Перад натоўпам коні ўзвіліся на дыбкі. Так пагрозна шумеў, так махаў кулакамі і люта бліскаў вачамі раз'юшаны натоўп, што войскія коні спалохаліся.
— Разыдзіцеся! — уладным голасам закрычаў Каснячка. — Вяртайцеся ў свае весі! Напаіце вадой і накарміце хлебам дзяцей! Дд вашага ляманту дзеці сытыя не будуць!
Загарэлы бондар смела стаў перад ваяводам, упёрся кулакамі ў бокі, сказаў:
— Добры ў цябе конь. Вачамі зоркі ліча. Вушамі вайну чуе. Але не на белым кані трэба табе ездзіць.
Бондар нагнуўся, шырокай даланёю зачэрпнуў гарачага цёмнага пяску, лэпнуў каня па шыі, і ўсе ўбачылі на беласнежнай грыве брудны пісяг. Каснячка, выскаліўшы ў гневе зубы, пачаў выдзіраць з похваў меч. Але бондар схаваўся ў натоўпе.
— За антыхрыстам ідзяце! — закрычаў епіскап Сцяфан. Чорнай цецівою затрапяталі на бледным твары бровы. Размахваючы выявай багамацеры, зганяючы з дарогі злых духаў, адважна ўрэзаўся епіскап на сваім кані ў людскую сцяну, прабіў у ёй трэшчыну. Сляпога паломніка, які стаяў на дарозе, ён стаптаў канём. Ды раптам выбеглі з натоўпу два сінявокія русагаловыя дзецюкі, паплявалі нарукі і за каршэнь пачалі сцягваць епіскапа з каня. Ён адчайна супраціўляўся, біў іх кулакамі, ледзьве не кусаў.
— Мы ноўгарадцы! — крычалі дзецюкі. — Халопы гэтага пса. Страшнымі карамі ён нас караў! На ланцуг садзіў. Жалезным кіем біў. На сценах распінаў. А малалетку Андрэю нос урэзаў.
Яны сцягнулі епіскапа з сядла, кінулі на зямлю, пад ногі натоўпу.
— Бі яго! — закрычалі дзесяткі людзей, рынуўшыся да Сцяфана, якому страх адабраў мову. Ноўгарадскі епіскап толькі маўчаў. Твар быў заліты ярка-чырвонай крывёю.
— Адступіцеся ад святога ўладыкі! — секануў бліжэйшага да сябе смерда мячом Каснячка. — Увесь горад за яго на кап'ё ўзніму!
Ды было позна. Епіскап ужо канаў, уплішчаны ў пясок.
— Ён нас еў, як палявы звер траву, і мы яго жывога не выпусцілі, — абтрасаючы рукі, сказаў адзін з ноўгарадскіх дзецюкоў. Смерць епіскапа на нейкае імгаенне супакоіла натоўп. Людзі, кожны ў сябе ў душы, як бы прымерваліся да гэтай раптоўнай смерці. Хацелі ўцяміць, асэнсаваць імгненны пераход ад жыцця да тлену. Шмат хто, астываючы ад узбуджэння, шкадаваў, што ўзняў дзясніцу на епіскапа. Не мінаваць божай кары. Такая разгубленасць і расслабленасць дорага каштавалі натоўпу. Ваявода са сваёй дружынай ударыў па безабаронных людзях. Секлі і мужчын, і жанчын, і дзяцей, кожнага, у каго не хапіла спрыту вывернуцца, выслізнуць з-пад мяча.
Проста на Кацеру з Хадоскай імчаўся, праломваючы сабе дарогу ў чалавечых целах, чорнабароды дружыннік на вялізным рудым кані. Конь, храпучы, ударыў капытом Хадоску, стаптаў яе, нібы пшанічны колас. Кацера змярцвела ад жаху, заплюшчыла вочы, развітваючыся з жыццём. I тут нечыя дужыя рукі схапілі яе, панеслі... Зусім побач мільгнулі конскія капыты, прарэзліва закрычаў чалавек.
— Сячы сыраядцаў! — шалёна махаў чырвоным ад крыві мячом ваявода Каснячка. — У Дняпро гані! Кладзі на дно рачное!
Дужыя рукі неслі Кацеру далей ад смерці, ад стогааў і свісту мячоў, ад конскага дзікага ржання. Яна слаба войкнула і страціла прытомнасць...
Прамень вечаровага сонца лёг ёй на шчаку, разбудзіў. Яна ўбачыла над сабой цёмна-блакітнае неба. Такога неба Кацера яшчэ не бачыла ў сваім жыцці — высока і нязрушна стаяла яно, усё ў белых клубочках воблакаў, у белых даўгакрылых птушках. Птушак было незлічонае мноства. Яны здаваліся вохлапамі зімовага белага снегу. Радасна-трывожны птушыны крык нёсся з вышыні. «Дзе я?» — падумала Кацера і адразу ж адчула лёгкае пайгойдванне. Яна ляжала на цёплай, нагрэтай сонцам мядзведжай шкуры, а шкура была рассцелена на дубовай палубе вялізнай лоддзі. «Лоддзю калыша рака, — здагадалася Кацера. — Хто ж мяне прынёс сюды?» Яна асцярожна павяла позіркам наўкол сябе і ўбачыла непадалёк тоўсценькага чарнавокага чалавечка з буйным сіняватым носам, з немалой лысінаю. Скура на цемені, там, дзе не было валасоў, моцна загарэла, нават, здавалася, спяклася пад шчодрымі промнямі сонца. Чалавечак сядзеў на палубе, падгарнуўшы пад сябе ногі. Было ў ім нешта ад ляснога вожыка-чмыхуна.
— Ажыла, — радасна ўсклікнуў чалавечак і пляснуў далонямі па палубе. — Ая сяджу, пазіраю на цябе і чакаю, калі ты хоць адным вокам глянеш.
— Дзе я? — спытала Кацера.
— На зямлі, — бадзёра адказаў чалавечак. — Калі б ты была на небе, цябе б пільнаваў анёл. А я — Ядрэйка.
Ён падсеў бліжэй да Кацеры, чорнымі бліскучымі вочкамі пазіраў на яе, здавалася, гладзіў яе.
Читать дальше