— Ты моцнарукі і смелавокі. Я хачу, каб на схіле маіх дзён ты бьіў ханам, каб цябе ўсе слухаліся, баяліся і паважалі. На схіле маіх дзён я буду піць кумыс, вучыць тваіх сыноў страляць з лука, а ты будзеш ахоўваць маю старасць.
Аклан у знак згоды пакланіўся бацьку. Голас у Гіргеня пазванчэў.
— Едзь ў Кіеў да вялікага рускага хана Ізяслава і скажы яму, скажы так, каб не пачула чужое вуха, што я, мудры Гіргень, хан прыморскай куманскай арды, ці палавецкай, як называюць нас русы, хачу прывесці мой народ пад ягоную бацькоўскую руку. Мы будзем союзнікамі Кіеву, гэтаксама, як торкі, берандзеі, чорныя клабукі. Шабля Гіргеня не ведае, што такое слова «здрада». Я буду верна служыць са сваёй ардой вялікаму хаііу русаў.
— Значыць, мы пакінем свой стэп? — ціха спытаў Аклан, і, падалося, сум быў у ягоным голасе.
— На правым беразе Дняпра багатыя стэпы. Там шмат вады і травы, — строга зірнуў на сына Гіргень. — Шарукан пабаіцца хадзіць на правы бераг.
Сын з вернымі целаахоўнікамі памчаўся ў Кіеў, павёз вялікаму князю Ізяславу залаты паходны кубак, які носяць, прывязаўшы да пояса. На дне кубка былі выдрапаны дзве паралельныя лініі — родавы знак прыморскіх куманаў.
Гіргень, застаўшыся адзін, загадаў прывесці да шатра паляўнічага пардуса [Пардус — гепард]. Два служкі на доўгім ланцугу ледзьве прыцягаулі мускулістую светла-рудую кошку. Пардус грозна шчоўкаў зубамі, шыпеў.
— Вось ты які, — задумліва сказаў Гіргень. — Усё не хочаш скарыцца. Але скарышся, голад і агонь змусяць цябе.
Пардус, выгнуўшы дугою спіну, шалёна глядзеў на старога хана іскрыстымі залёнымі вачамі. Ланцуг упіваўся яму ў шыю.
— Ты самы хуткі між звяроў, я самы мудры між людзей, — прамовіў хан, і служкі нізка схілілі галовы, зацмокалі языкамі ў знак згоды.
— Я падару цябе вялікаму кіеўскаму хану, — пачаў асцярожна падыходзіць да звера Гіргень. — Русы любяць сакалінае паляванне, любяць гончых псоў, але яны не ведаюць нястомных пардусаў і вельмі ўзрадуюцца. I хан Ізяслаў дасць шмат хлеба і мяса маёй ардзе.
Раптам пардус рэзка рвануўся, аж, падалося, хруснула ягоная шыя. Адзін са служкаў не ўтрымаўся на нагах, упаў. Пардус леваю лапаю наводліў ударыў хана па шчацэ. Кроў заліла падбароддзе. Гіргень ад нечаканасці ўскрыкнуў, схапіўся за шчаку і сеў на траву. Пабялелыя ад страху служкі звалілі звера, адзін біў яго канцом ланцуга, другі наступіў пардусу на хвост, учапіўся рукамі ў вушы.
— Ты, як я, — нарэшце сказаў пардусу Гіргень. — Волю любіш. Але не ўсё жывое варта волі. Арол, хан птушак, і той, бывае, сядзіць у няволі, а ты, агідная дурная кошка, асмеліўся праліць чалавечую кроў, ханскую кроў. Завядзіце яго ў клетку і сем дзён не давайце есці, ваду давайце праз дзень. Голад і смага — самыя лепшыя настаўнікі.
— Твае словы, як залатыя яблыкі на срэбным падносе, — пакланіўшыся, умільна глянуў на хана служка, той, што ўпаў. Але Гіргень нават не зірнуў на яго.
— А гэтага недарэку, — сказаў ён другому служку пасушэлым голасам, — прывяжы ланцугом да клеткі, дзе будзе сядзець пардус. I сем дзён патрымай на ланцугу. Няхай пардус лапай яму перад носам памахае.
Служкі бухнуліся на калені. Хан, як і заўсёды, казаў мудра, і словы ягоныя былі вастрэй шаблі.
Уначы арда паліла вогнішчы. Вельмі позна клаліся спаць, калі ўжо ногі не трымалі, а стары Гіргень некалькі сутак запар наогул вока не змружыў. Клапатліва глядзеў, ці заснула Агюль, ці ёсць побач з ёй верная рабыня, потым ішоў на абрывісты бераг Чыргула, садзіўся там, глядзеў на срэбнае ззянне ракі, на цёмнае глухое неба. Вечнае шэсце зорак бачылася яму. Куды плывуць гэтыя камячкі нязгаснага святла? Што яны хочуць сказаць стэпу, людзям, Гіргеню?
«Пайду на Русь, — думаў стары хан. — Яна багатая, яна засыпана срэбрам, як снегам. Там знойдзецца корм і прытулак мне і маёй ардзе. Не хачу быць пад пятой у Шарукана, аблізваць, як галодны пёс, ягоныя катлы і кубкі. На Русі я застануся самім сабой, таму што я чужы ддя яе душой і словам, а Шаруканіды, адзінакроўныя браты, ператвораць мяне ў дурнога барана, якіх тысячы ў іхніх незлічоных статках. Не хачу быць бараном, хачу арлом лётаць».
Ён разумеў, што нядоўга засталося яму бачыць траву і піць кумыс, і спяшаўся захаваць для будучага жыцця свой народ. Будуць прыморскія куманы, будзе нехта сіняй стэпавай ноччу спяваць ля вогнішча песню пра яго, мудрага хана Гіргеня. Хутчэй бы вяртаўся з Кіева Аклан, і можна скручваць шатры, здымацца з месца. Ад Іціля да Дуная раскінуўся велізарны стэп, а яму, Гіргеню, няма ў гэтым стэпе ні пядзі зацішнай зямлі.
Читать дальше