Мы прыйшлі на Вайсковыя могілкі, на магілу аўтара «Сястры», ведаючы, што над ёю звісае шыпшынавы абруч узвышанскага Менска. Немагчыма пазбавіцца правінцыйнага холаду, не абдзёршы аб гэты абруч свае далоні, як і немагчыма перад Парыжам па-сапраўднаму развітацца з сябрам, не змёўшы з дарагое магілы чырвоны пластмасавы цюльпан.
3. ТВОРЧАСЦЬ
У меладзінным кафэ, што на вуліцы Рывалі, разам з электронным рахункам за каву гарсон прынёс мне і забытую старонку з майго дзённіка, датаваную 22.08.1988 г. Я прачытаў: «Чаго я баюся. Баюся міліцыі, выступаць з трыбуны, згубіць ключ ад кватэры, жыць разам з бацькамі; баюся вакзалаў, аэрапортаў, аўтобусных; баюся, што не ўбачу Парыж(!), што праз гадоў дваццаць не зразумею сына, што страчу спакойнае жыццё; баюся паездак у калгас, баюся памерці ад цяжкой і доўгай хваробы; баюся застацца сярэднім паэтам...»
Сярод усіх маіх ранейшых уяўных і праўдзівых страхаў у гэтым хаатычным пераліку самы найбольшы — страх, пазначаны клічнікам.
Так, я вельмі баяўся, што не ўбачу Парыж. I вось — Парыж перада мною, горад знаёмых сюжэтаў і колераў, да банальнасці класічных сілуэтаў і архітэктурных ліній.
Але я хачу ўбачыць свой Парыж, таму міжволі імкнуся ператварыцца ў мастака-дзікуна, імкнуся ўвасобіцца ў тую дакніжную істоту, якая мае ясны зрок, незатуманены чужымі ўражаннямі.
Парыж устойлівы, а мне хочацца ўбачыць ягоную няўстойлівасць; ён — вечнасвяточны, а я рады буду не заўважыць яго святочныя колеры. Я згодны на ўсё, нават на тое, калі мой Парыж патоне ў глухой нябеснай гліне, баязліва схаваецца за цьмянай зелянінаю дрэў. Нават за дубовай рамаю карціны!
Убачыць такі Парыж — вялікая спакуса, аднак жа — і немагчымая мара, бо Парыж знаёмых сюжэтаў і колераў непераадольны. Ні на міг ён не супакоіцца ўва мне, як жытні шэпт крыві.
Магчыма, стылёвая ашчаднасць, скупасць пісьма (але не скупасць фантазіі!) дапаможа мне знайсці свой Парыж, бо мне здаецца, што скупое пісьмо здатнае найглыбей выявіць жаданні паэта. I наогул я ўсё больш і больш веру ў тое, што нашае стагоддзе задумвалася нястомным Госпадам як стагоддзе аскетычнай творчасці, як стагоддзе слова, а не ідэі. I, вядома ж, мае рацыю той, хто ўпэўнены, што новае нараджаецца не ў ідэі, а ў яе ўвасабленні, што паэт, забываючы нават пра мову, павінен існаваць паміж уяўленнем і каханнем.
Аднак намеры Божыя не спраўдзіліся — слова не перамагло ідэю, творчасць не ўзвысілася над работай, таму стагоддзе нашае ўдвая бяднейшае, чым папярэдняе. А наперадзе — стагоддзе суцэльнай мастацкай галечы, пара камп'ютэрных пачуццяў. I ці застанецца тады хоць спадзяванне на слова, на ягоную першаісную вартасць? Пытанне амаль дзіцячае...
Зрэшты, мне пашанцавала, бо я прыехаў у Парыж, у якім яшчэ жыве смутак па аскетычнай творчасці, па скупым пісьме і па ўсім тым прыгожым і дарагім, што здзіўляе, супакойвае і без чаго душа задыхаецца. Я прыехаў у сваю шчаслівую пару, калі жаданне жыць яшчэ прыносіць асалоду, калі старасць яшчэ не кранула ні майго аблічча, ні маёй душы.
Я прыехаў у празрысты могільнік зялёных аптэчных крыжоў, у неонавым святле якіх тужлівыя афішы канканна запрашаюць на выстаўку плакатаў Тулуз-Латрэка.
Я ў тым шчаслівым узросце мужчынскае незалежнасці, калі жанчына, нават каханая, патрэбная не заўсёды, а толькі ў пэўны момант радасці.
Але я не адыходжу далёка ад магазінаў, дзе прадаюць кветкі, бо ў любое імгненне мяне можа паклікаць А. — мая заўсёдная парыжанка.
Не забываючы пра кветкі, апынаюся на Пон дэ Ар, на мосце Мастацтваў, уяўляючы плошчу Дафіна і тонкі срэбны пярсцёнак на фоне шампанскага. Гэтага ўяўлення дастаткова, каб супакоіць стомленыя вочы.
4. ЗА НЕБАКРАЕМ ЕЎРОПЫ
Мне падабаецца летуценная формула: чым больш прыгожых жанчын, тым багацейшы горад. Але паводле яе Парыж бяднейшы нават за Баранавічы. Шукаючы сапраўдную грацыю, мне давялося-такі пахадзіць па ягоных бясконцых бульварах ды авеню.
Я сустрэў запамінальную парыжанку ўсё на тым жа пешаходным Пон дэ Ар і паспеў заўважыць, што ад яе з'яўлення каменная аркада суседняга Новага моста адразу ж ператварылася ў далікатны керамічны грабеньчык, апушчаны Генрыхам IV у афрыканскую прычоску Сены.
Парыжанка йшла пластычна-паслухмянай хадою дзягілеўскай рабыні. Яна была ў лёгкім паліто, праз якое вясновым полымем святлелі рамонкавыя грудзі. Аднак больш уражвала адкрытая шыя — яе гіпертрафіраваныя контуры. Шыя была падобная на журботны цыліндр, апавіты эндакрынным неспакоем. Я пашкадаваў, што не меў пры сабе тэрыятом. Каб хоць як суцешыць прыга¬жуню, я дакрануўся да яе рамонкавых грудзей. Трэба сказаць, што на Пон дэ Ар такая вольнасць успрымаецца жанчынамі як ласкавы жэст увагі.
Читать дальше