Левыя звычайна прамаўлялі: “Бачыце, шьто робіцца! І ведаеце, хто вінаваты?!” а Правыя, на тое казалі: “І нічога таконга не робіцца, а калі й робіцца, то вінаватыя ў гэтым вы”.
Левыя з Правымі часта сварыліся, горла адны на адных люта настаўлялі. У Правых было войска, таму ў сварках яны заўсёды перамагалі. Войска заўсёды бывае толькі ў Правых. Калі ж войска з’яўляецца ў Левых, то Левыя тады імгненна забываюць, што яны левыя.
Я – як і кожны чалавек недурны, у якога не адзін розум, а два, – пасярэдзіне быў, паміж Левымі і Правымі стаяў. Мне падабаліся Левыя, але і з Правымі я не хацеў сварыцца. Навошта? Свае ж людзі таксама.
Не ведаю, як дзе, а ў нашым мястэчку стольным любімы занятак Левых – мітынгі, ну а ў Правых сваё хобі – нарады. Часцей за ўсё, засядаючы, Правыя паглыблена вывучалі заявы Левых, учытваліся ў кожны хвосцік. У заявах сваіх Левыя звычайна прасілі дазволіць ім правесці мітынг чарговы. Называлі дзень. Правыя ж адмаўлялі і на заявах Левых рэзалюцыравалі нешта такое?а ці звычайна не ў гэты дзень нарадзіўся Карл Маркс? А ці не супадае гэта з 60-годдзем высылкі Троцкага? А ці не перашкодзіць гэты мітынг правядзенню свята рыбака?..
У тры словы кажучы: Правыя не папускаліся.
I з мітынгам, у якім я ўдзельнічаў, Правыя таксама не папусціліся. Учыталіся ў заяву падазроную, на партрэт Дзяржынскага ўсе разам паглядзелі, абжоўваць пачалі. А чаму ўдзельнікаў столькі? А чаму ў месцы такім (Левыя думалі на могілках сабрацца)? А ці толькі гэтых яны будуць памінаць, а можа, й тых?
Пасля ўсіх пытанняў цяжкіх Правыя — дзеці ж сялян — уздыхнулі зусім па-сялянску: а каб вы спрахлі, Левыя, а каб вы галавой налажылі, дыхаць не даяце, паразіты, ну дык і мы вам...
I далі пакуль сваім лектарам адданым заданне — скрозь, дзе толькі можна, гароху дэзінфармацыйнага пасыпаць. I пабеглі лектары-пляткары адданыя ва ўсе бакі мястэчка нашага сталічнага, пазаймалі ўсе трыбуны з графінамі зялёнымі, гарох жменямі пачалі шпурляць: «Не слухайце, людцы, лайдакоў левых, на могілкі не йдзіце. Бо калі пойдзеце, паб'юць вас. Хто біць будзе, не ведаем, але чутка ёсць — хлопцы-парашуталётцы спрыт свой інтэрнацыянальны пакажуць».
Здрыганулася па першым часе мястэчка наша сталічнае, рэбры свае худыя каля пазванкоў адчула. Але гэта толькі па першым часе. А ў дзень мітынгу — дрыготка мінулася. Мала хто паслухаў лектароў-плеткароў. Хоць яны не толькі ад сябе палохалі — усё больш на газету «Вячэрні піск» спасылаліся ды на хлопцаў-парашуталётцаў налягалі.
У дзень мітынгу местачком — галоўны будан Правых — на Бастылію стаў падобны, і ў натоўпе нават гукнуў нехта: «Людовіка на плаху!» Пазней, праўда, выявілася, што смерць «людовіку» патрабаваў пераапрануты Правы.
Я купіў кветкі. Каб кветкі ўцалелі ў штурханіне людской, я загарнуў іх у некалькі газецін кааператарскіх. Выйшаў пакунак ладны — шырэйшы з аднаго канца, чым з другога. Здаля зірнуўшы, можна было падумаць, што ў руцэ ў мяне загорнуты цясак адналязовы, або сякерка кухонная, або яшчэ нешта небяспечна гастраномнае.
На падыходзе да могілак мітынговых мяне спынілі два міліцыянты лычкапагонныя, на пакунак паказалі:
— Што гэта ў вас?
Яны спыталі, вядома ж, па-руску, і гэтак жа па-руску адказаў я.
— Спутніца тревог.
— Што?! — вочы ў міліцыянтаў бліснулі, як гузікі уніформныя.
Зразумеў я, што пакаленне сённяшняе нашай міліцыі бяссоннай дрэнна ведае вечна маладую паэзію Льва Ашаніна. Растлумачыў, як спецыяліст:
— Красная гвоздика — спутница тревог.
— Цветы, что ли? — усё яшчэ не верылі міліцыянты лычкапагонныя.
— Можаце памацаць,— дружалюбна прапанаваў я.
Яны памацалі мой пакунак батанічны, пасля панюхалі і прапусцілі мяне да самай брамы.
А ў браме іхнія аднапрафесійцы мужныя стаялі двума радамі шчыльнымі. Не праткнуцца на могілкі, не прапаўзці. Відаць па ўсім, Правыя загадалі нікога да магіл не пускаць — ні Левых, ні такіх, як я, што абачліва пасярэдзіне таўкуцца.
— Пусціце, хлопцы,— знарок авечым голасам папрасіўся я.
— Не пусцім,— адказваюць.
— На магілку начальніка любімага хачу букецік пышны пакласці,— слязу ім на пагоны наганяю.
— А ты свой букецік пышны да манумента «Мястэчка-Герой» пакладзі,— раяць міліцыянты маладыя.
Сумна.
Бачу: аж на могілках не хто-небудзь, а знаёмыя Левыя ходзяць, замаркочанасць паказваюць. Прайшлі, значыцца, раней, мусіць, з ночы яшчэ, калі не было гэтай варты двухрадовай.
Усунуўся тут я паўз галовы міліцэйскія, паклікаў самага знаёмага Левага, растлумачыў яму ветліва: кветкі шэфіку любімаму не даюць пакласці, кажуць, да манумента нясі. Пакладзі, дарагі спадар, за мяне. Магіла вунь яна, пад сасною...
Читать дальше