Можна было падумаць, што пасля доўгай разлукі сустрэліся і размаўляюць два самыя добрыя сябры. Ядрэйка гаварыў, Іван Вогненная Рука стагнаў.
Нарэшце Раман не сцярпеў, загадаў:
— Усім, акрамя варты, спаць. А заўтра я выраіпу, што з ім рабіць.
Назаўтра Іван Вогненная Рука ачомаўся, паныла і хмура глядзеў наўкол сябе. Яго накармілі, напаілі, і Раман пачаў допыт.
— Ты хто? — запытаў ён.
— Іван Крывашэй. Збройнік. Раблю шчыты, цягну дрот ддя кальчугаў.
— А чаму цябе клічуць Вогненнай Рукой?
Пры гэтых словах маленькі чалавечак пабляднеў, заплюшчыў вочы. Лоб у яго пакрыўся потам. Раманава дружына затаіла дыханне, каб пачуць, што ён скажа ў адказ.
Але Іван Вогненная Рука маўчаў.
— Ты — галаўнік і крывавы таць, — казаў далей Раман. — Тваім імем палохалі дзяцей. Але Богава Цярпенне скончылася, і ты паслізнуўся на крыві, пралітай табою. Адказвай, сабака, дзе твае крумкачы і совы, што клявалі чалавечае мяса?
— Пэўна, яны пайшлі ў пушчу на левы бераг Бярозы, — ціха вымавіў Іван Вогненная Рука. — Сядміцу назад мы напалі на купецкі караван, узялі багатую здабычу.
— Што вы зрабілі з купцамі?
— Кінулі ў вір. А потым, дзелячы купецкае багіно [Багіно — дабро, багацце], паспрачаліся. У мяне ўжо даўно былі ворагі... На купецкіх стругах было шмат амфар з рамейскім віном. Усю ноч мы пілі, а раніцою я прачнуўся на дубе. Лепш бы яны мяне забілі соннага.
Іван Вогаенная Рука гаварыў усё гэта без страху, але з вялікім смуткам.
— Чаму ты, збройнік, зрабіўся галаўніком? — не адступаў Раман.
— Што я магу сказаць? Не ведаю... Як быў малы, старая вядуння нагадала майму бацьку, быццам памру я смерцю гадзюкі, а я падслухаў іхнюю гаворку.
— Што гэта за смерць такая?
— Гадзюка мяняе, скідвае скуру. Дык вось вядуння нагадала, што сустрэну я смерць без сваёй скуры, злупяць з мяне жывога скуру перад смерцю. Напалохала мяне тое гаданне, кожную ноч пра яго думаў, не мог жыць спакойна. Як падумаю пра тыя пакуты, што мяне чакаюць, сэрца абмірае, не хоча біцца. Богу маліўся, прасіў, каб пашкадаваў. Ды страх не праходзіў, тачыў душу. I збег я ад бацькі, збег з дому, пайшоў у пушчу, у цёмны гушчар, каб ад лёсу свайго схавацца. Атам сустрэў галаўнікоў, і пачалі мы гуляць над Свіслаччу і Бярозай.
Ён змоўк, лізнуў чырвоным языком сухія абсівераныя губы.
— Сам з жывых людзей скуру здзіраў? — грозна спытаў Раман, і ўся дружына аж на пальчыкі ўстала, каб пачуць адказ.
— Не. У вір кідаў, на дрэвы падвешваў, але скуру не чапаў, — спакойна прамовіў Іван Вогаенная Рука і пасля кароткага маўчання папрасіў у Рамана: — Забі мяне, добры чалавек.
Вочы ўсіх скіраваліся на Рамана. Ваявода падумаў, пакамечыў пальцамі бараду, глуха сказаў:
— Я не Бог, каб караць цябе страшным судом. Рыбалоў, — паклікаў ён Ядрэйку, — ты вісеў на бярозе?
— Вісеў, — адказаў Ядрэйка.
— Тады аддаю таця табе. Адпомсці яму. Можаш забіць яго. Бяры меч і забі галаўніка.
Цяпер усе глядзелі на Ядрэйку. Нехта падаў рыбалову меч. Ядрэйка ўзяў меч, няўпэўнена круціў яго ў руках. Іван Вогненная Рука чакаў, стаяў побач. Усе расступіліся, каб даць прастору мячу.
— Кат цябе бяры, — сярдзіта плюнуў Ядрэйка, усадзіў лязо ў пясок і, адышоўшы на рачную строму, гукнуў адтуль: — Вазьму я свае рыбалоўныя кручкі і лепш налаўлю табе, ваявода, рыбы.
Шумела рака. Шумеў лясны вецер. Усе маўчалі.
— Дай, ваявода, я яму галаву здыму, — сказаў раптам адзін з дружыннікаў, таўставаты бледнатвары хлопец. Агеньчыкі гарэлі ў шэрых вачах.
— Ты ведаеш Вогненную Руку? — уважліва зірнуў на яго Раман.
— Першы раз бачу, — адказаў дружыннік. Раман памаўчаў, потым цвёрда прамовіў:
— Збіраемся ў дарогу. Ты, — паказаў ён на бледнатварага дружынніка, — возьмеш вясло, а побач з табою прыкуем ланцугом да вясла Івана Вогненную Руку. Хай грабе да самага Кіева. Там паглядзім, што з ім рабіць.
Зноў паплылі па Бярозе. Рака няспынна бегла на поўдзень. Бліжэй да берага, у тонкай доўгай траве, насцярожана стаялі шэра-сінія шчупакі, чакалі здабычу. Калі якая-небудзь рыбная малеча, загуляўшыся ў вясёлых булькатлівых струменях, падплывала да іх, раскрываўся і шчоўкаў вялізны вастразубы рот.
Івана Вогненную Руку прыкавалі, як і загадаў Раман, да цяжкога вясла. Былы галаўнік сядзеў з мёртвым тварам. Раманавы дружыннікі ўпотай кідалі на яго цікаўныя позіркі. Усе хацелі б зараз даведацца, аб чым думае галаўнік, раскаянне ці халодная злосць ваўка, што трапіў у лоўчую яму, жыве ў ім. А ён, адчуваючы на руках цяжар ланцугоў, успамінаў, што ўжо аднойчы ў Друцеску быў скаваны, у ашыйніку, у наножніках і наручніках сядзеў ля ўвахода ў мясцовую царкву. Куніцай называецца такое месца і такое пакаранне. Кожны, хто хацеў, мог плюнуць тады на яго або хвастаць вяроўкай ад царкоўнага звона, што вісела побач на круку.
Читать дальше