— Апамятайся, Белавалод, — спалохаўся Ядрэйка. — Які з цябе вой? У першай сечы галаву згубіш, а галава ў чалавека адна.
Белавалод паклаў далонь на камень, на якім стаяў полацкі вой, і гэта азначала, што ён клянецца ў вернасці Раману, пойдзе з яго дружынаю. Ядрэйка борзда пабег дахаты, каб паклікаць на дапамогу жонку. Прыкацілася кругленькая Ядрэйчыха і разам з ёю дзеці. Гвалт усчаўся, віск. Ужо Ядрэйчыха ўгаворвала Белавалода, а сам Ядрэйка моўчкі стаяў збоку, жываток пагладжваў.
— Хто з канём, хто пешкі, збірайцеся, як сонца ўзыдзе, каля касцерні! — выгукнуў вой. — Ваявода Раман з вамі заўтра гаварыць будзе.
Да глыбокай ночы адгаворвала Ядрэйчыха Белавалода, але залатар сказаў ёй:
— Дзякуй, Настуля, за ласку тваю, за хлеб-соль, ды ўсё-ткі пайду я з дружынаю.
— А ты чаго сядзіш рот замазаўшы? — накінулася Ядрэйчыха на мужа.
— Я магу і легчы, — раздумліва прамовіў Ядрэйка. — Вялікі ад цябе, баба, гром, вялікі...
Ён узняўся з лавы, падышоў да акенца, зірнуў у яго. Ноч камянела на дварэ.
— I я не з голым жыватом, — ціха сказаў Ядрэйка. — Пайду і я.
— Куды пойдзеш? — не зразумела Настуля.
— У дружыну. Да ваяводы Рамана. Жонка на нейкі час анямела.
— Пайду і я, — ужо бадзёра казаў Ядрэйка. — У нашай радні я сама лепей з лука б'ю! Ого-го, як я б'ю!
Ён страсянуў маленькім цвёрдым кулачком.
— Сшалеў, — выдыхнула нарэшце жонка і загаласіла.
— Чаго ты равеш? — весела паляпаў яе па спіне Ядрэйка. — Лічы, што я на яцвяжскія азёры ў рыбу пайшоў. Далёка ад азёраў яцвяжскіх. Хлеб, гарох і мяса ў вас ёсць. Сядзіце і чакайце мяне. Ды перастань румзаць. Кожны сваё месца павінен ведаць. А месца ў нас такое: мужчына і сабака на двары, жанчына і кошка ў хаце.
Настуля слухала яго і плакала.
— От макравокая, — нязлосна вылаяўся Ядрэйка. — Адразу відно, што рыбакова жонка. Ну, не плач, Настулечка, не гшач. Я табе з дружыны, з паходу залаты і срэбны бранзалет прывязу.
— Спруцяней ты са сваімі бранзалетамі, — пачала хустачкаю выціраць слёзы жонка. — Навошта я пайшла за такога адарвірога? Пра дзяцей ты падумаў?
Але ў яе словах, у яе голасе ўжо чуліся лагода і пакора. Не першы год жыла яна з Ядрэйкам і добра ведала неспакойны нораў свайго мужа. Колькі разоў чакала яна яго з далёкай дарогі і прывыкла да такога пастаяннага чакання, як прывыкаюць да чорнай навальнічнай хмары.
Дзеці яшчэ спалі, калі Белавалод і Ядрэйка, развітаўшыся з Настуляй, рушылі да касцерні. Ядрэйка пацалаваў дзяцей, пацалаваў жонку, сказаў ёй:
— Ты ведаеш, дзе закапаны гаршчэчак з грыўнямі. Як будзе нявыкрутка, дастань з зямлі гаршчэчак. А я да Пакроваў вярнуся.
Ля касцерні сабралася чалавек пяцьдзесят мянян, усё болей маладзенькія хлопцы, народ шумны, гарачы, які яшчэ ні разу не пакаштаваў сапраўднай сечы. Гэта былі сыны рукадзельных людзей і купцоў, баярскія дзеці. Ядрэйка між імі быў самы старэйшы.
Сонца зайграла на ўсходзе, раззалаціла зарэчныя пушчы. Вецер то лётаў пад аблокамі, то бегаў па хмызняках і вострай балотнай асацэ. У Менску брахалі сабакі, бэкалі авечкі. Пахла цёплым гаркавым дымам. Нехта, махнуўшы рукою на паходы і на сечы, кляпаў лугавую касу.
— Ваявода едзе, — раптам загаварылі ўсе і павярнулі галовы ў бок Свіслачы. Раман ехаў на кані ў суправаджэнні трох дружыннікаў. Ён надзеў баявы шлем-місюрку з кальчужнай сеткаю, апрануў лускаваты панцыр са стальных пласцін, якія былі прымацаваны да скураной кашулі. Панцыр закрываў ваяводу да сцёгнаў. На нагах у Рамана былі зялёныя мяккія боты з ласінай скуры без абцасаў. У правай руцэ ваявода трымаў доўгае бранябойнае кап'ё, у левай — круглы чырвоны шчыт з пукатаю паверхняю. Такі шчыт цяжка ўзяць варожаму мячу.
Раман цвёрдай рукою спыніў каня, гучным голасам загаварыў:
— Радасна бачыць вас, адважныя дзеці горада Менска, сыны Полацкай зямлі! Вы адгукнуліся на мой кліч, вы прыйшлі да мяне, пакінуўшы свае сем'і, сваіх бацькоў, жонак і каханак. Вы не збаяліся змяніць хатняе цяпло на холад невядомай дарогі, цішыню на грукат сечы, пяшчоту прыгожай жанчыны на ўдар варожай стралы. Дзякуй вам за гэта!
Ён нізка пакланіўся, потым шырока махнуў цяжкім кап'ём:
— У невясёлым месцы сабраў я вас.
Пры гэтых словах усе паглядзелі на касцерню. Дзюбастая чорная варона сядзела на самым верхнім бервяне.
— Тут ляжаць людскія косці, — прыцішыў голас Раман. — Косці нашых дзядоў. Калісьці магутнай сілаю поўніліся яны. Сёння яны — тлен, прах. Мы таксама з касцей, з жылаў, з гарачай крыві. Запомніце: усё на зямлі смяротнае. Памруць яшчэ ненароджаныя. Адплыве ў нябыт пакаленне за пакаленнем, як адплываюць хмары за далёкі небасхіл. Толькі любоў да маці і роднай зямлі несмяротныя. Запомніце гэта! Я павяду вас па нялёгкай і няроўнай дарозе. Я не ведаю, што чакае нас наперадзе. Аб гэтым ведае адзін Бог. Але я спадзяюся на свой і на ваш меч, на сваё і на ваша плячо, на войскіх коней, на вятрылы лоддзяў, якія панясуць нас удалячынь.
Читать дальше