У лютую гарачыню, калі здавалася, вось-вось закіпіць вада ў Чынгуле, дазорца з кургана ўбачыў у стэпе чорныя кропкі.
— Хан, — закрычаў дазорца, — нашы паслы з Русіедуць!
Гіргень, хвалюючыся, ускочыў на каня, узляцеў на курган.
— Чаму іх шэсць? — спытаўся ён у дазорцы. — Разам з Акланам іх было сямёра.
Дазорца маўчаў. Пот цёк па ягоных смуглых шчоках. I Гіргень зразумеў, што зараз павінна здарыцца непапраўнае. А верхавыя набліжаліся, ужо чуўся гуд капытоў. Коні нагамі і жыватамі разрывалі стэпавую траву, што густа ўстала пасля дажджу, які чатыры дні назад паслала неба. Вось верхавыя побач з курганам, вось прыпыняюць коней, звальваюцца з сёдлаў.
— Дзе Аклан? — ціха запытаўся Гіргень.
Старшы верхавы, стоячы на каленях, падаў хану цяжкі бурдзюк [Бурдзюк — скураны мяшок] і палахліва прыпаў ілбом да самай зямлі. Хан ускрыкнуў, укусіў сябе за руку, ударыў верхавога бізуном.
— Ты прывёз мне галаву майго сына?!
— Так, мудры хан, — прашаптаў пасол і адчуў, як чорнае крыло смерці апускаецца яму на плечы.
— Палахлівы байбак! — пабялеў ад гневу Гіргень. — Я даверыў табе жыццё маладога хана, а ты прывёз ханскую галаву! Чаму не твая галава ў гэтым бурдзюку?!
— Людзі Шаруканідаў падпільнавалі нас у тым месцы, дзе рака Арэль уліваецца ў Дняпро. Там ёсць вялікі востраў. Яны, як начныя совы, напалі на нас. Маладога хана забілі, а нас сем сутак трымалі ў пячоры, якую завалілі камянямі. Шаруканіды ўсёй сілаю ідуць на Кіеў, — ужо болын спакойным голасам адказаў старшы пасол. Ён зразумеў, што ад смерці яму на гэты раз не адкруціцца, а смерці куманы не баяліся.
Пргень загадаў адсекчы ўсім паслам галовы, адсекчы галовы іхнім коням. Потым пахавалі Аклана. Выкапалі ў стэпе глыбокую яму, вакол яе паклалі тушы забітых коней. У пойме Чынгула нарэзалі доўгія лусты дзірвану і вакол ямы зрабілі трайны вал з трыма праходамі. Усё гэта збудаванне акружаў роў глыбінёй у паўтары сажні. Галава Аклана была павернута на ўсход, адкуль выплывае цёплае сонца куманаў. У магілу паклалі шаблю, тры нажы, кальчугу, шчыт, калчан з лукам, пазалочаны шлем і шэсць шаўковых кафтанаў, а таксама два залатыя пярсцёнкі з каштоўнымі сінімі і зялёнымі камянямі, тры парчовыя паясы са срэбнымі спражкамі. Над усім гэтым насыпалі жалобны курган, і адразу Гіргень ударыў жалезнай булдавешкай у паходны кацёл — даў сігнал ардзе здымацца з месца. Заржалі коні, зараўлі вярблюды, заплакалі дзеці, і толькі курган моўчкі глядзеў на гэту мітусню, на людзей, якія адыходзілі, каб ужо ніколі не вярнуцца да яго. Гіргень, хоць і быў сумны, цвёрда сядзеў у сядле, з гордасцю пазіраючы на сваіх коннікаў. На галовах у куманаў былі нізкія шлемы, начэрненыя смалой, каб не блішчалі на сонцы. Карычнева-рыжыя кафтаны ладна аблягалі мускулістыя фігуры, і толькі спіна ў кожнага верхавога здавалася гарбатай — гэта тырчаў лук і тул са стрэламі. На самім Гіргеню ззяла кальчуга з тоўстых кляпаных кольцаў. Акрамя яе стары хан надзеў падкальчужны кафтан, скураныя штаны з нашытымі спераду жалезнымі палосамі, вастраносыя боты з чырвонага саф'яну.
Рухаліся левабярэжжам Дняпра. Тут яшчэ вялікі кіеўскі князь Уладзімір на ўсіх стэпавых рачулках будаваў крэпасці, каб стрымаць пастаянны бязлітасны напор вандроўных орд. На ўсім стэпавым парубежжы Русь насыпала земляныя валы, рабіла засекі з дрэў, ставіла сігнальныя вышкі. На левабярэжжы стэп ляжаў амаль да самага Чарнігава. Ажно чатыры абарончыя лініі вымушаны былі зрабіць русічы. У вусці ракі Сулы яны збудавалі крэпасць-гавань Воінь, куды ў час небяспекі маглі схавацца лоддзі з Дняпра. Па ўсёй Суле густа стаялі крэпасці — па 15—20 попрышчаў адна ад адной. Калі ж стэпнякі прарывалі першую лінію абароны, а ім гэта часта ўдавалася, на рацэ Трубеж іхні ўдар прымаў буйнейшы горад Русі Пераяслаў. 3 левага берага Дняпра да Кіева ваяўнічыя орды маглі падабрацца толькі перайшоўшы брод каля Віцічава і даліну ракі Стугны. Але і тут іх чакалі магутныя крэпасці. Над бродам узвышалася крэпасць з дубовымі сценамі і сігнальнай вежай на вяршыні гары. У час небяспекі на вежы, адкуль простым вокам быў відзён Кіеў, запальвалі велізарны касцёр. 3 поўдня да Кіева падступаў густы сасновы бор. Тут вялікі князь Уладзімір зрабіў апошнюю абарончую лінію, у якую ўваходзілі крэпасці Трыполле, Васілёў і Белград, злучаныя між сабой землянымі валамі.
Гіргень добра ведаў пра ўсё гэта, бо неаднойчы ўдзельнічаў у крывавых набегах. Упершыню ён ішоў з мірам на Русь, ішоў, каб уваткнуць шаблю ў зямлю. Нават у ягонай ардзе гэта не ўсім даспадобы, ужо не кажучы пра Шаруканідаў, але ён цвёрда рашыў стаць братанічам вялікага кіеўскага князя Ізяслава. Годзе попелу і слёз.
Читать дальше