— Цішэй, косю... Не бойся, дурненькі...
Конь пераставаў іржаць, але гусцеў вечар, ляцела насустрач у кашлатых лясных берагах рака, і ён зноў фыркаў, хроп, шкроб днішча лоддзі капытом.
На дзвюх лоддзях плыло па пяцьдзесят вояў, на той, дзе былі коні, дваццаць. Стырнавы Ішрэдняй лоддзі час ад часу трубіў у сурму, асабліва на рачных паваротах, каб не стукнуцца лоб у лоб з тым, хто мог плыць насустрач.
Нарэшце Раман загадаў прыстаць да берага. Скінулі дашчаныя сходні, сышлі з лоддзяў і звялі коней, бо ім таксама трэба адчуць пад нагамі цвердую зямлю. Запалалі вогнішчы. Зашыпела на ражнах мяса. Пушча насоўвалася з трох бакоў чорнай злавеснай мядзведзіцай. Толькі з чацвёртага боку выбельвалася з цемры палоса ракі, і ўсе — людзі і коні — ціснуліся да яе. Ноч прайшла спакойна. Плескатала ў Свіслачы вялікая рыба ды з ляснога змроку крычаў касцяным голасам пугач.
Праз два дні ўвайшлі ў Бярозу. Шырэйшаю і глыбейшаю была тут вада, і можна было адпачыць ад цяжкіх вёслаў, якія адрывалі рукі, бо ўзняўся моцны роўны вецер, панёс лоддзі на поўдзень.
Чырвоныя сасоннікі, белыя бярэзнікі і чорныя ельнікі глядзелі з берагоў. Вялікае мноства звяроў і птушак жыло тут. А яшчэ жылі тут лютыя гадзюкі, неадчэпныя камары, бязлітасныя авадні. Коней у дзённую спёку давялося пакрываць скуранымі апонамі, бо хмары аваднёў рынуліся на іх.
У некаторых месцах лес трохі адступаў ад ракі, адбягаўся ўбок, і на такіх пакрытых зялёнай аксамітнай травой прагалах раслі сем'і дубоў. Побач стаялі высачэзныя, абпаленыя маланкамі дубы-таўстуны і іх маленькія дзеткі, зграбныя, кучаравыя. У дубняку і рашылі перачакаць ноч. Зноў загаманілі вогнішчы. Коні з палёгкаю і радасцю па самыя грывы апусцілі галовы ў густую халаднаватую траву. I раптам з цемені пачуўся чалавечы крык. Усе адразу сціхлі, насцярожыліся. Крык паўтарыўся. Страх і пакута былі ў ім. Раман выцягнуў з похваў меч, наструнена ўстаў каля вогнішча.
— Што там за крыкса аб'явіўся? — хацеў пажартаваць Ядрэйка, але астатнія дружыннікі і разам з імі Белавалод быццам не пачулі вясёлага рыбалова, спалохана ўзіраліся ў вечаровы змрок. Чалавек закрычаў зноў.
— Не ідзі туды, ваявода, — ціха сказаў Раману Гняздзіла і нават заступіў яму дарогу. — Гэта, няйначай, як лясун-клікун, пярэварацень з савінай галавой. Завабіць у пушчу, а там і ўтопіць у балоце і ўсю кроў высмакча.
— Не ідзі, — пачалі прасіць ваяводу найболын пудлівыя з дружыннікаў. Але Раман левай рукою выцягнуў з вогнішча галавешку, узняў яе, у правай руцэ сціснуў меч і, распорваючы вастрыём мяча цемру, пайшоў на голас. Гняздзіла і Ядрэйка, схапіўшы мячы, прыгнуўшыся, пакрочылі за ім.
Яны выйшлі на пукаты пагорак, ублыталіся ў нейкую сухую ломкую траву. Чалавек гукнуў зусім непадалёку, злева. Яны павярнулі ўлева, Ядрэйка ступіў нагою ў мурашнік і ледзьве не ўпаў. Рыбалоў ціхенька вылаяўся, пачаў калаціць, трэсці нагою, каб скінуць з цела мурашак, бо адна паспела ўжо джыгнуць за лытку.
Рагаты дуб устаў у змроку перад імі. Пярун калісьці ляснуў у яго, абсмаліў з макаўкі да карэння. Чалавек быў прыкручаны бічоўкамі да дуба якраз там, дзе разыходзіліся ў розныя бакі дзве палавінкі расшчэпленага маланкай дрэва.
— I я так вісеў, — чамусьці ўзрадаваўся Ядрэйка. — I Хрыстос так вісеў на крыжы. Зараз мы цябе, добрая душа, здымем адтуль.
Паклікалі на дапамогу дружыннікаў. Чалавек знясілеў, пэўна, не першы дзень глядзеў са сваёй вышыні на лес і на раку. Яго панеслі да вогнішча, паклалі на мядзведжую шкуру. Белавалод з карчажкі даў яму вады. Чалавек з хрыпеннем і стогнам пачаў піць.
— I я так вісеў, — зноў быў пачаў сваё Ядрэйка і раптам крыкнуў: — Дык гэта ж Іван Вогненная Рука!
Усе ўздрыгнулі. Гняздзіла падкінуў у агонь сушняку, каб пасвятлела. Усе збіліся ў кучу, нахіліліся над чалавекам, узіраючыся ў шэры змучаны твар.
— Ён, — прашаптаў Гняздзіла, — Вогненная Рука.
Раман з вялікай цікавасцю глядзеў на таго, чыё імя палохала людзей на берагах Свіслачы і Бярозы. Маленькі і мізэрны чалавек ляжаў і стагнаў на мядзведжай шкуры, ускрыкваў, трызнячы.
— Трэба занесці яго назад на дуб, — прапанаваў Ядрэйка. — Хай вісіць там, як жолуд.
— Навошта несці? — не згадзіўся Гняздзіла. — Адсячом галаву, як гадзюцы, і канец. Ён узяўся за меч.
— Але ж ён зусім аслабеў, без памяці, — сказаў Белавалод. — Хіба можна караць такога?
— Нельга, — адразу згадзіўся Ядрэйка і прысеў на кукішкі каля Вогненнай Рукі. — Трапіў і ты да мяне, Іван, на кручок. Казаў я табе: не чапай Ядрэйку. Не паслухаўся, зачапіў, кадук цябе бяры. Але як жа ты на дубе завіс? Хто цябе туды гэтак высока ўзвалок? Няўжо сам, як птушка, узляцеў?
Читать дальше