А пасля ў душы маёй спяваць пачыналі скрыпкі пяшчотныя. Рукі свае напаўпралетарскія спаласкваў, ад бруду штаны атрапаў і нішкам, амаль нагінкам, у ложу дырэктарскую ўціскаўся.
А ложа дырэктарская, як тая крыніца фальклорная, заўсёды поўнаю стаяла. Гледачы там фасоністыя падбіраліся, а глядачкі — прыталеныя. Але ж і я тут не лішні: нікога не зачэпваю, у каркі чужыя густа не дыхаю, са шчыліны, нікому не бачнае, крэсельца раскідное, брэзентовае дастаю і па-гаспадарску ўтрамбоўваюся.
За два тыдні ўвесь рэпертуар паглядзеў, праўда, крыху прыпазняючыся на адкід заслоны, бо прыбіранні мае на самыя пачаткі глядзенняў прыпадалі. Ды я не крыўдаваў, за анучу браўся, спяваючы; падлогу, як бляху салдацкую, націраў; у вазы-попельніцы ваду ліў, паплёўваў. Стэрыльнасць аптэчная з рук маіх белым кацянём саскоквала, ва ўсе куткі забягала.
Зусім не хлушу пра стэрыльнасць аптэчную.
Я ж прычындалы прыбіральшчыцкія, тыя, што да мяне былі, памяняў, шчотку старую ды анучу злямчаную — з першага дня выкінуў. Зірнуў на шчотку. Не шчотка — сустаў рэўматычны! Ганьба мне шчоткай такою любімы тэатр падмятаць! А з анучы — мяне ледзьве не вымуціла. Не анучу, нейкую рагожыну ўбачыў, ушчэнт абсвінячаную.
Кінуўся ў цэх кравецкі і на анучу новую два метры каніфасу галандскага выдурыў. А дзеля шчоткі лепшае напачатку ў касцюмераў воўны новазеландскае наскуб, а пасля ў сталяроў кіёк з бамбуку індыйскага вып'яніў. Кіёк той на плашку сандалавую нажывіў,— воўна новазеландская сама да сандалу прысмакталася, у пучкі пабралася і санітарна натапырылася.
Шчоткі гэткае эстэцкае і Меерхольд не бачыў!
Вакол адразу ж: о-ё-ёй ды а-я-яй! Скрозь па тэатры ад здзіўлення вочы вырачыліся: што робіцца, маўляў, якія падлогамыі ў мастацтве з'явіліся!
Праўда, здзіўляліся, я сказаў бы, неяк насцярожана, падазрона, ніхто ўголас не падзякаваў за старанне маё, за жаданне маё падзвіжніцкае — усё-ўсё для тэатра рабіць, нават, калі трэба, канарэек на рэшаце выседжваць.
Падзякаваў толькі адзін чалавечак добры. Не з тэатра чалавечак — з вуліцы. Дзівосны такі, рахманы — не раўня стокішэннікам бульварным.
Перад тым як раптова сустрэцца з ім — усё маракаваў я, як гэта свае страсці мельпаненныя задаволіць, глядзенні ўсе з самага пачатку паглядзець? Трэба ж неяк расклад падлогамыйны змяніць, каб у ложу дырэктарскую адначасова з гасцямі фасоністымі шкрабянуцца.
Ці памочніка пашукаць...
Неяк увечары іду ў тэатр, іду-спяшаюся. Да званка першага часу капля малая засталася, а тут, у дзвярах службовых, хлопец адзін з вачыма бабруйскімі ловіць за руку.
О, думаю, зямляк.
Нехта з артыстаў маладых ці з абслугі тэатральнае.
Зараз цыгарэту папросіць. Ды не.
Хлопец з вачыма бабруйскімі пра цыгарэту й не думае, а пачынае хваліць мяне ды кампліментамі замілаванымі з ног да галавы ўцяпляць.
За што толькі?
А хлопец не змаўкае, блытана гаворыць:
—...наша абшчына падтрымае вас, калі вам цяжка будзе... Клопат ваш чалавечы высока ацэніцца...
— Які мой клопат? — перапытваю ды на хлопца дзіўнага тупа гляджу, вушыма пацепваю.
А ў хлопца вочы не проста бабруйскія — дзве свечкі ясныя, і цюбецеечка нейкая да патыліцы прылеплена.
— Клопат ваш вялікі,— тлумачыць,— кожны вечар вы прыбіраеце чыста-чыста святыню нашу.
— Святыню?
Нічога не цямлю з таго, што чую, а тут ужо й званок першы брамкае. Хачу пайсці, а хлопец гэты, цюбецеечку паправіўшы, за хвіліну кароткую паспявае мне цэлую лекцыю прачытаць пра гады мінулыя майго тэатра любага.
I даведаўся я, што пры цары тут сінагога была, а ў камсамольскія дваццатыя — падмосткі яўрэйскія. I на падмостках тых цуды жывапісныя вытвараў Шагал, а цуды акцёрскія — Саламон Міхоэлс...
— Я з тыдзень назіраю за вамі,— узрушана прызнаўся хлопец,— вы так шчыра працуеце. Нават анучу са шчоткаю памянялі! Да вас ніхто гэтак чыста падлогу не мыў...
Шкрабнуў другі званок.
I з ім, з гэтым званком другім, авантурка дробная ў крыві маёй горача загіялёхкала. Пацягнуў я хлопца зычлівага ў дзверы службовыя, да самое вешалкі давёў. Шчотку бамбукавую з анучай каніфаснаю паказаў і растлумачыў коратка:
— Вы сказалі, што падтрымаеце, калі мне цяжка будзе. Дык падтрымайце, падлогу памыйце. А мне трэба глядзенне сённяшняе з пачатку паглядзець...
Хлопец здрыгануўся ўвесь, за цюбецейку схапіўся. Нешта прамовіць хацеў, але зазвінеў трэці званок, і я пакінуў хлопца, пабег у ложу дырэктарскую выцягваць са шчыліны патаемнае сваё крэсла брызентовае. Я быў аглушаны шумам ніягарскім удачы неспадзяванае. Нарэшце!..
Читать дальше