— Даю за яго пяць грыўняў, — сказала Кацера ахоўніку. Той незадаволена прыкусіў вус:
— Мала. Рамеі за кожнага дадуць больш.
— Але ж па ўставах князёў Яраславічаў жыццё радовіча, смерда і халопа ацэньваецца ў пяць грыўняў срэбра.
— Які ж гэта халоп? — рукаяццю бізуна ўзняў Добраму падбароддзе ахоўнік. — Бач, якія вочы ў яго, якая пастава. Самае меншае купцом некалі быў. Адказвай, быў? — грозна запытаў ён у Добрага. Той маўчаў.
— Я дам за яго, як за ратайнага старасту, дванаццаць грыўняў, — трохі падумаўшы, сказала Кацера.
— Дамовіліся, — згадзіўся ахоўнік і крыкнуў сваім напарнікам: — Нясіце кавадла, малаток і рубіла!
Тыя прыбеглі з кавальскім струмантам, і тады ахоўнік, дастаўшы з футарала, што вісеў у яго на поясе, дарожную вагу з гіркамі, звярнуўся да Кацеры:
— Давай срэбра, баярышня.
Кацера загадала Сцяпану адважыць дванаццаць грыўняў. Сцяпан зморшчыўся, засоп старэчым носам, але выцягнуў са скураной торбы ладнаваты скрутак срэбнага дроту. На кавадде адсеклі доўгі кавалак дроту, узважылі, і ахоўнік даў знак раскоўваць Добрага. Калі падышлі да Добрага, каб вызваліць з ланцугоў, ён узняў галаву, прасветленым позіркам слізгануў вышэй людскіх галоў, потым зірнуў на неба, на бела-ружовыя воблакі ў сакавітым блакіце. Твар быў велічны і спакойны. Добры.шаптаў малітву, і воі стаялі побач, разгублена чакалі.
— Ну што ж ты? Хутчэй радуйся, — сказаў ахоўнік Добраму і ўтапіў у кішэні плашча кавалак срэбнага дроту. — Табе пашанцавала.
Добры нізка пакланіўся Кацеры, пакланіўся рахманам. Рахманы пачалі кланяцца яму ў адказ, гаварылі ціхімі галасамі:
— Вяртайся на Свіслач...
— Маліся там за нас...
— Бог па заслугах узнагародзіў цябе... Добры маўчаў.
— Чаго стаіцё? Раскоўвайце яго! — ужо сярдзіта загадаў ахоўнік.
— Не спяшайся, — строга глянуў Добры. — Гэтага раскоўвайце, — паказаў ён на Гнеўнага. — Адну душу выкупіла баярышня, і я хачу, каб раскавалі майго брата.
— А ты? — запытаў ахоўнік.
— Я пайду са сваімі братамі, каб падзяліць з імі пот, боль і кроў, — сказаў Добры і яшчэ раз пакланіўся рахманам. Ахоўнік прыкусіў вус, прыжмурыў вочы, ціскануў рукаяць бізуна.
А рахманы ўжо пакорліва і дружна станавіліся на калені перад Добрым.
— Хочаш быць рабом? Будзь. Твая воля, — нарэшце вымавіў ахоўнік. — Раскуйце таго, каго ён просіць.
Раскавалі Гнеўнага. Ён не верыў свайму шчасцю, стаяў, цёр знямелыя рукі, потым тройчы пакланіўся Добраму. Натоўп нявольнікаў крануўся з месца. Закурэў сухі пыл з-пад ног. Далёкая дарога чакала ўсіх гэтых няшчасных людзей, дарога без вяртання. Яшчэ не раз пад чужым небам успомніцца ім родная зямля.
— Чаго ты стаіш? — строга сказаў стары Сцяпан Гнеўнаму. — Ты зараз наш, ты халоп баярышні. Бяры вось гэты хатуль і ідзі за мной.
Гнеўны паслухмяна выканаў загад. Белавалод стараўся не глядзець на яго, бо помніў густы змрок падзямелля, чэпкія неадрыўныя вочы, вялікую ўладу і сілу гэтага чалавека, помніў спалох Ульяніцы.
— Як цябе завуць? — спыталася Кацера ў свайго новага халопа.
— Яфрэм, — адказаў Гнеўны.
Яны прыйшлі да сядзібы Варлама, і Белавалод, адшукаўшы Ядрэйку, расказаў пра нечаканую сустрэчу з Гнеўным. Рыбалоў дужа здзівіўся, потым напалохаўся. Падумалася яму, што хітры цямрук можа нейкім чынам нашкодзіць ім.
— Калі ён рахманаў, лясных людзей, у кулаку трымаў, ён і тут здолее, як вуж, прапаўзці ў любую шчыліну, — раздумліва прамовіў Ядрэйка. Ёсць у ягоных вачах ліпучасць нейкая. Глянеш у такія вочы — і ўжо сам сабе не гаспадар. Адным словам, далей нам трэба ад яго трымацца і нікому не казаць, што мы ведаем яго.
Так і зрабілі. Абыходзілі Гнеўнага, стараліся не трапляць яму на вочы. А Яфрэм (так усе, акрамя Белавалода і Ядрэйкі, звалі Гнеўнага) і сапраўды вельмі хутка з бруду і пылу ўзняўся, стаў правай рукою Кацеры, патрохі пачаў на старога Сцяпана крычаць, а аднойчы спрытна падтрымаў залачонае стрэмя, калі Раман садзіўся на каня.
— Добрага ў няволю пагналі, а гэты цямрук раскашуе, як крапіва пад плотам, — пачухаў патыліцу Белавалод. — Чаму ўсё так робіцца, Ядрэйка?
— Кожнаму дразду па свайму гнязду, — адказаў рыбалоў. — Даўно заўважыў я, баяры вы мае дарагія, што мякчэйшыя людзі на мулкіх палатках спяць або ў чыстым полі, камень пад голаў падклаўшы, начуюць. А той, у каго сэрца з валуна высечана, на пухавіках, на ядвабе свае белыя костачкі песціць.
У вольныя часіны Раман вучыў усіх сваіх людзей рукапашнаму бою. На лоддзі плылі на пустынны пясчаны востраў, надзявалі кальчугі, шлемы, бралі ў рукі шчыты, мячы, дзіды і сякеры. Кожнага выпрабоўваў Раман моцным сакрушальным ударам. Часта ад такога ўдару падаў у пясок шчыт, а няўдаліца-дружыннік стаяў агламошаны, разгублена лыпаў вачамі.
Читать дальше