Дрэнная прыкмета чакала хана. Ягоны конь пярэдняй левай нагою пацэліў у норку сусліка, зламаў косць. Бедалагу каня прырэзалі, а Гіргень адчуў, як адразу насцярожылася арда, цень пабег па людскіх тварах. Але хан спрытна ўскочыў на новага каня, рашуча пакіраваў туды, дзе неўзабаве чакалася рака Вараскол. Жыццё — гэта такая дарога, па якой кожны павінен ісці сам. Стары Гіргень добра засвоіў такую муцрасць.
— Сам памрэш і нас павядзеш у змрок, — з адчаем і лютай злосцю крыкнуў адзін з лепшых коннікаў арды Калатан. Ён быў малады і звонкагалосы.
— Што з табой, Калатан? — нетаропка павярнуў галаву Гіргень. — Няўжо ты думаеш, што стары хан звар'яцеў і жадае смерці свайму народу?
— Так, ты звар'яцеў, хан! — смела, не апускаючы вочы долу, выгукнуў Калатан. Уся арда пачула гэтыя словы. — Ты звар'яцеў, бо вядзеш нас у Кіеў, да нашых ворагаў, — пабляднеўшы, казаў далей Калатан. — Хіба можа раздольны стэп сябраваць з узаранай нівай? Хіба можа вольны арол піць ваду з той крыніцы, што бусел ці верабей? Ты хочаш ланцугамі прыкаваць нас да аднаго месца, але яшчэ дзяды нашых дзядоў і прадзеды нашых прадзедаў абралі сваёй радзімай стэп і вольную дарогу.
— 3 Кіевам сябруюць торкі, і печанегі, і берандзеі, і кавуі, і шмат якія народы, — перапыніў Калатана Гіргень. — I яны, як табе вядома, не памерлі. У Кіева моцная рука, і не па звярыным законе ён жыве, а па чалавечым. Рускай праўдай называецца гэты закон. Нас, прыморскіх куманаў, ціснуць з усіх бакоў, адбіраюць ваду і пашы, у жанчын арды няма ў грудзях малака, каб карміць дзяцей. Я вяду свой народ у Кіеў, каб ён знайшоў там прытулак і мір. Хіба гэта дрэнна, хіба гэта смерць, Калатан, знайсці для ўсяго свайго народа прытулак і мір?
— Не слухайце яго, вольныя куманы! — выхапіў шаблю Калатан. — Не слухайце гэтага сляпога чалавека! Дыханне ягонае толькі ў ноздрах ягоных, і ён не чуе, як шуміць у стэпе вецер вечнасці!
Іскры поту гарэлі на шчоках у Калатана. У смуглым кулаку ён сціскаў эфес шаблі, і нават гэты кулак (заўважыў Гіргень) быў мокры ад поту. «Баіцца і пацее ад страху», — падумаў стары хан.
— Шкадую я цябе, Калатан, — уздыхнуў Пргень. — Ты такі малады, моцны, прыгожы, але памрэш рана, дужа рана. Не насіць табе сівой барады.
Пры гэтых словах Калатан пабялеў, шабля ў руцэ задрыжала. Ён азірнуўся на арду, пэўна, там былі ягоныя аднамыснікі, ды ніхто з іх не падаў ні знаку, ні голасу, чакалі, што будзе далей, і Калатан, шалеючы ад бяссілля і нянавісці, сказаў:
— Ты хітры, як змей, Гіргень. Але нават ты не можаш бачыць наперад людскі лёс. У цябе не сямёра вачэй.
— Не сямёра, — згадзіўся стары хан. — Толькі я ўпэўнены, што неўзабаве твая шыя зломіцца. Ведаеш, як ломіцца сухі бадыльнік?
— Мая шыя цвёрдая, — рашуча выдыхнуў Калатан. — I рукі ў мяне цвёрдыя.
— А ханская шапка, якую ты так прагнеш надзець, вельмі цяжкая, і яна зломіць табе шыю,— усміхнуўся Гіргень.
— Не палохай! — закрьгааў Калатан. — Босага мяне на лёд не ўзгоніш!
У гневе ў яго быў надзіва непрыгожы твар. Морда нейкага звера ўбачылася ўсім.
— Ты хочаш весці арду, — міралюбна сказаў Гіргень. — У твае гады і я хацеў. I кожны мужчына, калі толькі ён мужчына, марыць стаць ханам. Але для гэтага трэба быць мацнейшым, разумнейшым і адважнейшым. Ты кажаш, што ў мяне не сямёра вачэй, і ты ўпэўнены, што тыя вочы, якія я маю, старыя і сляпыя. Давай страляць з лукаў. Хто патрапіць у цэль, той і хан.
Арда зашумела, захвалявалася. Ніхто не чакаў ад старога Гіргеня такой прапановы. Сябрукі Калатана, схаваўшыся ў натоўпе, крычалі адтуль, праўда, змяніўшы свае галасы:
— Згаджайся, Калатан! У цябе вочы, як у беркута! Ты пераможаш сляпога Гіргеня!
Калатан заружавеўся ад радасці. Нарэшце наступіў ягоны міг! Зараз уся арда ўбачыць, які ён спрытны і вастравокі. Калатан рэзкім рыўком выцягауў з-за спіны лук, намацаў рукою апярэнне стралы. Сэрца калацілася ў грудзях.
— Будзем страляць у конскі чэрап. Аднясіце чэрап у стэп на тры сотні крокаў, — сказаў Гіргень. — Чыя страла трапіць у чэрап або ляжа бліжэй да яго, той і перамог. Пачынай. Ты павінен страляць першы, бо стаць ханам хочаш ты.
Малюсенькай бела-жоўтай кропкаю ледзьве бачыўся ў зялёным разліве стэпавай травы чэрап. Калатан, затойваючы дыханне, нацягнуў дрогкую цеціву, пальцамі ног націснуў на страмёны, прыўзняўся з сядла, папрасіў у думках удачы ва ўсіх стэпавых багоў. Страла свіснула, паляцела. Следам за ёю, не, не следам, а на яе вострай дзюбе, паляцела душа Калатана.
Гіргень усміхнуўся, потым сцёр з твару ўсмешку, узяў у рукі лук. Бяскроўная нітачка ханскіх вуснаў бачылася ўсім, хто быў непадалёку. Гіргень лёгка спусціў цеціву, кінуў стралу ўверх, на сонца.
Читать дальше