— Зараз даложым.
Аляксандр расшпіліў заношаную салдацкую гімнасцёрку, запусціў руку глыбока за пазуху i доўга корпаўся, нешта дастаючы з патайнай кішэні. Потым важна выцягнуў пацёртыя картонныя корачкі i падаў Малаковічу.
Усе прысутныя сачылі за яго тварам. На Пракопавым ілбе разгладжваліся маршчынкі, шчокі паступова круглелі. Ён дачытаў да канца.
— Цяпер слухайце ўсе:
«Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!
Бабруйскі уком РСДРП(б). Мандат. Таварыш Салавей А. Р., член партыі бальшавікоў, накіроўваецца ў Рудабельскую воласць для стварэння валрэўкома, арганізацыі савецкіх органаў i правядзення палітыкі Камуністычнай партыі бальшавікоў.
Старшыня укома., Сакратар»
Распісваюцца так, што не разбярэш. Але пячатка стаіць.
— А ты яго гаспадзінам унцерам аблаяў,— засмяяўся Ляўкоў.
— Гэта не ўсё,— падняўся з лаўкі Салавей. Ён скійуў з пляча мяшэчак, доўга развязваў лямкі. Выцягнуў скрутак, загорнуты ў наперу. Малаковіч зубамі разарваў суравую нітку i на стале разгарнуў доўгае чырвонае палотнішча.
Дзядок у аблавухай заечай шанцы, што моўчкі сядзеў у кутку, хіхікнуў:
— Хвацкая спадніца будзе Пракопісе.
— Не плявузгай, дзед, абы-чаго,—узлаваўся Малаковіч.— Цяпер у нас ёсць свой савецкі сцяг.— Ён разгладзіў вялікай далонню палотнішча.— Заўтра от такой парою збярэм усё вобчаства на сход. Трэба загадаць па сёлах, каб прыходзілі.
— Кавалёўскіх я прывяду,— сказаў Максім.
Збянтэжаны дзядок паабяцаў наказаць руднянскім, астатнія мужчыны ўзяліся загадаць у Карпілаўцы, Лаўстыках i Смузе.
— Цяпер расказвай, што добрага чуваць на свеце,— папрасіў Малаковіч.
— Трэба ж неяк да сваіх дабрацца. Кажуць, яны недзе ў Харомным асталяваліся. A заўтра раніцай прыйду, тады i пагаворым.
4.
З раніцы трохі адпусціла. Памякчэла зямля, раставаў першы кволы сняжок, толькі там-сям бялелі разоры i прыдарожныя канавы, з голых кустоў i прысадаў креплямі зрывалася расталая наледзь. Паміж нізкіх калматых хмар часам прабівалася сонца i хавалася зноў.
Па дарогах, па сцежках, пратаптаных у полі, нацянькі праз гароды i пералазы ішлі мужчыны, кабеты i дзеці. Жанчыны надзелі святочныя андаракі, абулі лапці на беленькія кужэльныя анучы, a ў каго былі, нацягнулі каляныя высокія чаравікі на гузіках, завязалі стракатыя хусткі. Ішлі да воласці, як на фэст.
— Куды гэта так прыбралася? — пыталася суседка ў суседкі.
— Сама ж кашміроўку завязала, а яшчэ пытае.
— Што ж там у воласці будзе?
— Пабачым. Нешта скажуць.
— Мой плявузгаў — зямлю дзяліць будуць.
— А дзе яе ўзяць, каб дзяліць?
— Раманаў сын у торбе з хронту прывёз.
— Хіба што ў торбе.
Перакідаліся пытаннямі i жарцікамі, ідучы з Кавалёў, Карпілаўкі i Рудні, з лясных хутароў i выселкаў. З Харомнага ішлі ўтраіх: Раман Салавей, Аляксандр i яго маладзенькая сястрычка Марылька. Стары зранку пагаліўся сынаваю брытвай, уздзеў новую світку сваёй работы, насунуў шапку з блішчастым казырком,
Яны ледзь не да раніцы прагаварылі з сынам. Раман па некалькі разоў чытаў i перачытваў «Известия Центрального Исполнительного Комитета и Петроградского Совета рабочих и солдатских депутатов» i невялічкія афішкі, аддрукаваныя на тонкай паперы.
— Што ж цяпер будзе, сынок? — дапытваўся стары.— Кажаш, зямлю раздадуць мужыкам. A хіба ж гэтыя выжлятнікі так яе аддадуць? Гатальскі глотку перакусіць за сваё.
— У тым i штука, тата, што не ix яна, а нашая. Таму, хто арэ i сее, належыць зямля. На тое i рэвалюцыю рабілі, i паміралі, каб жывым добра, па праўдзе жылося.
— Я думаю так, што яшчэ пабіцца з імі прыйдзецца, крыві нямала праліць, пакуль нашаю яна будзе.
— I паб'ёмся. Біцца мы навучаныя. Цара скінулі — не пабаяліся, Керанскаму ria загрыўку далі i з гэтымі ўправімся.
Марылька ледзь паспявала за братам. Ёй хацелася ісці побач з ім, глядзець на абветраны твар, на тонкія вусікі, на прыгожы, з гарбінкаю нос, на цёмныя, глыбока запалыя вочы.
Як ён змяніўся за гэтыя гады: сустрэла б дзе-небудзь i не пазнала б. Свой, блізкі i нейкі чужы, так мала знаёмы. Калі ўспамінала раней, дык толькі такога, якім быў да прызыву: паслухмяным i добрым. Ён слухаўся бацьку, араў з ім i касіў, капанічыў ляды ў Хлебнай паляне, a калі падраслі i падужэлі Пятрок з Косцікам, на луг за татам ішлі тры касцы. Зайздросцілі людзі Раману, што такіх дубоў выгадаваў. Петрака болей ніколі не ўбачыць Марылька. Успомніла брата, i заказыталі слёзы ў горле. A быў жа такі прыгажун i весялун. Калясачку ёй, маленькай, некалі зрабіў, на поле вазіў на жніво, на гармоніку вечарынкі граў, дзеўкі за ім чарадою хадзілі. А цяпер i магілкі яго нідзе не знойдзеш. Яна. выцерла вочы.
Читать дальше