Кацера паабяцала халопу быць асцярожнаю, без асаблівай патрэбы не выходзіць з падвор'я. Сцяпан супакоіўся, пачаў разам з Хадоскай гатаваць абед. Елі духмяны сушаны сыр, жаўтабокія салодкія грушы.
— Розных плямёнаў купцы і рукадзельныя людзі ў Кіеве жывуць, — расказваў палагаднелы Сцяпан, — рамеі, армянцы, ляхі, яўрэі, тэўтоны. Збор з усяго свету. I кожны сваёй моваю гаворыць, паспрабуй іх зразумей.
— Я тут і нашу гаворку чула, — сказала Хадоска.
— А дзе нашага люду няма? Полацк і Менск ведаюць усюды.
Над Кіевам пырскаў дробны краплісты дождж. Дні тры, не меней, трэба яму ісці, каб адмыць неба ад дыму. Вялікі дым апошнім часам наплываў са стэпу. На левабярэжжы Дняпра палалі пажары. Хан Шарукан зашавяліўся там са сваёй ардою.
Кацера доўга не магла заснуць. Недзе ў гэтым велізарным горадзе быў Раман. Як знайсці яго, як убачыць? У моры людзей зрабіць такое, бадай, немагчыма, адна надзея на Бога. I яна малілася ў начной цішыні. А ўва сне перад ёю Раман, усмешлівы, прыгожы, пакланіўся і сказаў: «Каля поруба мяне шукай, дзе князь Усяслаў сядзіць». Яна прачнулася і ўсё не магла зразумець, хто сказаў гэтыя словы, але яны яшчэ гучалі ўвушшу: «Каля поруба мяне шукай...»
Назаўтра Кацера з Хадоскай зноў пайшлі да Сафіі, памаліліся, а на зваротнай дарозе маладая баярышня выпытала ў кіян, дзе знаходзіцца поруб з полацкім князем. Аказваецца, быў ён непадалёку ад Брачыслававага падвор'я. Адразу ж подбегам накіраваліся туды. Але нічога незвычайнага не ўбачылі — тырчала з зямлі некалькі вянцоў дубовых тоўстых бярвенняў з плоскім, таксама бярвеністым дахам, воі-ахоўнікі сумавалі, абапёршыся на коп'і, і ўсё. Нясмела падышлі яны да вузенькага акенца, у якім быў змрок.
— На ваўкалака хочаце глянуць? — усміхнуўся адзін з вояў. — Дык нешта не чуваць яго. Мо спіць, а мо пабег за трыдзевяць зямель.
Ён быў у добрым настроі, жартаваў, чорным вясёлым вокам прымерваўся да Кацеры і да Хадоскі.
— Там не ваўкалак сядзіць, а полацкі князь, — строга сказала Кацера. — Ты хрысціянін, і грэх табе смяяцца з бяды чалавечай.
Вой змоўк. Усхваляваная Кацера глянула ў акенца, але нікога не ўбачыла. Поруб як вымер. Ні зыку, ні шэпту. Можа, і сапраўды князь Усяслаў і княжычы спалі. 3 невясёлым сэрцам вярнулася Кацера на Брачыславава падвор'е, дзе ўжо месца сабе не знаходзіў стары Сцяпан.
Назаўтра, ідучы з царквы, зноў павярнулі да поруба. Каля яго было людна і шумна. Дзесяткі смердаў з жонкамі і з малымі дзецьмі тоўпіліся насупраць акенца, хацелі ўбачыць полацкага князя, крычалі:
— Заступіся за нас, князь-міласэрнік!
— На аднаго цябе надзея!
— Маліся за зямлю рускую! Смерць яе надыходзіць!
Усе гэтыя страшэнна стомленыя запыленыя людзі прыбеглі ў Кіеў з дняпроўскага левабярэжжа, дзе гарэлі іхнія хаты, дзе пагрозна храплі палавецкія коні. Шматтысячнае войска стэпнякоў пераваліла рэкі Вараскол, Псёл і Харол, імкліва рухалася да ракі Сулы, адкуль прамая дарога вяла на Пераяслаў іКіеў.
— Ратуй, прыснапамятны князь! — крычаў, галасіў натоўп, упаўшы на калені. — Ты ўсё можаш! Ратуй!
Да смердаў далучыліся рукадзельныя людзі з Падола, баярскія халопы з Гары, сляпыя паломнікі, што ішлі ў Палесціну. Вялікі крык стаяў перад порубам. Воі-ахоўнікі ціснуліся адзін да аднаго, ведалі — махні кап'ём або мячом, і адразу галодны злы натоўп пераломіць коп'і, як чарацінкі, а іх растопча або з каменем на шыі павалачэ ў Дняпро. Начальнік варты шапнуў двум сваім самым хутканогім воям, каб беглі да вялікага князя Ізяслава і ваяводы Каснячкі, клікалі дапамогу.
А натоўп шалеў. Сонца пякло, смаліла з вышыні, сухі пыл забіваў ноздры, пахла дымам і потам, не адгукаўся, маўчаў у порубе Усяслаў, і гэта рабіла людзей падобнымі на статак разгневаных, раз'ятраных лясных тураў, які ашалела імчыцца пушчаю, ломячы і крышачы ўсё на сваім шляху.
— Разнясём на трэскі баярскія жытніцы! — прарэзліва крычаў загарэлы да чарнаты бондар з Падола. — Хрыстос вучыць, што зямля павінна карміць усіх. Разрэжам баярам жываты і наб'ём іх зернем!
— Пойдзем адсюль, Хадоска, — спалохана выгукнула Кацера. Яны пачалі паспешліва выбірацца з людскога віру. Сляпы сівы паломнік выкінуў уперад худыя, карычневыя ад сонца рукі, дрогкімі пальцамі правёў па Кацерыным твары, сказаў са скрухаю:
— Навошта, прыгожая, тут ходзіш? Зараз тут кроў пацячэ.
Кацеру ўжо аж ускалатнула ад гэтага дотыку. Так здаралася, калі ў цёмным лесе раптоўна наліпала на шчокі і на бровы павуціна.
— Хутчэй, Хадоска, — ціснулася праз натоўп Кацера. I ў гэты самы час ваявода Каснячка на белым кані, у бліскучых наборных даспехах вылецеў да поруба. 3 ім было каля сотні дружыннікаў і ноўгарадскі епіскап Сцяфан, які дзве сядміцы назад прыплыў па царкоўных справах да кіеўскага мітрапаліта. Сцяфан, хістка седзячы на кані, трымаў высока над галавой выяву багамацеры. Касмоцце ягоных чорных валасоў шкуматаў вецер.
Читать дальше