— Аддай мне Гіргеня, — папрасіў у хана Шарукана Калатан. Але той быццам не пачуў Калатана, казаў Гіргеню:
— Ля чужога агаю не сагрэешся. Ты ж забыўся пра гэта, Гіргень.
I раптам прапанаваў палоннаму:
— Ты адважны, мудры. Цябе паважае народ куманаў. Давай з'яднаем нашы сілы, ударым па Кіеве, спалім горад русаў, і будзе ў нас шмат срэбра і рабоў.
Усе чакалі, што адкажа стары Гіргень.
— Мінулае не паправіш, — пасля некаторага роздуму прамовіў Гіргень. — Заўсёды мы з табой варагавалі, дык застанемся ж ворагамі да самай маёй смерці. Лоўка ты мяне ўзяў, як птушку ў гняздзе. Навука старому дурню, але няма калі вучыцца — паміраць трэба. А табе адно скажу: не ідзі з вайной на русаў, бо і сваю галаву згубіш і народ з-за цябе прападзе. Такое маё слова.
Гіргень апусціў сівую галаву, змоўк. Шарукан уважліва паглядзеў на яго, зморшчыўся, кашлянуў у загарэлы кулак.
— Аддай мне Гіргеня, — зноў папрасіў Калатан. — Я з яго жыўцом скуру спушчу.
— Не аддам, — гнеўна сказаў хан Шарукан. — Куманы будуць судзіць старога асла.
Арда, зліўшыся з войскам Шарукана, рушыла ў стэп, каб адтуль, сабраўшы грозную сілу, наваліцца на Юеў. Расталі за небасхілам апошнія кібіткі. Цішыня затрымцела наўкол. 3 норкі асцярожна вытыркнуў галоўку суслік, зірнуў туды-сюды, асмялеў, вылез на паверхню і застыў на кургане, як слупок. Раптам незразумелыя гукі пачуліся яму. Суслік на ўсялякі выпадак нырнуў кумільгом у норку, потым, счакаўшы, зноў высунуў цікаўную мордачку, якая была запэцкана пяском. На суседнім кургане паміралі двое — стары чалавек і дзіўны звер. Такіх звяроў ніколі не сустракаў суслік у родным стэпе. Чалавек і звер былі прывязаны адзін насупраць другога да доўгіх, убітых у сухую зямлю шастоў. Нехта зламаў ім хрыбетнікі, і яны каналі. Вось іхнія глухія стогны і пачуў суслік. Ён трошкі павагаўся, зноў выбраўся з норкі, бо чалавек і звер былі бездапаможныя, зусім нястрашныя. Мухі заляпілі морду зверу, лезлі ў вочы, вушы, і звер час ад часу пагрозна вішчаў. Але калі ён адкрываў для свайго слабога віску рот, мухі роем ляцелі яму ў пашчу, і ён давіўся, екатаў. Слёзы ззялі на вачах у невядомага звера.
Гіргень, скамянеўшы ад дзікага болю, ад гарачыні і лютых мух, з найвялікшай напругаю адкрыў вочы, убачыў пакуты няшчаснага пардуса. «Хоць бы звера пашкадавалі, — падумалася яму. — Хіба звер віновен?» Потым ён убачыў сусліка, шэры палахлівы слупок. «Падбяжы бліжэй, — у думках умольваў ён звярка. — Свісні, праспявай мне на развітанне песню стэпаў». Але суслік маўчаў, а праз нейкі міг разануў вушы і сэрца перадсмяротны віск пардуса. «Бывай, — развітаўся з ім Гіргень. — Я чалавек, і таму павінен даўжэй жьіць і даўжэй пакутаваць, чым ты, звер». Ён памёр праз ноч, на світанні...
Частка II
Зноў Стэп ішоў на Ніву, Кібітка на Хату, Аркан на Плуг. Усё дняпроўскае левабярэжжа заслаў едкі дым. Полаўцы вялікімі коннымі масамі напалі знянацку. На поўнач ад ракі Вараскол, дзе спрадвеку стаяць селішчы русічаў, рассекла белы дзень на чорнае ашмоцце крывавая шабля. Смерды з сем'ямі ратаваліся хто як мог. Да Кіева або да Рымава ці Пераяслава бегчы было далёка, і людзі, як стэпавыя дрофы, разам са сваімі дзецьмі зашываліся ў траву. Але на ўзмыленым кані ўзвіваўся над схованкаю полавец, і мужчын чакала шабля, а жанчын і дзяцей — аркан. Некаторыя беглі да стэпавых рачулак, лезлі ў чарот, у ваду, толькі нідзе не было збавення. У імгненне рабілася попелам тое, што чалавек цяжкой працаю здабываў усё сваё жыццё. Палонных жанчын і дзяцей зганялі, як жывёлу, у статкі. Потым самых прыгожых дзяўчат пачыналі гвалціць на вачах ва ўсіх. Дзяўчат не хапала, і прапахлыя потам, дымам і крывёю стэпнякі гвалцілі жанчын навідавоку ў іхніх дзяцей. Жонкі полаўцаў цярпліва чакалі ва ўмоўленых месцах у стэпе палон, дзялілі новых рабынь і малалетніх рабоў, нагружалі іх, як вярблюдаў ці коней, дабром, гналі да сваіх вежаў. Калі ж па той ці іншай прьгаыне нельга было забраць з сабою згвалчаных дзяўчат і жанчын, полаўцы іх адразу ж забівалі, бо некаторыя маглі ў будучым зацяжарыць, пусціць на белы свет дзяцей, а закон стэпаў не дазваляе, каб сярод чужога народа жылі людзі, целам і душою падобныя на полаўцаў.
Усе парубежныя гарадкі-крэпасці русічаў былі ўзяты ў аблогу. Без вады і ежы, пад градам палавецкіх стрэл і камянёў мужна адбіваліся нешматлікія іхнія гарнізоны. 3 наваколля пад ахову земляных валаў і дубовых забаролаў збегліся тысячы людзей. Плакалідзеці. Галасілі жанчыны. Некаторью з жанчын, гледзячы зверху на раз'юшанае мора стэпнякоў, што вось-вось павінна было хлынуць у пашчапаныя, зламаныя брамы, не вытрымлівалі, пачыналі істэрычна смяяцца, распускалі валасы, здзіралі з сябе адзенне і голыя скакалі з валаў проста ў рукі полаўцаў.
Читать дальше