— А хто скажа ці падумае, што іх забіў ты? — не адступаў Чудзін. — Яны могуць аддаць Богу душу тады, калі ты пайшоў у паход, калі цябе не было ў Кіеве. Яны могуць памерці ад выпадковага пажару...
— Ад пажару? — перапытаў Ізяслаў.
— Так. Неба гарачае, бярвенні ў порубе сухія... А кіеўскія кавалі і залатары спраўна раздзімаюць свае горны... Можа выкаціцца вугольчык...
— За што ты так не любіш Усяслава? — перапыніў Чудзіна вялікі князь.
— Ты і сам яго не любіш, — спакойна адказаў баярын. — Усяслаў — злая небяспечная сіла. На яго моляцца халопы і смерды. Ягонае імя крывёй пішуць на сваіх лясных капішчах паганцы-пяруннікі. Ён — хворы зуб у здаровым роце. Вырві атрутны зуб, калі не хочаш, каб рухнула дзяржава, каб было ссечана дрэва, якое пасадзіў твой мудры бацька.
— Вернемся з паходу і тады... — усхвалявана пачаў быў Ізяслаў.
— Не, — не даў яму дагаварыць Чудзін. — Толькі зараз. Ваявода Каснячка ўжо знайшоў надзейных людзей. Яны чакаюць велікакняжага слова.
— Добра, — ціха вымавіў Ізяслаў.
Ішлі правабярэжжам Дняпра. Разам з княжай дружынай у паход рушыла нешматлікае гарадское апалчэнне кіян. Каля Пераяслава па Зарубінскім бродзе пераправіліся на левы бераг. Тут ужо чакаў князь Усевалад. Браты прынародна тройчы пацалаваліся, а потым схаваліся ад старонніх вачэй у шацёр. Адтуль вялікі князь выйшаў задумлівы, ціхмяны, маўкліва сеў на каня, у суправаджэнні рынды Цімафея паехаў у вечаровы стэп. Усё войска з трывогаю глядзела яму ўслед. Калі ён знік у змроку, князь Усевалад загадаў свайму баярыну Тугалуку з сотняю верхавых ехаць следам, бо ў стэпе ўжо маглі быць палавецкія перадавыя дазоры.
Незразумелы сум ужо трэці дзень тачыў вялікага князя. Горка і няўтульна было яму пад срэбрадымнымі воблакамі, што ляцелі над пустынным стэпам. Думалася аб смерці, аб слязах княгіні Гертруды. А яшчэ ж сядміцу назад было так светла на душы, з усёй сям'ёю ў княжай багата прыбранай лоддзі ён шіыў па Дняпры, ззяла высокае неба, сонца праменным кругам бегла ў кашлатых надрэчных лясах, здавалася, залатая птушка звівае ў дрэвах гняздо. Куды ж знікла радасць? Якой сцяжынай пайшла з сэрца весялосць? Ён ужо заўважыў, даўно заўважыў, што чалавечая душа ў зямным сваім жыцці вельмі часта зусім рознымі, зусім непадобнымі вачамі глядзіць вакол сябе. То нястрымна радуецца чалавек жыццю, аж захлынаецца ім, гатоў скочыць пад веснавую хмару, гатоў з коранем вырваць пушчанскі дуб. То раптам дрыжыкі заначуюць у душы, усяго чалавек баіцца, баіцца свайго голасу і свайго кашлю, рукі і ногі слаба служаць яму, страх смерці спальвае нутро — прачнецца чалавек уначы на мяккім цёплым одры, у сваім сямейным гняздзе, побач соладка дыхаюць сонныя дзеці, а думаецца яму чамусьці пра тое, што некалі ён памрэ, будзе ляжаць у халоднай зімовай зямлі і ў ягоным чэрапе, там, дзе месціцца жывы гарачы мозц будзе камянець круглячок лёду. I тады чалавека раздражняе ўсё: і нечы смех, і колкае святло, і асабліва дагледжаныя вясёлыя твары жанчын, бо жанчыны холяць, песцяць сваё цела, а хіба разумна штодзённа, штохвілінна песціць і даглядаць будучы тлен, заўтрашні попел? Бывае ж і так, што ў некім одуме жыве душа, як бы да нечага прымерваючыся, усё прапускаючы праз сябе. Тады даспадобы чалавеку і шапаткі восеньскі дожджык, і Ірымучы крыгаход, і лютая жнівеньская спёка, і нават смерці не баіцца ў такія імгненні чалавек, бо ніхто, акрамя Бога, не ведае, дзе мяжа між смерцю і жыццём. Па свайму вобліку зрабіў Бог чалавека, цэнтрам усяго зямнога жыцця зрабіў, гаспадаром жывога, але ў імгненні прасветленасці, вастрыні духоўнага зроку раптам прыходзіць, палохаючы сваёй грахоўнасцю, думка: а чаму чалавек цэнтр жыцця? А можа, трава, звычайная лугавая трава цэнтр усёй сусветнай гармоніі і ўсяго розуму, можа, яна паслала чалавека на гэты свет у разведку, як сонца пасылае прамень, і чалавек створаны толькі для таго, каб прыйсці ў белы свет, паглядзець на яго, а потым памерці і, вярнуўшыся ў зямлю, расказаць траве аб усім, што бачыў.
Ізяслаў, халадзеючы ад такіх думак, злез з каня, стаў на калені, пачаў адчайна маліцца. «Божа, не рабі мяне разумнейшым за іншых, — прасіў ён. — Не хачу я, баюся думаць пра такое. Я ж ведаю, што дужа разумных і гордых ты караеш вар'яцтвам».
Рында Цімафей таксама ўпаў каленьмі ў траву. Ён думаў, што вялікі князь малітваю просіць у Бога перамогі над полаўцамі. Яны страсна маліліся, князь і ягоны целаахоўнік, а змрок гусцеў над стэпам, коні цярпліва чакалі гаспадароў і пачалі нервавацца, потым пачалі ржаць.
Читать дальше