На сенях Ізяслава ўжо чакалі баяры. Вялікі князь строга зірнуў на іх, сеў. Баяры, усхвалявана перагаворваючыся, расселіся на дубовых лавах.
— Чулі? Ведаеце? — спытаў Ізяслаў.
— Ведаем, — адказаў Чудзін.
— Што ж рабіць будзем, баяры?
Вялікі князь адчуў, што голас ягоны нечакана ўздрыгнуў. Зрабілася прыкра ад сваёй слабасці. Ён злосна ўдарыў рукою па касцяным падлакотніку крэсла, аж пальцы забалелі. Баяры глядзелі на Ізяслава і маўчалі. Гэта здзівіла яго. Гаваруны, пустабрэхі, а тут ні слоўца, быццам раты гарачым воскам залілі.
— Садзі на коней дружыну, князь Ізяслаў, і вядзі насустрач бязбожнікам, — рашуча сказаў ваявода Каснячка. — Пяткі ў іх крывыя, каб Русь пад сваю шаблю ўзяць.
Нарэшце прарэзаўся голас і ў баяр.
— Да братоў сваіх, да князёў Святаслава і Усевалада шлі ганцоў.
— Пашлі ганца ў Ляхі да родзіча свайго караля Баляслава.
— Ворагі з ваяводам Тордам няхай таксама ідуць на полаўцаў.
«А самі вы, відно, не вельмі хочаце пад палавецкія стрэлы брушыну падставіць», — гняўліва падумаў Ізяслаў. Ён рэзка ўстаў, сказаў, цвёрда і ўладна:
— Русь у агні. Іскры далятаюць да стольнага Кіева. Будзем бараніць сваю зямлю. У паход, баяры.
Князь Усевалад чакаў з дружынаю ў Пераяслаўлі, прыспешваў вялікага князя, бо полаўцы ўжо наваліліся на ягоную вотчыну сваімі пярэднімі атрадамі. Праз дзень-два павінен быў падысці з Чарнігава Святаслаў. Ад кіеўскіх прыстаней да пераяслаўскіх воднай дарогаю 120 вёрстаў, а па сухому, берагам Дняпра, усяго 80. Раніцою выбраўшыся з Юева, можна на добрым кані да ночы заехаць у Пераяслаў. Але, вядома ж, гэта можна зрабіць, калі едзеш адзін. Вялізная ж аграмадзіна войска рухаецца павольней, яе стрымлівае абоз.
Увесь дзень вялікі князь правёў у зборах. Дружыннікі вастрылі мячы, коп'і, баявыя сякеры, правяралі конскую збрую, нашывалі таўсцейшыя слаі бычынай скуры на шчыты, змазвалі свіным салам і барсуковым тлушчам кальчугі. Надворныя чалядзіны і халопы напаўнялі свежай вадой дубовыя кадоўбцы, бо войская дарога вяла ў спякотны стэп, а там без вады — смерць. На вазы клалі тушы дзікоў і ласёў, груды сухіх дроў, амфары з віном і мёдам, горы вастрадзюбых стрэл, цяжкія металічныя шчыты ў рост чалавека. Зялейнікі неслі са сваіх таемных сховаў снапкі траў, грыб-трут, дымам якога глушаць боль, чысты мох, тонкую бяросту і кужэльнае палатно, каб закручваць свежыя раны. Ран чакалася шмат, бо полаўцы спрадвеку мелі бязлітасныя кіпцюры і зубы — трапныя лукі і стрэлы.
На адзін з вазоў уладкоўваўся ігумен Пячэрскага манастыра Феадосій з двума інакамі. Святыя брацці везлі з сабою вялікую выяву Хрыста і крыж, які павінен быў засланіць кіеўскае войска ад зброі бязбожных агаран. Яны спявалі святыя псалмы, крэслілі Божы крыж над кожным, хто падыходзіў да воза. Ізяслаў таксама падышоў, спытаў у Феадосія:
— Ці ўдалы будзе паход, святы ойча? Ігумен прасветлена зірнуў на яго, шырока перахрысціўся.
— Жонкам галава мужы, а мужам — князі, а князям — Бог. На Бога спадзявайся, вялікі князь. Учора інаку Фёдару відзенне было. Інак зерне меліць на жорнах у сваёй пячорцы, уначы меліць, бо такі зарок Богу даў. I вось калі ён круціў жорны, калі ўжо дайшоў да поўнай знямогі і хацеў апаласнуць твар вадою, на сцяне ў пячорцы раптам святло ўспыхнула. Незямное святло. Інак стаў на калені, пачаў маліцца і Божы голас пачуў. Сказаў Хрыстос: «Кап'ём сваім я паб'ю ворагаў». I палымянае светлае-светлае кап'ё праплыло над галавой у Фёдара. Добры гэта знак, вялікі князь Ізяслаў. Ты пераможаш паганых.
— Абвясціць усёй дружыне аб гэтым! — радасна крыкнуў Ізяслаў. Неўзабаве ўсе ведалі аб начным відзенні пячэрскага інака. Баяры і малодшая дружына адразу павесялелі, заўсміхаліся, пачалі хрысціцца. Добрая вестка даляцела да стругаў на Дняпры, у якіх плылі воі-пешнікі. Гуд Іпчаслівых галасоў пачуўся адтуль. Ды пад'ехаў на кані баярын Чудзін, ціха сказаў Ізяславу, бліскаючы льдзістымі вачамі:
— Вялікі князь, ты шукаеш ворага спераду, але чаму ты пакінуў ворага за сваёй спінай?
— Пра што ты кажаш, баярын? — не зразумеў Ізяслаў.
— Я кажу пра полацкага князя Усяслава. Яго трэба забіць.
Ізяслаў уважліва глянуў на Чудзіна, спытаў:
— А з княжычамі Барысам і Расціславам што рабіць будзем?
— Трэба, каб і яны крывёй абмыліся, памерлі, — цвёрда вымавіў Чудзін.
— Але я не хачу, каб народ назваў мяне Святаполкам Акаянным, — сказаў вялікі князь і нажыліўся, пацямнеў тварам. Халодна зрабілася яму, аж плячамі варухнуў.
Читать дальше