— Там табе дадуць добрую работу, i забудзеш пра нас.
— Толькі не пра цябе. Радней i даражэй у мяне нікога няма. Уладкуюся там, i ўсё роўна прыеду па цябе.
— Я ж павінна адпрацаваць два гады. Ды i не змагу на паўдарозе кінуць дзяцей, да якіх так душою прыліпла, а яны, здаецца, да мяне.
— Ёсць акалічнасці, якія даюць права на выключэнні.
— У нашым жыцці выключэнняў i выпадковасцей больш, як правіл, але імі не заўсёды трэба карыстацца.
— Не трэба, Вера, філасофскіх разважанняў i абагульненняў. Спадзяюся на лепшае i веру ў Веру.
За вечар было столькі перадумана i перагаворана, столькі планаў закрэслівалася i складалася. Доўга развітваліся ў парозе. Вера ледзь стрымлівалася, i толькі калі сціхлі на рыплівай сцежцы крокі, уткнулася ў падушку i дала волю слязам.
На паштовай фурманцы Аляксей выехаў з сяла на світанні. Сінелі снягі, лёгкі марозны туманок змешваўся з дымам каміноў i раставаў над сялом. Стары фурман перасунуў у перадок паштовы мех, закруціўся ў доўгі кажух i шуснуў у палукашак, засланы сенам. Аляксей на целагрэйку ўсцягнуў каляны шынель, схяваў пад сена торбачку з немудрашчымі рэчамі i пршпасам, што сабралі яму Дзяменцеўна з Паранькай.
Буланы жарабок з месца рвануў легка i спорна, аж сані не паспявалі матануцца на слізкіх раскатах. Аляксей узяў пругкія лейцы, звітыя з конскай валасні, i час ад часу падвясельваў буланчыка.
Тайга сцішылася, укрытая густым інеем. Сібіракі яго завуць куржаком. «Якое прыгожае i дакладнае слова,— падумаў Аляксей,— сапраўды, дрэвы прыбраліся ў белыя карункі. A выблісне сонца, паружавеюць i замігцяць вясёлкавымі пералівамі, на світанні i ў вечаровым змроку тайга здаецца блакітнаю».
Заваленыя снегам вываратні ўяўляліся дагістарычнымі пачварамі, пры дарозе тужліва шамацелі сухія чараціны i парудзелая куга. Сям-там са снегу выпырхвалі беленькія курапаткі, ледзь сінелі радочкі заечых слядоў ды глуха стукаў дзяцел па заледзянелай кары.
Аляксея закалыхвала таежная цішыня, але пад сэрцам нешта шчымела, як пры кожным развітанні з дарагімі ўспамінамі i людзьмі. «Калі цяпер пабачу Веру? — непакоіла неадчэпная думка.— Хоць ты вярніся, каб зірнуць, каб сказаць нешта важнае, не выказанае раней».
На паўдарозе конь запаволіў крок, пачаў цяжка дыхаць i храпці. Фурман перахапіў з Аляксеевых рук лейцы, спыніў жарабка i саскочыў з саней.
— Што там, дзед?
— Дай хутчэй з перадка пугу.
— На такога каня пуга не трэба,— сказаў Аляксей, падаючы кароткае пугаўё з кручаным шкурацікам на канцы.
— Не паганяць, ратаваць трэба. Чуеш, як сапе?
— Чую. Няхай сабе сапе.
— Эх, галава! Праз паўвярсты затхнецца,— i дзед пачаў выкалупваць з конскіх ноздраў вялікія ледзяныя коркі.— Бачыш, пазатыкалі. У такі мароз застывае napa i забівае храпу. Жываціна задыхнецца i прападзе. Так што ў дарозе каня глядзі лепш як сябе.
Буланы пабег весялей, у перадок загрукалі камякі зляжалага снегу.
Пад заледзянелаю навіссю вецця паказалася таежная хацінка i нагадала першую сустрэчу з Верай. Снег наўкол быў зрэзаны палазамі, сталочаны капытамі, прыцярушаны саломаю i сенам. Маленькае акенца заткаў мароз зіхатлівым i колкім узорам.
Алякеею захацелася зайсці, пастаяць у парозе, развітацца з гзтым прытулкам людской дабрыні, цеплыні i ўвагі. Ён схлусіў дзеду, што хоча напіцца. Заскочыў на хвілінку. Каля печы смольна пахлі свежыя ружовыя трэскі, на месцы ляжалі скручаныя маты, у вядры плаваў празрысты ледзяшок.
Трэба было спяшацца, каб паспець на які-небудзь грузавік.
Да бліжэйшай станцыі сто восемдзесят кіламетраў. Туды кожны дзень вязуць збожжа. Машыны ідуць калонаю: ніводзін шафёр не адважыцца ехаць адзін — перамяце дарогу, папсуецца матор — i «загінайся» ў тайзе, пакуль хто-небудзь не выручыць. А разам спакойна — ніхто таварыша ў бядзе не кіне. Так i паўзуць па сумётах i выбоінах машына з машынаю. А заб'е дарогу снегам — паперадзе трактар цягне клін з тоўстага бярвення з акутаю жалезам востраю дзюбаю. За ім паўзуць заінелыя, замеценыя машыны.
Аляксей умасціўся ў настылую кабіну пярэдняга грузавіка, пахукаў на заледзянелае шкло. Нудна i аднастайна цягнулася бясконцая тайга: пад цяжкімі пластамі снегу звісала яловае вецце, у заледзянелых панцырах маўкліва стаялі лістоўніцы i асіны. У святле фараў лес здаваўся дзівоснай дэкарацыяй, што ўвесь час мянялася i наплывала.
Побач з Аляксеем сядзеў немалады маўклівы шафёр.
— Махра ёсць? Скруці мне, хлопча, цыгарку, а то вочы зліпаюцца, хоць ты ix калком падпірай. Трэція суткі ў дарозе.
Читать дальше