Праз тры дні падышоў са сваёй дружынаю і з чарнігаўскім апалчэннем Святаслаў. Яраславічы, сабраўшыся разам, выпілі з баярамі добрага віна, пачалі раіцца, што рабіць далей. Адны з іх прапаноўвалі неадкладна ісці ўперад, каб з усяго маху ўдарыць па полаўцах. Больш асцярожныя казалі, што трэба спачатку агледзецца, паслаць у стэп разведку, бо невядома, з якою сілаю ідуць Шаруканіды на Кіеў. Пачуўшы такое, ігумен Феадосій пачырванеў ад гневу, крыкнуў:
— Агаране натыкаюць на шаблю дзяцей-млекасосцаў і смажаць іх! Хто хоча чакаць, пакуль згараць на агні хрысціянскія дзеці?!
Князі і баяры адразу змоўклі. Усе глядзелі на Феадосія. Ён сказаў рэзка і ўладарна:
— Пакляніцеся святым крыжам, пакляніцеся крывавымі цвікамі, якія ўпіваліся ў Хрыстову плоць, што ўсе вы, як адзін, зараз жа пойдзеце насустрач агаранам і знішчыце іх.
Вялікі князь, князі Святаслаў і Усевалад, старшыя баяры пакляліся на крыжы. Ігумен Феадосій задаволена прамовіў:
— А смерці не бойцеся. Смерць як сонца — вачамі на яе не глянеш.
На рацэ Трубеж спешна рабілі наплаўны мост, звязваючы лодкі, кладучы на іх дошкі і лясіны. Прадчуванне хуткага бою, ад якога ажно ломіць у грудзях, аднолькава хвалявала і старога, сечанага шаблямі ваяводу Каснячку, і маладзенькага воя. Ізяслаў з братамі ў гэты час маліліся аб перамозе ў каменным храме Узнясення крыжа. Горад Пераяслаў стаіць на сутоку рэчак Альты і Трубяжа, і, молячыся, князі ні на міг не забывалі пра Альцкае поле, страшнае поле, на якім Святаполк Акаянны забіў свайго брата Барыса. Не хацелася Ізяславу скрыжоўваць меч з полаўцамі на гэтым полі, бо невымерна цяжка будзе рукам і нагам хрысціянскім там, дзе пралілася нявінная кроў. Зямля, палітая такой крывёю, няўмольна прыцягвае да сябе, і які ты ні асілак, упадзеш ад вялікай стомы, і голай рукой возьме цябе вораг. Вялікі князь прыспешваў ваяводу Каснячку і дружыну, гааў іх за Трубеж, далей ад гэтага праклятага поля.
Паўднёвей Трубяжа сутыкнуліся з палавецкай конніцай. Стэпнякоў ішло тысяч сем-восем. Коні ў іх былі самай рознай масці, і ажно запярэсціла ўваччу. Адна конная лавіна ўдарыла ў другую, загрымела жалеза, пакаціліся збітыя з галоў шлемы, захрабусцелі скураныя і драўляныя шчыты. Полаўцы з пранізлівым гікам секлі крывымі шаблямі, кідалі арканы. У бліжнім баі ім ніяк не ўдавалася выкарыстаць сваю галоўную страшную зброю — лук. Іхнія коні, што перад гэтым скублі толькі рэдкую, выпаленую сонцам траву, разляталіся ў бакі перад шыракагрудымі коньмі русічаў, адкормленымі аўсом і ячменем. Кіяне, пераяслаўцы і чарнігаўцы білі стэпнякоў цяжкімі вострымі коп'ямі, крышылі мячамі. Полаўцы не вытрымалі тараннага ўдару, пакаціліся назад. Воблака рыжага пылу ўзмахнулася над стэпам. Коні, страціўшы сваіх гаспадароў, з дзікім іржаннем несліся ў пыльную імглу. Адусюль чуліся стогны і пракляцці тых, каму не пашанцавала, хто быў выбіты з сядла і ўжо канаў, абліты крывёй і потам. Пераяслаўцы, якім асабліва моцна дапякалі апошнім часам полаўцы, гналіся за імі ў стэп, секлі без літасці. Вялікі князь загадаў трубіць у трубы, астудзіць гарачыя галовы і вярнуць іх назад, бо некаторыя гатовы былі імчацца на край стэпу, каб вынішчыць усе палавецкія улусы.
Але гэта быў толькі пачатак страшнай бітвы. Русічы япгаэ не ведалі, што сутыкнуліся толькі з часцінкай велізарнай арды. Шарукану ўдалося ўзняць увесь Стэп, і ўвесь Стэп, да апошняга чалавека і каня, лука і калчана, ішоў на Кіеў, ішоў, каб наесціся хлеба і гарачага тлустага мяса, напіцца салодкага віна, зжаць тое, што не сеяў, узяць тое, што не клаў. Глытаючы пыл, абліваючыся горкім потам, Стэп шырокай чорнай ракой цёк туды, дзе была прахалода казачна багатых палацаў, дзе жылі прыгожыя белацелыя жанчыны, якіх можна было зрабіць пакорлівымі рабынямі.
— Трэба ісці да палавецкіх вежаў, — горача сказаў Ізяславу Святаслаў.
— Адпачнём і пойдзем, — лагодна усміхнуўся брату вялікі князь. — Воі стаміліся, і першая дружына яшчэ плыве на лоддзях з Кіева.
— Трэба біць параненага вепра там, дзе ён жыве, — упарта настойваў Святаслаў. Але чарнігаўскага князя не паслухалі, нават Феадосій Пячэрскі быў не супраць таго, каб напроціў ночы вярнуцца назад за раку Трубеж.
Святаслаў пачарнеў ад злосці і, выганяючы гэту злосць з нутра, стукнуў свайго каня кулаком паміж вушэй, крыкнуў:
— Шавяліся, аўсяныя зубы!
Бедны конь аж спатыкнуўся.
Ізяслаў, сцешаны перамогай, разагрэты боем, толькі на паўночным беразе Трубяжа ўспомніў пра Альцкае поле. Яно слалася перад ім, па-восеньску пустое, зацятае ў суровым маўчанні. I вялікі князь падумаў, і падумаў нявесела, што ўжо восень, холад коціцца да чалавечага жытла, грукае ветрам у дзверы. Людзі б'юцца, грызуцца між сабой, дзеляць зямлю і ўладу, срэбра і жанчын, а прырода як бы збоку назірае за імі, не забываючыся ў адведзены час пакрыць восеньскай чырванню лясы, затуманіць лугі і рэкі, сыпануць мяккім белым снегам на чорнае глухое поле. Усё ў божых руках: і рух зоркі ў небе, і кожны ўздрыг чалавечай душы.
Читать дальше