Крыванос прыцішыў голас, нават спалохана азірнуўся.
— Не было там ног чалавечых, а былі вялізныя ласіныя капыты. Дзве пары капытоў, гразёю балотнаю перапэцканыя, чорныя, і цёмна-рудая поўсць над імі. Во якая жудасць! Зверху, над сталом — людзі. Ядуць, гавораць. А знізу — звяры лясныя. Як нагнуўся я пад стол, так і здранцвеў. Што рабіць? Узнімі крык, адразу заб'юць яны мяне, капытамі ўсе рэбры ператрушчаць. I тут нейкая блазнота на мяне найшла. Бяру я лыжку і лыжкай гэтай ціха стукаю па капыту, які сама бліжэй стаіць: тук-тук-тук. Грымнула, завыла над сталом, віхор карчагі змёў, дзверы адчыніліся, моцна ляпнулі, і цішыня наступіла. Карачун, думаю, мне будзе. Заплюшчыў вочы і ўжо збіраюся Богу душу аддаць. Але ніхто мяне не чапае, жонка і дзеці спяць як спалі. Узняў я галаву, а за сталом нікога няма. Толькі каля дзвярэй два плашчы валяюцца — чорны і белы, і два абгарэлыя яловыя смалякі. Падняў я плашчы, а яны балотам пахнуць, тванню...
— Жахоцце, — толькі і сказаў Белавалод.
Раніцой выкацілася з-за пушчы смугла-жоўтае сонца, раздзьмуў, распукаціў вятрылы вецер-свяжак, і Раман загадаў адплываць.
— Бывай, — паціснуў руку Белавалоду Крыванос. — Дай Бог, каб убачыліся мы з табою.
Ён доўга стаяў на беразе, глядзеў на лоддзі, што весела імчаліся ў абдымках ветру і вады, потым ямчэй ускінуў на плячо лук, прыпляскаў даланёю скураную шапку-аблавушку і, не азіраючыся, борзда пакрочыў у пушчу. Сумна зрабілася Белавалоду. Яшчэ з адным добрым чалавекам разлучыла яго жыццё, і, пэўна ж, назаўсёды. Але застанецца ў памяці ноч каля вогнішча, сіплаваты голас Крываноса, шум пушчы і вугаль, які русявы паляўнічы выкочваў з полымя на траву.
— Эге-гей, Белавалод! — крыкнуў з пярэдняй лоддзі Ядрэйка. — Дужа доўга глядзіш услед гэтаму лесуну. Помні, што я твой лепшы сябра!
Белавалод усміхнуўся рыбалову, згодна кіўнуў галавой.
Праз тры дні яны прыплылі да сутоку Бярозы з Дняпром, у землі чарнігаўскага князя Святаслава Яраславіча. Тут іх ужо чакалі стругі полацкіх купцоў, якія з Дзвіны праз дняпроўскія валокі ішлі да Кіева. Раман меў з купцамі дамову. Сваю дружыну ён меркаваў увесці ў стольны Юеў пад выглядам вояў-ахоўнікаў купецкага каравана. Старэйшына каравана чорнабароды здаравяк Валодша прывітаўся з Раманам, сказаў:
— Два нашы стругі адсталі, наскочылі на дрэвы-таплякі. Днішчы зашываюць новымі дошкамі, смалой заліваюць. Праз ноч павінны тут быць. Трэба чакаць...
Раман зморшчыўся ад такой навіны, хацеў сказаць гняўлівае слова, але зірнуў на Валодшу, убачыў сівізну ў яго на скронях, нібы марскую соль на карабельных вятрылах, і згодна кіўнуў галавой. Ды ў сэрцы засталася шурпацінка, гарчынка, бо заўсёды любіў ён своечасова рабіць тое, што задумаў.
На звязку дня і ночы, калі пацямнела рака і пагрозна зашумеў вакольны лес, Раман ударыў мячом у шчыт, сабраў дружыну, павёў яе праз глухмень і балота. Узышлі на выспу, з якой добра былі бачны Бяроза і Дняпро. Не першы раз быў на гэтым месцы Раман, бо ўпэўнена знайшоў пад вялізным калматым дубам высечанага з чырвонага пясчаніку ідала. Макрэча восені і драпежны холад зімы нарабілі трэшчынак на суровым каменным твары, круглячкі птушынага памёту бялеліся на галаве.
Раман зняў шлем, і ўсе знялі шлемы і шапкі. Раман загаварыў глухімусхваляваным голасам:
— Да вас прыйшоў я, Пярун і Дажджабог. Дайце мне моц і ўдачу. Дапамажыце ў далёкім паходзе, у грознай сечы. Напоўніце сілай маю дружыну і маю зямлю.
Ён стаў на калені, тройчы пакланіўся ідалу. Шумеў лес. Гнуліся, трашчалі галіны ў лясным змроку. Здавалася, нечыя велізарныя рукі хочуць струшчыць, сцерці на парахню ўсе дрэвы. Закугукала, заплакала, як згубленае дзіця, сава. Лес абрастаў сівой барадой туману. Раптам над зямлёй, у цёмна-блакітнай нябеснай неабсяжнасці, успыхнула шырокая палоса трапяткога святла. Адразу раззалаціліся воблакі, макаўкі дрэў. Нават паружавела трава, што расла каля ідала. 3 дуба сарваўся жолуд, звонка шчоўкнуў аб Раманаў шчыт.
Частка II
Кацера сумавала ў сваёй святліцы. Ні бацька з маці, ні Гвай, ні чалядзінка Хадоска не маглі развесяліць яе, не маглі разгаварыць. Баярын Аляксей з'ездзіў у Полацк, накупляў там прыгожых бранзалетаў, караляў з жоўтага бурштыну прывёз, хоць заўсёды быў скнараю, залаты налобнік, з якога на скроні ручайкамі сцякалі зіхоткія падвескі-лунніцы. Але нішто не цешыла Кацеру.
«Аддаць замуж яе трэба, — думаў баярын. — Хай дапаможа мне Бог, захавальнік чалавечага семені. Толькі дзе ж знайсці жаніха? Куды ні глянь — той недарэка, той калека. У Полацк павязу Кацеру. Горад вялікі, людны, багаты, там жаніх адшукаецца». Ён сказаў аб гэтым жонцы, і баярыня Вольга адразу ж згадзілася, хваравіты бледны твар асвяціўся кволай спалоханай усмешкаю. «Вось дзе лядоўня, — раздражнёна падумаў пра жонку баярын. — Усё жыццё пакутую, жыву з такой. Пэўна, у гнілую восеньскую ноч зачыналі яе бацькі. Ні смеху, ні голасу звонкага ніколі ад яе не пачуў. Што ні скажы, міргае вачамі, з усім згаджаецца.
Читать дальше