовай чысціні i прасторнасці, асабліва ў сонечныя дні, а была непралазная гразь, балота.
Што такое балота? Да сарака пяці гадоў я не бачыў Палесся, а балота — глеістае, глыбокае, ад плота да плота, бясконцае, на ўсю глыбіню вясковай вуліцы, з выгана ўнізе i з гасцінца «на гары», — балота я ведаў.
Вяртаючыся з пашы, каровы цягнуць вым'е па бяздоннай халоднай гразі.
Выцягванне ног адна за адной — нялёгкая, абрыдная работа i табе самому. A ісці каля плота, дарма выбіраючы сцежку? Балота мы валаклі з двара, з вуліцы ў свае i ў чужыя хаты.
Святочнае адчуванне — ты ў намытых ботах. Гэта ўжо тады, калі трохі падмерзне. A ўжо пра тое, як ix памажаш дзёгцем ды выйдзеш — i не кажыце!..
Гэтыя думкі-ўспаміны абудзіліся былі нядаўна з новай сілай, калі чытаў пра Эфендзі Капіева — пра тую глухамань, з усёй цемрай мусульманскай абмежаванасці, з якой ён выходзіў у вялікі свет.
Ён — дзякуючы рэвалюцыі, а я — вызваленню, пра што не трэба лішне балбатаць, але ж не трэба i забывацца.
1987
Іду на папрок: «Во дапісаўся — пра кожную дробязь!..» У апраўданне сабе можна згадаць i чэхаўскую попельніцу, i яшчэ што-небудзь, аднак лепш не апраўдвацца, a пайсці насустрач настойлівасці пачуцця.
На лысіне валасы больш не вырастуць. А на двары пакінутай сядзібы — хоць двор той, нібы самы надзейны ток, быў, здавалася, назаўсёды ўбіты,утрамбаваны шматгадовай, штодзённай безліччу ног i капытоў, — на панадворку тым за некалькі гадоў апусцення паднялася густая трава. Адзін з цудаў сучаснасці!..
Праўда, зямля тут вельмі добрая. Вунь крапіва паміж хатай i свірнам дык тая загула да самага падстрэшша, густа, духмяна ў сваёй пагрозлівай пякучасці. А на шчодрых калісьці градах зялёная дзікасць ажно ўшчацінілася знізу ў лістоту яблыняў, абвіслую пад цяжарам бяздогледных белых наліваў, штрыфлінгаў, антонавак...
Адтуль, ад таго суму, вельмі выразнага ў летнім росквіце, адзіны сын колішніх, зямля ім пухам, гаспадароў, малады падпалкоўнік у адпачынку прывёз мне папрошаным грузавіком на прылясную, надрэчную дачу некалькі патрэбных на абжытак рэчаў. Пілу, сякеру, касу, граблі, сахор. Пілу там, у напалову апусцелай вёсцы, хлопцы старанна развялі i навастрылі, касу накляпалі. Прыемна ад такога клопату. Яны там — даўнія суседзі, сябры маладосці, некаторыя трохі i сваякі. А ён, пляменнік, светлы, спакойны Лёня, «хлопец з рукамі» — жывая памяць пра найбліжэйшага з маіх братоў.
Читать дальше