Гара — не rapa, але i ўзгоркам яе не назавеш. Заходні канец нашай вёскі ўздымаўся высока, a калі яшчэ выйсці з яе на гасцінец, дык i адчуеш, як ты падняўся над наваколлем. Ва ўсе бакі так далека, так хораша ўсё відно — i палі, i вёскі, i мястэчка з шасцю светла-салатавымі купаламі царквы, i лясы, меншы на поўдні, а на паўночным усходзе большы. У меншы мы, школьнікі, мінулай восенню хадзілі па бярозкі, якія саджалі абапал гасцінца, a ў большы лес, які далей на поўнач, за Нёманам, i называецца Налібокамі, пушчай, дарослыя зімой ездзілі па дровы i дзеравякі.
Я i сёння яшчэ ўсё люблю сяды-тады, чым далей?то ўсё больш зрэдку, апынуцца на нашай гары. Калі адзін, дык моўчкі пастаю, паазіраюся, a калі з якім-небудзь госцем, бывае i з замежным, дык i спытаюся: «Штo, прыгожа?» A ў маленстве я ўмеў яшчэ радасць ад вышыні выказваць i крыкам — тонкім, пранозлівым, доўгім, — лепш за ўсіх сябрукоў i сябровак. Гэта тады, калі мы пасля заняткаў выбягалі з сумачкамі на школьны двор, адкуль таксама было далека відно, i крычалі ад радасці, а я — наймацней, «як паравозны гудок».
Стоўбцы былі тады павятовым горадам, Наваградак ваяводскім, i паміж імі хадзіў аўтобус, самаход. Для 1927 года гэта было дасягненнем, а для нас, «гімназістаў», радасцю. Некалькі дзён.
Аўтобус той быў падобны на таварны вагон, з дошчак, толькі значна меншы, карацейшы i цёмна-шэры, а не брудна-белы, як той, у якім мы, наша сям'я, пяць гадоў перад гэтым вярталіся з Адэсы. З абодвух бакоў у яго было па акне, а дзверы ззаду, калі пагода, дык i адчыненыя ўсярэдзіну. А ад парожка ўніз — дзве жалезныя прыступкі.
Калі аўтобус, натужна гудучы ды крэхчучы, паволі пяўся на нашу гару, мы проста беглі за ім, не снадзеючыся, што ён нас возьме, падвязе. Вераснёвая раніца, у якую стаўся цуд, пачалася сонечна, i дзверы таго крахтуна былі адчыненыя. Усярэдзіне — людзі, паны, якіх ён вёз, а злева каля дзвярэй дзядок. У паліце, пад кепачкай, глядзеў, як мы весела трухаем, а пасля... Гэта нават i падкрэсліць хочацца: пасля ён узяў сваю кульбу за канец i дужку выставіў нам!.. Не прыпомню, хто з нас ухапіўся першы, хто другі, хто апошні. Мы ўсе паспелі, адно за адным, пакарыстацца кульбай, дзвюма прыступкамі, i вось — Бог ты наш добры! — ужо сядзім на падлозе самахода, а ён нарэшце адкрахтаўся, узабраўся на гapy, лягчэй пайшоў па роўным, а потым i пакаціўся зверху ў даліну.
Не памятаю, вядома, што гаварылі паны i пані ў аўтобусе. Але i сёння бачыцца, што той дзядок зноў апіраецца на кульбіну дужку i ўсё маўчыць, нават нібы ўсміхаецца. I нам ён, я мяркую па сабе, бачыўся таксама пасажырам, хоць слова гэтае, не ўпэўнены, што ўсе мы ведалі. Іірасцей было думаць, што i ён таксама едзе, як i ўсе.
Цуд паўтарыўся некалькі разоў. Не памятаю, ці ўзапар, ці з паўзамі на непагадзь, калі дзверы над дзвюма прыступкамі былі зачынены. У адчыненых дзядок еядзеў на тым самым месцы, таксама з далоньмі на дужцы, таксама выстаўляў сваю кульбу, а потым маўчаў i ўсміхаўся зрэдку ў сівыя вусы над сівой бародкай. I мы ўжо думалі, i гаварылі, ідучы, паміж сабой, што ён або грошы бярэ з усіх за праезд, або i самаход — ягоны.
За апошнім разам са мною здарылася бяда.
Так жа ёмка сядзеў, ускочыўшы пасля ўсіх, i ногі мае на прыступцы, адной рукой трымаюся за вушачок дзвярэй, другая рука свабодная, сумка вісіць на тым плячы. Гляджу сабе, як гасцінец пад намі ўцякае назад. А пасля... Пасля мая сумка з кніжкамі ды сшыткамі ціха шуснула ўніз, на дарогу!.. Я, не паспеўшы нічога іншага падумаць, сігануў за ёю. Аўтобус тым часам ужо скаціўся з гары i ветрам імчаўся па цвёрдай жвіраванай роўнядзі. А я ж ніколі не скакаў на хаду. Што грукнуўся аб цвёрдае, дык гэта, можа, i не адчуў так страшна, а жорстка перакуліцца ў калючым пыле давялося разоў некалькі.
A ўсё ж мне бачыцца... калі не помніцца, дык чамусьці дагэтуль, праз процьму перажытага, бачыцца, што дзядок наш — смяяўся. Нават i рукі прыўзняў, адна з кульбай, другая так сабе. I смяяўся, я думаў, разам з усімі, хто бачыў маю ганьбу...
Было балюча i крыўдна. Я ўстаў, трохі асцепаўся, даклыгаў да сумкі, падняў, тады вярнуўся да шапкі, абабіў яе аб калена, надзеў на стрыжаную галаву i падаўся ў недалёкае мястэчка. Не плачучы.
...Колькі разоў за два апошнія гады аўтобус той не-не ды зноў загудзе, закрэхча ў маёй старэчай дальназоркай памяці. I ва ўспаміне гэтым бачу, адчуваю — як галоўнае — не тую крыўду i злосць за сваё кулянне падбітым зайцам услед за сумкай, не той, можа, i ўяўны смех, а перш за ўсё — працягнутую дужкай кульбу, а тады маўчанне дзядка, яго таямнічую, дабрадушную ўсмешку...
Читать дальше